Яны віселі ў кутку сквера, ля самай Савецкай вуліцы, на першых дрэвах — на перакладзінах, прыбітых да старых ліп. Пяцёра мужчын і адна жанчына. Перад карай з іх знялі пінжакі, верхнія сарочкі, кофтачку, і яны былі ў аднолькавых сподніх кашулях, босыя.
Сквер стаяў у густым інеі, таму дрэвы здаваліся ненатуральнымі, тэатральна прыгожымі. А з тых ліп, на якіх павесілі падпольшчыкаў, іней абцерусіўся, і дрэвы гэтыя стаялі жалобна-чорныя на белым фоне, журботна-жывыя.
Іней асыпаў павешаным галовы, асеў на іх тварах, руках і нагах; калі астывала ў целе цеплыня, асядаў іней. Застылыя твары іх — як злепленыя з гіпсу і здалёк падобныя адзін на аднаго. А Вользе захацелася глянуць у іх твары зблізку, каб убачыць, якія яны розныя, запомніць, можа, нават пазнаць некага — у памяці яе безліч абліччаў мінчан, якім яна некалі нешта прадавала. Яна смела і рашуча пайшла праз вуліцу на той бязлюдны каля сквера тратуар. Спынілася за якія пяць крокаў ад павешаных і пільна ўзіралася ў іх твары. Не, яны розныя, відно і пад інеем: адзін зусім юнак, дзіця, у другога, відаць, пасля арышту адрасла кароткая, але густая барада, і ва ўсіх на тварах, на шыях, грудзях віднеліся крывавыя сінякі.
Вольга ўявіла, як іх катавалі, і не жахнулася, як здаралася гэта раней, калі яна ўяўляла, як могуць катаваць яе, Алеся. Усё тая ж хваля нянавісці ў грудзях узнімалася ўсё вышэй і вышэй, аглушаючы, заліваючы вочы, туманячы розум.
Невядома, што жанчына зрабіла б, калі, як і куды адышлася б ад ахвяр, каб не паліцаі. Адзін з іх з’явіўся адразу ж, Вольга нават не ўгледзела, адкуль выйшаў, як з-пад зямлі. Убачыла перад сабой яго морду з брыдкай ухмылкай і ад нечаканасці і нянавісці чуць не закрычала, не кінулася на гэтага вырадка, які можа так пагана ўхмыляцца тут, каля нябожчыкаў. «Паважай хоць смерць, паскуда!» — ледзь не вырвалася ў яе.
— Ну, хто тут вісіць? — выскаліўся паліцай. — Брат? Муж? Сусед? Знаёмы?
— Ніхто. Проста людзі.
— Людзі?! Бандыты! А хто ці ніхто — гэта мы праверым. Хведзя!
Па пустым тратуары павольна ішоў другі бобік. Вольга пазнала яго — знаёмы Друцька, вядро гарэлкі ў яе выпіў. Паліцай таксама пазнаў яе, здзівіўся:
— Вольга? Які чорт прынёс цябе? — А хіба нельга паглядзець?
— Знайшла тэатр! — звярнуўся Друцька да свайго калегі, тлумачачы: — Гэта наша, Ляновічыха з Камароўкі. Чуў? Чортава баба! Пайшла прэч адгэтуль, пакуль з СД не ўбачылі. Дурная! Вецер у цябе ў галаве.
Узяў яе за рукаў і павёў цераз вуліцу назад на той тратуар, па якім ішлі людзі.
— Завошта іх? — спытала Вольга.
— Склад з гаручым узарвалі.
— Ого! Смелыя.
— Вар’яты, а не смелыя! — узлаваўся Друцька. — Лезуць з голымі рукамі на такую сілішчу! Усе будуць вось так вісець! Усіх перавешаем!
— Ты іх вешаў?
— Не. Немцы нам не давяраюць.
— А каб даверылі, павесіў бы? Друцька злосна мацкжнуўся.
— Пайшла ты! Прынесла б лепш чакушку, усе вантробы замерзлі, дзве гадзіны дзяжуру, — і, спалохана азірнуўшыся, бо насустрач прайшло трое немцаў, шэптам спытаў: — Думаеш, яны мяне не павесілі б, сталінцы гэтыя, камсамольцы?
— Яны? — Вольга на міг задумалася. Але Друцька як бы спалохаўся яе адказу — лёгка піхнуў у плячо, а сам хутка закрочыў назад, на свой страшны пост. А Вольга раптам адчула, што яе хістае ў бакі, як п’яную.
А потым была яшчэ адна пакутлівая ноч. Якія толькі жахі не лезлі ў галаву! Заснула на хвілінку — сасніла павешаных. Самае жахлівае ў гэтым сне, што замест паліцая на варце каля нябожчыкаў стаяў ён, Алесь, у адной сподняй бялізне; яна бачыла, як ён замярзае, як жывое цела яго ператвараецца ў белы халодны гіпс, але не магла скрануцца з месца, каб уратаваць яго, бо побач стаяў Друцька і шаптаў на вуха: «Пойдзеш — будзе смерць тваёй дачцэ».
На трэці дзень, змучаная невядомасцю, надумала папрасіць таго ж Друцьку, каб навёў даведкі, ці няма яе стрыечнага брата сярод арыштаваных, немцы ж хапаюць людзей без разбору, на вуліцы, на рынку, могуць пасадзіць невінаватага. Але, ведаючы, да чаго рваўся Алесь і што зрабіў ужо, стрымалася ад такога намеру: лепш бобікам не ўводзіць у вушы, што яна баіцца за хлопца, а то падумаюць, што, значыцца, ёсць з-за чаго баяцца, і пачнуць вынюхваць, як сабакі. Лепш, каб да яе дома не было падазронасці, тады і Алесь будзе ў большай бяспецы.
I зноў пакутавала ў адзіноце. Ведала, што каб пайшла на рынак, гандлявала, то было б лягчэй чакаць яго. Але менавіта праз тое, што чакала вельмі нецярпліва і верыла, што ён вернецца, не магла адлучыцца з дому нават на кароткі час. Не хацела, каб пасля ўсяго, што ён перажыве за гэтыя дні, — не ў цяпле сядзіць, не блінцы есць у другой маладзіцы! — яго сустрэла старая Марыля, а не сама яна.