Выбрать главу

Ішоў з рашучым намерам пагаварыць, растлумачыць і не заставацца нанач, каб не мець лішніх перажыванняў самому, не вярэдзіць яе душэўнай раны — пайсці на новую кватэру да незнаёмых людзей; у яго меўся начны пропуск на імя чыгуначнага рабочага Івана Хадкевіча.

Сваёй радасцю з прычыны яго звароту Вольга растапіла яго рашучасць, як воск. Не хапала духу пры такім яе клопаце і ласкавасці абвясціць сваё няўдзячнае рашэнне, недарэчна ж сказаць. што такі загад мае, не зразумее яна такога загаду, пашле да д’ябла ўсіх камандзіраў, бо сэрцу яе сапраўды ніхто не можа загадаць.

Алесь быў галодны, але еў нехаця, як хворы, і Вольгу гэта непакоіла. Яна сядзела напроціў, не зводзіла з яго вачэй і частавала, як дарагога госця, прапаноўваючы адну страву за другой.

Размова ў іх таксама выходзіла дзіўная, нейкая аднабаковая. Гаварыла Вольга, была залішне мнагаслоўнай, нібы разумела, што ў іх мала часу, і спяшалася выказацца. Але ён адчуваў, што гаворыць яна не пра тое, пра што ёй хочацца сказаць, спытаць; пра тое, галоўнае, пра што думаюць абое, яна баіцца пачаць гаворку, адцягвае на потым гэтак жа, як адцягвае і ён.

Яна доўга і вельмі падрабязна расказвала, як паводзіла сябе Светка, пра ўсе яе хітрыкі і капрызы і асабліва пра тое, як дзіця сумавала па ім, як шукала па ўсіх кутках дома і настойліва дапытвалася на сваёй, зразумелай толькі ёй, маці, мове, дзе ён, калі вернецца. Пра тое, як сумавала, як хвалявалася сама — ні слова. Расказ пра дзіця крануў Алеся, але ён разумеў яго падтэкст і зноў здзіўляўся — не першы раз! — душэўнай чуласці і тонкасці гэтай жанчыны, у іншых абставінах грубай і крыклівай. Яна як бы закалыхвала яго, стомленага, пацяжэлага ад вячэры, расказамі пра дачку і пра свае справы, пра суседзяў, пра цётку Марылю, якая чамусьці пачала глухнуць і, недачуваючы, часта адказвае неўпапад, чым здзіўляе нават Светку.

Сказала, што была ў Бароўскіх, але не прызналася, што шукала яго, быццам бы так заглянула, між іншым. Тут Алесь зразумеў, як асцярожна яна падступае да таго, галоўнага, пра што ім належыць пагаварыць, і ўслухаўся больш уважліва.

— Ленка нервовая, злая. Слова ёй не скажы. Гэта ад галадухі.

— Ты памагла б ім.

— Каму? Бароўскім? Яны гордыя. Ды і ў мяне не база, не склад. Не трэба было ім варон лавіць. Такія хлопцы, як іх Косця, хіба столькі дабра панацягвалі, як я, адзінокая баба. Не ў кожны склеп я асмельвалася лезці. Яны сваім сумленнем даражылі, у мяне таксама было чым даражыць…

«Ну вось, цяпер яе зноў занесла ў камароўскае балота», — падумаў Алесь, расчараваны яе словамі, яе непрыязнасцю да Бароўскіх; вось так у яе часта, побач з душэўнасцю — грубасць, прагнасць, гандлярскі разлік. Але не запярэчыў на яе словы проціў Бароўскіх. Няхай бы яна пачала лаяць усіх іх, падпольшчыкаў, тады яму было б лягчэй сказаць пра сваё рашэнне і пайсці адгэтуль. Як гэта, аднак, цяжка — пайсці ад яе!

Даўшы поўную справаздачу аб тым, што адбылося ў доме, пакуль ён адсутнічаў, і не дачакаўшыся ад Алеся такой жа шчырай споведзі, Вольга спытала таямнічым шэптам:

— А ты… ты што рабіў?

— Не трэба гаварыць пра мае справы, Воля. Так будзе лепей. Для цябе. Навошта табе трэба? Так будзе спакайней… мне… усім нам…

— Я бегала паглядзець на павешаных у скверы…

Ён асекся. Дык во чым жыла яна гэтыя дні! Адным паведамленнем выдала ўсё. Дык хіба можна ўгаворваць яе, каб яна нічога не ведала, не хацела ведаць?

— Мы… адпомсцілі за нашых таварышаў.

— Ты забіваў?

— Не я адзін. Мы ўзарвалі эшалон… Але ты… ты нічога не чула!

— Я нічога не чула, — пакорліва згадзілася Вольга, скурчыўшыся, быццам ёй раптам зрабілася холадна, схавала рукі пад кофтачку.

Алесь зразумеў: сваё галоўнае яна сказала. Цяпер трэба сказаць яму. Але пасля таго, што пачуў, зрабілася яшчэ цяжэй абвясціць, што ён павінен пайсці ад яе зараз жа. Неадкладна.

Закапрызнічала малая, захацела спаць. Вольга пайшла ўкладваць яе.

Алесь застаўся адзін за сталом, з трывогай думаючы, што не можа выканаць зусім простае заданне. Пачаў пераконваць сябе, што гэта сапраўды-такі заданне, загад. I ён абавязаны выканаць яго!

Светка не засынала, клікала яго:

— Ты-та! Ты-та!

Дзіўна, чаму яна дала яму такое імя? Што яно значыць на яе дзіцячай мове? Тата ці дзядзя?

Ён не ішоў і не адгукваўся.

Тады паклікала Вольга:

— Яна не засынае без цябе. Так кожны вечар. Хадзі пакалышы.

Яны сядзелі на ложку ў паўзмроку, святло падала праз адчыненыя дзверы спаленькі, і абое трымаліся за калыску, рукі іх датыкаліся; у плеценай качалцы, здавалася, звінела кожная перасохлая лазінка, як далёкія жалейкі.