Выбрать главу

Андрэй адарваўся ад спінкі крэсла, адсунуў талерку, аблакаціўся на стол, нахіліўся да Вольгі, быццам быў блізарукі і хацеў зблізку ўгледзецца ў яе вочы.

— Не думай, што я праўда прыйшоў дранікі есці. Вялікая гэта раскоша для мяне сёння. За дранікі — дзякуй. Паабедаў па-царску. Але прыйшоў я па справе. Не палохайся. Насцярожаныя якія ў цябе вочы. Акрамя вайны, нічога больш страшнага не здарылася. Мы ведаем: вы смелая жанчына, адчайна смелая. Памажыце нам, Вольга Міхайлаўна.

Вользе па душы, што ён такой думкі пра яе і што загаварыў так сур’ёзна, нават на «вы», але яна адразу здагадалася, пра што пойдзе размова, і страх з новай сілай ударыў у сэрца. Няхай бы яны гаварылі да таго, як яна пабачыла закасцянелых нябожчыкаў на шыбеніцах! А то выбралі час…

— Сувязь паміж нашымі людзьмі. Толькі сувязь. Унутры горада. Зрэдку — за горадам. Вы ж усюды ходзіце, вас ведаюць. Вам проста. Каму штось перадаць, каго папярэдзіць і гэтым, можа, уратаваць…

Вольга чула словы, як праз сцяну. Звінела ў вушах. Яна павольна падняла рукі і прыціснула далоні да вушэй.

«Няўжо не хоча нават слухаць?» — расчаравана падумаў Анд-рэй, змоўкнуўшы на паўслове.

Але Вольга не запярэчыла рашуча, яна як бы пачала прасіць літасці:

— Божа мой! Што вы са мной робіце? Спачатку ён, а потым вы… Куды вы мяне цягнеце? На шыбеніцу? У мяне дзіця… Дзіця ў мяне! З кім жа яно застанецца? Я сёння хадзіла туды… да сквера. Я іх бачыла… Схадзіце, паглядзеце… Можа, хоць гэта астудзіць вашы гарачыя галовы.

— Я быў там, калі іх вешалі. Гэта мае таварышы, — сурова і сумна сказаў Андрэй.

Вольга асеклася. Апусціла рукі. Глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі. Спытала шэптам, так гавораць, калі нябожчык у доме:

— Вы іх ведалі?

— Адзін з іх — сын маёй сястры, — вочы яго напоўніліся слязьмі.

Слёзы вясёлага чалавека, які нядаўна жартаваў, так кранулі, сціснулі сэрца, што Вольга ледзь стрымлівалася, каб не зарыдаць, каўтала спазмы ў горле. Вымавіць нічога не магла, ды каб і магла, то не ведала, што сказаць у такім выпадку. Некалі, як памерла маці, ёй спачувалі, але ад слоў рабілася цяжэй, з таго часу яна лічыла, што лепш, каб у такіх выпадках людзі маўчалі. I яна маўчала. Думала: што ж яна мусіць цяпер адказаць гэтаму чалавеку? Са здзіўленнем адчувала, што страх сапраўды, як хваля, адступае ад яе. Але гэта таксама спалохала, неяк па-новаму.

Памаўчаўшы, не ведаючы, як скончыць размову, як згадзіцца ці адмовіцца, спытала асцярожна, нясмела, няўпэўнена:

— А вернеце Сашу?

Андрэй выцер вочы і сказаў бадай сярдзіта:

— Не, не вярну я табе Сашу, — пасля дадаў лагодней: — Але зразумей: так трэба. Для справы. Для тваёй жа бяспекі.

Вольга пакрыўдзілася за яго сярдзітасць:

— То пайшлі вы к чорту, такія дабрадзеі!

Авдрэй хутка падняўся, узяў з крэсла паліто, працягнуў ёй руку, затрымаў яе халодныя пальцы ў гарачай далоні, сумна ўсміхнуўся:

— Не трэба лаяцца. Непрыемна гэта чуць з вуснаў такой жанчыны. Дзякуй. I прабачце. Але… падумайце… Вольга Міхайлаўна!

Па ціхім свойскім стуку ў шыбу Вольга пазнала, што гэта ЁН, і ажно задыхнулася ад радасці, ажно млосна сэрцу зрабілася. Але асабліва ўразіла, што і Светка пазнала, хто стукае, і закрычала радасна, паказваючы рукамі, што трэба хутчэй адчыніць.

Вольга кінулася да дзвярэй з дзіцем на руках, пасля, прыгадаўшы, што малая неадзетая, вярнулася і пасадзіла яе на канапу.

Выскачыла ў сенцы ў лёгкай кофтачцы і мінуту пастаяла перад дзвярамі, паслухала, як там, на ганку, пад ім скрыпіць настылая на марозе падлога, рыпіць не таму, што ён тупае ад холаду — не, ён стаіць нерухома, трымаецца за клямку, але падлозе перадаецца яго нецярпенне, хваляванне.

Вольга скінула са скоб два цяжкія кручкі. Хацела рыўком адчыніць дзверы і тут жа кінуцца яму на шыю. Але ў апошні міг жаночая гордасць стрымала яе.

Кінулася ў дом, бо пачула, што Светка босенькая прытупала да дзвярэй. Можа, менавіта праз тое, што яна, не сустрэўшы яго, кінулася ў дом, ён увайшоў не адразу. Гэтую хвіліну Вольга стаяла, прыціскаючы да сябе дзіця, амярцвелая ад думкі, што, пакрыўджаны, ён можа павярнуцца і пайсці зноў у ноч, у небяспеку, пайсці назаўсёды.

Не, Алесь увайшоў, бясшумна зачыніўшы там, у сенцах, дзверы. Ён вінавата ўсміхнуўся і дзіўна павітаўся:

— А вось і я. Добры вечар. — Вольга не адказала, і ён павітаўся з малой: — Добры вечар, Свецік.

Дзіця весела закрычала:

— Тыта, тыта! — і працягнула ручкі.

Алесь наблізіўся і пацалаваў яе кулачкі. Адзін і другі.

У Вольгі пырснулі слёзы: стрымліваючы сябе — не малую, яна сказала дрыжачым голасам: