Выбрать главу

Апоўдні роспач гарачая, з роем думак, імклівых, супярэчлівых, страшных, неверагодных, з жаданнем дзейнічаць, шукаць змянілася роспаччу халоднай, калі наступае душэўнае здранцвенне, амаль поўная бяздумнасць. Малая адчула такі матчын настрой і пачала капрызнічаць, плакаць. Вольга нашлёпала яе і сама спалохалася сваёй злосці, нагаласілася па-бабску, як галосяць па нябожчыку. Паўтарагадовая Светка так уразілася, што перастала плакаць, пачала па-свойму, па-дзіцячаму суцяшаць маці і разжалобіла яшчэ больш.

I такою яе захапіў нечаканы госць — той Яўсей, у якога Вольга купіла кажушок і які забіраў прыёмнік. З’яўленне яго спачатку здзівіла і спалохала. Калі ён увайшоў, Вольга якую хвіліну глядзела на яго як на прывід. Кажушка таго, які яна вярнула, на ім не было, хвацкія вусы паголены, старое лёгкае доўгае паліто, клятчастае, такія з’явіліся з Польшчы, калі вызвалілі Заходнюю Беларусь, польская шапка з казырком і кароткімі вушамі, адкпадзенымі, моцна змянілі выгляд чалавека. Але Вольга пазнала яго адразу. А ён як бы не ўбачыў, што гаспадыня не ў гуморы, што ў яе заплаканыя вочы. А можа, праўда, з вуліцы, дзе быў моцны мароз і на сонцы іскрыўся снег, сляпіў, чалавек у хаце пэўны час дрэнна бачыў; іней на брывах і вейках, растаючы ў цеплыні, мог затуманіць вочы. Яўсей весела спытаў:

— Не пазнаеш, прыгажуня?

— Хіба такога гжэчнага пана можна не пазнаць?

Здзівілася, чаму яе раптоўна пацягнула на гуллівую размову, відаць, такі ўжо гэта чалавек і такія былі іх сустрэчы, што інакш з ім гаварыць немагчыма нават і ў такім настроі.

Яўсей рагатнуў не надта весела:

— О, гэта ўжо амаль камплімент. Аднак мала я змяніўся, выходзіць?

Убачыў у зале люстраную шафу, ступіў да яе, каб паглядзецца.

— Ды не, змяніўся моцна, — заспакоіла Вольга, — але такога пана можна пазнаць і аблупленага.

Цяпер ён засмяяўся весела:

— Сапраўдныя паны за такія кампліменыі цалавалі б пані ручку.

— Дык то ж сапраўдныя!

— Але, я пан не сапраўдны. Ведаеш, чаму я прыйшоў? Па абяцаныя дранікі. Увесь час з таго дня чую, як яны пахнуць, дранікі твае.

Вольга ўзрадавалася, што чалавек так шчыра і проста папрасіў есці. Не, не гэта ўзрадавала — тое, што ён намераны затрымацца надоўга, з ім можна пагаварыць, у яго, як і ў Лены, можна спытаць пра Алеся.

Як бы баючыся, што ён перадумае, кінулася на кухню, пачала абіраць бульбу. Настрой уміг змяніўся, зноў яна была сама сабой, той Ляновічыхай, увішнасць якой здзіўляла і захапляла ўсю Камароўку.

Малая адчула змену ў матчыным настроі і таксама павесялела, не капрызнічала, гуляла з бульбай і бясконца лапатала на сваёй дзіцячай мове, як бы просячы прабачэння за нядаўнюю капрызнасць.

Вольга выглянула з кухні — як госць? I застыла, уражаная. Весялун, балака, сядзеў на канапе, панурыўшы галаву, у паставе смяртэльна стомленага чалавека; глыбокі смутак і душэўны боль застылі на яго твары. Нават не пачуў і не ўбачыў, што гаспадыня падглядвае за ім з-за плюшавай шторы на дзвярах кухні. А Вольгу зноў ударыў страх: «Можа, прыйшоў, каб сказаць ёй… Не! Не!» — закрычала не яна — сэрца яе, розум, яны не маглі пагадзіцца з думкай пра смерць таго, каго так чакала.

Госць пачуў, што яна пачала драць бульбу, і прыйшоў на кухню, здзівіўся:

— Ты праўда гатуеш дранікі? Я пажартаваў. У мяне няма часу. Хоць з’есці штось трэба. Сіла трэба.

— Гэта хутка. На прымусе.

— У цябе ёсць керасін?

— У мяне ёсць усё, — па-ляновіцку пахвалілася Вольга.

— Ого! — Ён зноў засмяяўся, нібы жаніх, які прыйшоў сватацца і даведаўся, што нявеста значна багацейшая, чым ён уяўляў.

Сеў на нізкі табурэцік і пачаў з бульбіны выразаць малой ляльку — смешнага чалавечка. Калі ж на скавародцы засквірчэлі на свіным тлушчы першыя дранікі і паплылі апетытныя пахі, госць вінавата прызнаўся:

— Пайду пасяджу на канапе, а то, баюся, упаду, галава кружыцца: два дні нічога не еў.

— О, Божачка мой! — жахнулася Вольга. — Якая ж я дурная. Сядайце за стол адразу, я ў адзін момант усё падам, — замітусілася яна. — Гарэлкі вып’еце?

— Не, нельга мне.

Ён еў многа, але не па-галоднаму, не спяшаючыся, як бы саромеўся ці асцерагаўся, — не запіхваў цэлы дранік у рот, адкусваў па маленькім кавалачку і не каўтаў, а нібы чакаў, пакуль пахучая мяккасць растворыцца ў роце.

Вользе падабалася, як чалавек есць, павага да ежы падабалася. Яна стаяла ў дзвярах кухні і глядзела на яго.