— Не ідзі да яго, ён — чужы.
Алесь на хвіліну сумеўся, а потым нахіліўся так блізка, што і ў паўзмроку — лямпа вісела далёка над сталом — Вольга ўбачыла, што ў яго адрасла барада, яшчэ больш схуднеў твар, а вочы гарэлі так, быццам у яго быў жар.
— Не трэба так, Воля. Не трэба, — шэптам папрасіў ён. — Я не чужы. Каб ты ведала, што я зрабіў за гэтыя дні, то не сказала б так. Я — не чужы. Я… Я люблю цябе, Вольга. I Светку…
Тады, трымаючы дзіця на правай руцэ, Вольга абняла яго левай. Малая засмяялася і таксама абшчапіла яго за шыю дзвюма ручкамі. Гэтая дзіцячая радасць расчуліла так, што Вольга не стрымалася і зарыдала, уткнуўшыся тварам у яго плячо, у халоднае паліто, ад якога пахла вугальным шлакам, увогуле ад Алеся пахла гарэлым, быццам ён тушыў пажар.
— Я змучылася, Саша… Я змучылася…
— Ну, супакойся, калі ласка. Бачыш, я жывы, здаровы. Больш таго… Я ажыў. О, каб ты ведала, як я ажыў! Я пачуў сябе чалавекам, байцом!
— Ніколі не думала, што гэта так цяжка — чакаць цябе.
— Я ведаў, што ты чакаеш. I мне было лягчэй. Дзякуй табе.
Дзяўчынцы, мабыць, здалося, што гэта ён пакрыўдзіў маму, і малая з дзіцячай непасрэднасцю і хуткасцю змяніла радасць на гнеў і пляснула яго далонькай па шчацэ.
— Ты што гэта, задзіра? Што табе не спадабалася? — засмяяўся Алесь.
А Вольга адарвалася ад яго і пачала абсыпаць дзіцячую галоўку пацалункамі.
— Дурненькая ты мая! О, якая ты дурненькая яшчэ! Нічога ты не разумееш! Божа мой! А што я сама разумею? Чаго я раву? Як цялушка. Хто калі бачыў, каб Ляновічыха так плакала? Чаго ты стаіш, як у гасцях? Распранайся.
Яна аднесла Светку на канапу, пасадзіла там, прыкрыкнула, нібыта сурова:
— Не злазь на падлогу, Аўсючыха! Непаседа! Біць буду!
— Ва-ва-ва, — перадражніла яе малая.
Гэта рассмяшыла Алеся і таксама расчуліла да слёз, мацней, чым тады, калі дзіця абняло яго. Ніколі ён не саромеўся такіх слёз — радасці, замілавання, гонару, а цяпер засаромеўся: не хапала яшчэ і яму заплакаць следам за Вольгай. Здавалася, што цяпер ён, дыверсант, не мае права ні на якую сентыментальнасць, што чуллівасць можа расслабіць яго волю.
Алесь захацеў памыць рукі, твар, і Вольга пачала грэць на прымусе ваду, ёй здавалася, што ён павінен змыць не проста бруд — доказы сваёй небяспечнай дзейнасці, якая і страшыла і захапляла. Страхаў яна перажыла многа, а захапленне такое было пачуццём новым, нязвыклым, горка-салодкім, яно вызваляла яе з павуціны страху і ўзнімала, далучала да нечага высокага, таемнага, як свет казак, якім верыла ў маленсгве, як першае прычасце ў царкве, куды яе, малую, вадзіла маці. Капі Алесь вярнуўся, яна падумала пра Бога і паверыла ў яго існаванне мацней, чым калі-небудзь дагэтуль.
Вольга дастала са сваіх запасаў брусок мыла, даваеннага, туалетнага. Алесь скінуў сарочку, каб памыцца, і ў яе па-мацярынску сціснулася сэрца: якое худое хлапчанё! Але ў той жа час захапленне ім расло, і ад гэтага ёй рабілася па-новаму радасна і па-новаму трывожна.
Яна ліла яму на рукі, а ён плёскаў ваду на твар, на шыю, на худыя плечы і весела фыркаў. Зусім мірная ідылія: так жонка палівае мужу, калі той вяртаецца з працы. Але не пра гэта яна думала і не пра гэта сказала:
— Мне здаецца, ты вярнуўся з вельмі далёкай дарогі.
Ён застыў у нерухомасці, схілены над тазікам, з валасоў яго, якія адраслі пасля лагера, сцякала вада.
— Думаю, што я збіраюся ў дарогу.
— Куды? — спалохана. як птушка, устрапянулася яна.
— Н а чарговае заданне. А гэта вельмі далёкая дарога.
На новае пачуццё нібы пачаў наступаць стары страх. Але яна адагнала яго і парадавалася сваёй перамозе.
А пасля яна карміла яго вячэрай, выставіла на стол усё лепшае, не па часе багата, па-святочнаму, нічога не пашкадавала. Алеся бянтэжыла такая яе радасць ад таго, што ён прыйшоў дадому. Так страчаць будуць хіба франтавікоў, калі яны вернуцца з перамогай, думаў ён. Але да перамогі далёка; цяпер, калі ўступіў у актыўную барацьбу, ён гэта адчуў у большай меры, чым нават у лагеры, у поўнай безнадзейнасці там у яго, рамантыка, яшчэ была вера ў цуды.
Ведаў, што Вольгу пакрыўдзіць рашэнне, якое прыняў не ён — камандзір групы, Андрэй. Не вельмі разумеў мэтазгоднасць свайго пераходу на іншую кватэру, лічыў, што пад гэтым дахам, пад аховай не па гадах практычнай жанчыны і сам ён, і справа, якая даручана яму, будуць знаходзіцца ў большай бяспецы, чым у любым іншым месцы. Але аспрэчваць рашэнне камандзіра не адважыўся. Аднак і выканаць яго параду — не вяртацца на старую кватэру — не мог, бо ведаў, і Вольга будзе пакутаваць ад невядомасці, і ў яго ніколі не будзе спакойна на душы ад думкі. што праз яго пакутуе дарагі чалавек.