Вольга кінулася да старой, схапіла яе за плечы, трасянула:
— Цётачка! Скажы — ён там?
— Ды не, любачка мая, не. Ніхто не ведае, ніхто не бачыў. Ды і чаго ён там апынецца? Што ён зрабіў? Хварэў жа, — хоць Вольга нічога не сказала, здаецца, і руху ніякага не зрабіла, але Марыля пачала тут жа адгаворваць: — Волечка, не хадзі туды… Не трэба табе. Лепш я, старая, схаджу. Было ж ужо так увосень, павесілі траіх на Чэрвеньскім, а сястра прыйшла, пазнала брата, загаласіла, і яны, гады, схапілі яе… хоць ні ў чым яна не вінаватая… А хто вінаваты?
Не, не пайсці Вольга не магла, як ні пераконвала яе старая жанчына. Пераканала, што не можа там быць яе каханага. Нават страх адхлынуў, той, першы, балючы, і сэрца вярнулася на сваё месца. Але не магла яна не паглядзець на павешаных! Не ад страху, што ён там. I не ад абывацельскай цікаўнасці, якая магла з’явіцца раней. Не, цяпер было нешта іншае, як бы ўступленне ў новае жыццё, жаданне сустрэцца тварам у твар з той небяспекай, якая будзе сцерагчы яе ў гэтым новым жыцці кожны дзень, кожную гадзіну. Бачыла смерць бацькі, разрэзанага трамваем, ціхую смерць маці ў гародзе, смерць людзей ад бамбёжкі, смерць старога яўрэя, якому немец выстраліў у горла, трупы людзей за лагерным дротам. Якая ж яна, смерць тых, хто не мог скарыцца перад чужынцамі гэтак жа, як не скарыўся ён, гэты хлапчына? Не так даўно яна яшчэ спадзявалася, што пераможа яе праўда, што пяшчотамі сваімі і дабрабытам яна прымусіць хлопца скарыцца не ворагу — ёй, адной ёй і жыць так, як жыве яна. Спадзяванні пахіснуліся, калі Алесь застрэліў немца. Цяпер, калі хлопец немаведама куды сышоў, яны зніклі зусім. Вось чаму ёй трэба рыхтавацца да новага жыцця. I ўсё ўбачыць сваімі вачамі.
Калі Вольга, апранутая ўжо, пацалавала дачку, Марыля папярэдзіла:
— Не забывайся пра Светку. З кім яна застанецца?
Думка пра дачку вымушала быць асцярожнай. Усё адно па сваіх камароўскіх напаўпустых вуліцах Волька амаль бегла, задыхаючыся. Моцны мароз раздзіраў грудзі, ён як бы згусціў паветра, і яно не ўдыхалася ці, можа, наадварот, не выдыхалася; змерзлае, калючымі іголкамі калола лёгкія, горла.
Але па Савецкай, нягледзячы на холад, народу ішло не мала, і кожны другі — у зялёным, мышастым ці чорным шынялі. Вольга пайшла павольней, хоць наўрад ці трэба была такая перасцярога, бо мароз гнаў усіх уперад. Немцы прытанцоўвалі, стукалі намёрзлымі ботамі, церлі вушы, ад гэтага здаваліся вясёлымі, узбуджанымі.
Вольга звярнула ўвагу, што ўсе ідуць толькі па правым тратуары, левы быў пусты. Адразу здагадалася — чаму. I зноў зрабілася жудасна. А калі ён там? Не ведала, як яна будзе паводзіць сябе, што падкажа сэрца, якое так баліць, не спадзявалася на сябе, таму зноў думала пра дачку, толькі Светка, маленькая галіначка гэтая, можа ўтрымаць яе ад неразумнага ўчынку. Але што разумнае, а што неразумнае? Зусім нядаўна яшчэ Вольга добра ведала гэта, ва ўсякім разе, не сумнявалася, што ўсё, што робіць яна, Ляновічыха, усё гэта самае разумнае. А цяпер усё пераблыталася. Ён, Саша, усё пераблытаў у яе галаве. I — дзіўна — яна не злуе на яго, яна, бадай, удзячная, што ён так перавярнуў усе яе думкі.
Узнімалася на гару — ад Пралетарскай да сквера — як у страшным сне, калі сніш, што лезеш угору па крутой і бясконцай лесвіцы і ў цябе няма ўжо сілы, здранцвелі ногі і рукі, спыняецца смяртэльна стомленае сэрца.
Не дайшоўшы да кінатэатра, яна ўбачыла павешаных — і ў адзін позірк, вачамі і сэрцам, угледзела, адчула, што яго няма сярод шасцярых… Адразу адхлынуў страх, але тут жа пракацілася новая хваля — нянавісць да катаў; такое нянавісці яна яшчэ не перажывала. Праклінала немцаў, што пачалі вайну, што рабуюць людзей, але паколькі ёй асабіста вайна пакуль што няшчасця не прынесла, то праклінала яна, бадай, паблажліва, каб дагадзіць Алесю і быць з народам (усе суседзі, знаёмыя лаялі акупантаў), а не з паліцаямі, якія хвалілі новую ўладу. Не баялася часам і пры знаёмых паліцаях «праехацца» па іх гаспадарах: і няхай знаюць, што думае народ.
У той жа міг, як убачыла павешаных, з’явілася зусім іншае пачуццё, ва ўсякім разе, толькі там яна раптам зразумела, што ж такое Сашава нянавісць, чаму ён так ірвецца помсціць. У ногі, рукі, якія дагэтуль былі як чужыя, вярнулася сіла, у яе з’явілася адчайнасць, такая ж, якая была ў першыя дні вайны, калі яна пад бомбамі цягала дабро, але цяперашняя адчайнасць скіраваная была зусім на іншае.
Вольга пайшла шпарка, упэўнена, потым спынілася напроціў павешаных. Ніхто з цывільных не спыняўся, людзі баяліся нават глянуць у той бок, глядзелі толькі немцы і гучна абмяркоўвалі падзею, ухваляючы, безумоўна, пакаранне бандытаў.