Выбрать главу
Ах, калі б ты магла здагадацца, Як не хочацца мне ухадзіць.

З якой гэта кнігі? Не, тэта не з кнігі. Гэта чытаў ён на памяць. Многа разоў. А яшчэ чытаў…

Разгарайся хугчэй, мой агонь, між імглы, — Хай цябе шум вятроў не пужае: Пагашаюць яны аганёчак малы, А вялікі — крапчэй раздуваюць.

А гэта яна знайшла сама — у Блока:

Я сам свою жизнь сотворю И сам свою жизнь погублю. Я буду смотреть на Зарю Лишь с теми, кого полюблю.

Часта паўтарала гэтыя радкі сама сабе, у сваіх паходах. Але ні разу не прачытала яму: прымхліва баялася, што гэта… пра яго. I пра яе.

Перамену ў Алесевым настроі пасля яго выхаду ў горад у завейны дзень яна адчула адразу. Не доўга ён гуляў, гадзіны тры ўсяго, а вярнуўся — як абноўлены. Стоеная радасць прасвечвалася ў вачах, у кожным слове, у тым, як ён размаўляў з ёй, як гуляў са Светкай і якія вершы чытаў.

Вольга здагадалася, ад чаго ён такі: знайшоў сваіх, звязаўся з імі, іншай прычыны для такога настрою ў гэтага чалавека быць не магло. I яе апанаваў страх. Але страх быў інакшы, чым той, які перажыла, калі забірала яго з лагера, калі ў іх доме рабілі вобыск, і нават той нядаўні, калі, калоцячыся, ён прызнаўся, што забіў немца. Тады яна спалохалася больш за сябе. Цяпер баялася за яго, бо раптам зразумела, што спыніць хлопца не мае сілы, што імкненне яго змагацца мацней за яе чары, пяшчоты, цеплыню, дабрабыт, за ўсё, што па яе ўяўленні магло б спакусіць любога чалавека.

Ажно, выходзіць, ёсць нешта больш моцнае за сытны харч, за цёплую пасцель. Яе захапляла, што ён такі, не падобны на ўсіх людзей, якіх яна ведала дагэтуль.

Яна разумела, што такое абавязак, і ніколі, напрыклад, не параіла б мужу зрабіцца дэзерцірам, усе ідуць у войска, усе ваююць — і ты ідзі ваюй. Але там іншая рэч, там прымушае закон, і дэзерцірства — здрада, за гэта сурова пакараюць. «А ты, — думала яна пра Алеся, — ты ж нікому не здрадзіў, не па сваёй віне ты трапіў у палон. Дык навошта ж табе, гэтак напакутаваўшыся, ісці аднаму на такую сілу? Паглядзі, колькі іх, паліцаяў! Гэта ж ісці на верную смерць». Не, так яна думала раней, і не толькі думала — колькі разоў спрабавала даказваць яму. Часам ён горача спрачаўся, часам ухіляўся ад такой размовы, але чытаў ён вершы, то з кніг, то на памяць, з якіх, калі ўдумацца, вынікала яго праўда, выходзіла, што пра яе праўду ніхто ніколі не пісаў — ні Пушкін, ні Купала. Яна палюбіла Блока; употай часта чытала яго, бо здавалася, што ў туманных, не вельмі зразумелых радках ёсць яе праўда:

Как у тебя хорошо и светло — Там, за стеною, темно… Дай пошалим, постучимся в стекло, Дай-ка — забьемся в окно!

Але ён любіў і гэта. I разумеў па-свойму.

Не, пасля той перамены, якую ўбачыла ў ім яна, ужо і не намервалася адгаворваць яго, ушчуваць, упрошваць, добра ведала, што ўсе яе словы будуць дарэмныя. Ёй проста захацелася зразумець яго, глыбей заглянуць у душу. Чаму ён за нейкія тры гадзіны раптам стаў такі…

— Які? — засмяяўся ён на яе запытанне.

— Як… пасля прычасція.

— Вольга, ты начыталася Блока, — і, абняўшы, горача пацалаваў яе ў вусны, пацвердзіўшы яшчэ і гэтым, што ён узрадаваны, узбуджаны.

— Ты не хочаш мне нічога сказаць?

— Што сказаць?

— Дзе ты быў? З кім страчаўся?

— Ці не думаеш ты, што я з дзяўчынай страчаўся? Можа, думаеш, што з Ленай? — Сваю рэўнасць да Лены яна ўжо выказвала яму.

— Не, не думаю. Ад стрэч з Ленай ты не рабіўся такі.

— Ды які? Я проста хораша пагуляў. Люблю завею. I фашысты не сапсавалі мне настрой. Пахаваліся ў норы ад завеі.

— Ты не верыш мне?

— Волька, я нічога ад цябе не ўтойваю.

— Пакляніся.

— На чым? На Бібліі, якую ты чытаеш? — іранічна хмыкнуў ён: разам з іншымі кнігамі — для яго — яна купіла на барахолцы Біблію. Вольга пакрыўдзілася.

…Абнімаючы падушку, якая, здавалася, яшчэ захоўвала яго жывую цеплыню, яго пахі, Вольга кляла сябе за халодную ветлівасць сваю. Як яна магла абыходзіцца з ім так у той час, калі чалавек, магчыма, рыхтаваўся да смерці? Ад таго і прасветлены такі быў, сапраўды, як пасля прычасця.