Выбрать главу

Узрадавала, што «дзед» згадзіўся, каб заданне даў яму Андрэй. Але калі? Хацелася атрымаць яго неадкладна. Увогуле, ідучы сюды, ён зусім інакш уяўляў сваю сустрэчу з кіраўнікамі падполля. Здавалася, адразу будуць каманды, як у баявым штабе. А пакуль што ідуць развагі, нават спрэчкі. Да яго як бы прыглядваюцца. А што да яго прыглядвацца? Ён увесь, душой і целам, у барацьбе. Ён мог бы працягваць яе адзін, але ведае, што сіла — у арганізацыі, таму і шукаў настойліва сувязі з арганізацыяй.

— Саша, бярыце хлеб, не саромейцеся.

— Дзякуй. Я не галодны.

— Яго гаспадыня блінамі корміць з верашчакай. — Андрэй засмяяўся. — Дранікі яе на ўвесь рынак пахлі. Я дагэтуль сню тыя дранікі. Ажно слінкі цякуць.

Яніна Восіпаўна бліснула залатым зубам, глянуўшы на Андрэя закахана і з жартаўлівым дакорам.

— Не нюхай чужыя каструлі.

— Дык на рынку ж! Не на кухні. Слухайце, каб вы пабачылі, як яна ўмее таргавацца. Клас. Грошай не шкада заплаціць, каб паглядзець на такое.

Алесю зрабілася сорамна за Вольгу і за сябе. Магчыма, ён пачырванеў, збянтэжыўся ці яшчэ як выдаў свае пачуцці, бо гаспадыня пранікліва паглядзела на яго і раптам спытала:

— Слухайце, Саша, можам мы Вольгу далучыць да нашай справы?

— Нам во як, — разануў далоняй па шыі Андрэй, — патрэбны такі чалавек. Якая сувязная! I ўнутры горада. І для сувязі з партызанамі. Яе ўся паліцыя ведае.

— Верыш ёй? — не адводзячы вачэй, ва ўпор, перайшоўшы на «ты», спытала Яніна Восіпаўна.

Алесь збянтэжыўся і перавёў позірк на Лену. Аднак Лена на яго не глядзела. Лена глядзела ў кубак.

— Можаш паручыцца? — спытаў Андрэй.

Хлопца ўдарыла ў пот. Ён гатовы быў да любых, самых цяжкіх выпрабаванняў, але пра такое не падумаў нават, а між тым якое яно нялёгкае, гэтае выпрабаванне. Не паручыцца за чалавека, які ратаваў табе жыццё, якому ты даверыў найвялікшую тайну? А як паручыцца, калі чалавек гэты жыве зусім іншым, калі нават пра разгром фашыстаў пад Масквой Вольга паведаміла як бы між іншым, без той радасці, якая выбухнула ў ім. Не, не было ў яго ўпэўненасці, што Вольга гатовая да свядомай барацьбы, гатовая ахвяраваць жыццём, як гатовы ён.

— А ты, Лена? Ты можаш паручыцца? — рашуча і нецярплі-ва наступаў Андрэй.

Лена ўзняла галаву і, нядобра бліснуўшы вачамі, сурова сказала: — Я? Не, я не магу!

Кулачка! Жыве толькі для сваёй выгоды.

Андрэй рэзка падняўся, кажушок споўз з плеч, ён падхапіў яго і шыбнуў на ложак, ступіў да акна, зірнуў у яго. Павярнуўся. Сказаў прыглушана, але раздражнёна:

— Эх, вы! Адзін спіць з жанчынай…

Алеся як варам абдало, ён пачырванеў, што рак.

— Андрэй, выбірай словы, — на бледных шчоках Яніны Восіпаўны выступілі чырвоныя плямы.

— Не хачу я выбіраць словы. Напляваць мне на вашы інтэлігенцкія далікатнасці! Другая ў школе вучылася, сябравала… I не бачыце чалавека?! Ну, чорт з вамі! Я паручаюся за яе! Галавой!

— Не кідайся, Андрэй, галавой! Яна ў цябе адна.

— Ды вы ведаеце, якая гэта баба!

— Во іменна таму, што баба, не спяшайся, правер спакойна, — разважліва параіў Павел Восіпавіч, які чамусьці да гэтай спрэчкі праявіў менш цікавасці, чым да ўсяго іншага. — Такая сувязная будзе ведаць больш, чым любы з нас.

— Можна, я пагавару з ёй? — сагнаўшы трохі чырвань з твару, нясмела спытаў Алесь.

— Не, дрэнны ты агітатар, паэт. Лепш я сам пагавару, — ужо больш лагодна сказаў Андрэй.

VIII

Алесь не вярнуўся дадому. Выйшаў пасля абеду, сказаў, што пойдзе прагуляцца, і да паўночы няма. Вольга разумела, што чакае дарэмна: у такі час без начнога пропуска ён не прыйдзе ўжо. Але ад трывогі, страху, прадчування бяды яна не толькі не магла спаць, але і ляжаць у ложку: як здань, у начной сарочцы блукала па доме, ступаючы босымі нагамі па халоднай падлозе, не адчуваючы холаду, палохаючыся ценяў на двары і ў доме, чаго раней ніколі з ёй не было.

За вокнамі месячная марозная ноч. Ад марозу трэскаюцца дрэвы. Адзінокі стрэл прагучаў недзе, можа, на Нямізе, а здалося — побач, на іх вуліцы. I свіст паравозаў ніколі не быў такі блізкі, быццам чыгунка падышла да Камароўкі.

Аканіцы не зачыненыя, і Вольга заглядвала то ў адно, то ў другое акно. Не зачыняць аканіцы папрасіў Алесь, даўно яшчэ: яго прыгнятала цемра.

Вольга ўспамінала ўсё, што звязана з ім — кожны рух, кожнае слова, кожнае жаданне яго. Што ён сказаў, калі адыходзіў? Якія апошнія словы яго былі? Жахнулася, злавіўшы сябе на тым, што думае як пра нябожчыка. Не, не! Ён жывы! Можа, упершыню яна адчула на поўную сілу, які дарагі стаў для яе гэты хваравіты хлапчына, як моцна яна кахае яго. Нічога яна не баіцца, нічога ёй не сорамна. Сказала Бароўскім, што ўсё было. Скажа ўсяму свету, няхай толькі ён вернецца. Але што з таго, што скажаш пра сваё каханне? Што зменіцца? Усё адно яго не ўтрымаеш. Не, не тое слова — не ўтрымаеш. Не ўсцеражэш! Яна ўвайшла ў яго пакой і з душэўным трапятаннем, з думкай, што ён так любіў іх, узяла ў рукі адну кнігу, другую… Гартала пры святле месячыка. Голас яго гучаў з кніг.