Выбрать главу

Супакоеная яго прысутнасцю, дзіця праспявала сабе «ката» і хутка заснула.

Тады Вольга імкліва абняла яго, горача зашаптала:

— Саша, міленькі, родненькі! Не пакідай мяне! Я баюся адна. Я не магу без цябе. Я не буду перашкаджаць табе. Я іх таксама ненавіджу! Хочаш, буду памагаць табе? Ва ўсім буду памагаць, я смелая, ты ведаеш, я нічога не баюся. Трэба будзе памерці — я памру за цябе… разам з табой… як хочаш. Не ідзі, Саша, нарачоны ты мой. Богам нарачоны…

Яна плакала.

Алесь ніколі не бачыў такіх яе слёз, не чуў такога плачу і не думаў, што яна можа быць такой разгубленай, бездапаможнай. Уражаны, расчулены, узрадаваны і спалоханы, што цяпер будзе яшчэ цяжэй пакінуць гэты дом, ён гладзіў яе па галаве, як маленькую, і цалаваў мокрыя салёныя вочы, гарачыя вусны.

Алесь прачнуўся ад трывожнага сну. Фашысты вешалі дзяцей. Ды самае жудаснае было не ў самім злачынстве, а ў тым, што дзеці не разумелі, што адбываецца, прымалі гэта як гульню і весела смяяліся, паказваючы пальчыкамі на тых, каго павесілі ўжо. А навокал стаялі дарослыя, цэлы натоўп, шчыльнай сцяной, нерухома, у маўклівасці: ён, Алесь, хацеў прабіцца праз натоўп і не мог, хацеў закрычаць, але ў яго прапаў голас. Усё навокал застыла, анямела, аглухла, толькі чутно было, як смяюцца дзеці.

Абліты халодным потам, ён не адразу сцяміў, што прачнуўся. Навокал была цемра. Шумела ў вушах — ад грукату сэрца.

Потым ён пачуў Вользіна дыханне, яна ляжала побач. Па тым, як стоена яна дыхае, зразумеў, што Вольга не спіць, можа, так і не заснула праз усю ноч. Лёгка дакрануўся да яе рукі. Яна прашаптала:

— Спі. Яшчэ рана.

Алесю зрабілася сорамна за сваю вячэрнюю слабасць, за тое, што, сказаўшы пра расстанне сваім выглядам, ён так і не адважыўся сказаць словамі, пагаварыць разважліва. Адны эмацыянальныя ўсплёскі. Не трэба было заставацца нанач, гэта слабасць, падман самога сябе і яе, Вольгі, яна, напэўна, думае, што ўгаварыла яго, пакарыла. Не, угаварыць яго нельга. Ён мае загад і цяпер ужо цвёрда перакананы, што гэта правільны загад, такі закон канспірацыі. Нельга больш адцягваць размовы. Дарэчы, цяпер, раніцой, усё выглядае значна прасцей. I ён проста сказаў:

— На світанні я пайду, Вольга. Зразумей. Так трэба. Для Свецінай бяспекі. I для справы. Але я буду ў Мінску. Побач. Мы будзем сустракацца.

Баяўся, што яна зноў заплача, зноў пачне прасіць; на жаночыя слёзы ён не ўмеў адказваць. Вольга маўчала. Доўга. Потым знайшла яго руку і сціснула пальцы. Алесь думаў, як развітацца так, каб не раскіснуць самому, не расчуліць яе. Каб без слёз. Ды Вольга зноў здзівіла яго. Сказала, як пра вельмі звычайнае:

— Перадай Камандзіру, што я згодна на яго прапанову.

IX

Першае даручэнне Вользе даў сам Камандзір: неяк міжволі яна пачала называць чалавека, у якога былі розныя імёны, пачціва і высока — Камандзір.

Яна чакала з нецярпеннем, калі хто да яе звернецца. Баялася, што ніхто не звернецца. Камандзір мог пакрыўдзіцца, ды і Алесь мог не перадаць яе згоду, сказаў жа, што пакідае дом дзеля яе і Свецінай бяспекі. А ёй з кожным днём усё мацней хацелася, каб яе паслуга спатрэбілася ім. I ўжо не толькі таму, што гэта дало б надзею страчацца з Алесем, але і па нейкай іншай прычыне, не такой асабістай, па закліку нейкага іншага пачуцця — не жаночага, — якое яна не зусім яшчэ асэнсавала.

На прадуктовы рынак Вольга цяпер выходзіла рэдка. Прадукты даражэлі, гараджане амаль не выносілі, сяляне прыязджаць баяліся. У яе былі запасы, але яна мудра вырашыла, што ўсё, што можа паляжаць, не сапсуецца, лепш захаваць надалей. Аднак бульбу і буракі далей вясны трымаць не будзеш. Безумоўна, можна прадаць і вясной, цана, напэўна, вырасце, калі людзям трэба будзе і есці і пасадзіць яе, бульбу, на гародах. Але без звыклага занятку ёй рабілася сумна, асабліва цяпер, без Алеся. Урэшце, гэта была яе стыхія, яе выхад у свет, грамадская дзейнасць, усё — што хочаш. Ёй карцела з’явіцца там хоць раз на тыдзень, апынуцца ў цэнтры ўвагі гандлярак, пакупнікоў, паліцэйскіх, пакрычаць, пашумець, патаргавацца, пачуць гарадскія навіны.

У той дзень яна гандлявала зваранай у мундзірах бульбай і буракамі. Працяглыя і суровыя калядныя марозы ўрэшце адступілі, прырода як бы злітавалася. Дзень быў адліжны, мяккі, сыпаў снег, і абрысы дамоў і людзей расплываліся, затуманьваліся. Але яго Вольга пазнала здалёк, як толькі ён выйшаў з-за былога мяснога павільёна, ператворанага цяпер у прыбіральню, бо ад бомбы, што ўпала на пачатку вайны, адна сцяна мураванкі абрушылася.

У Вольгі радасна і трывожна забілася сэрца. Не прайшоў бы міма! Ссунула з ілба цёплую хустку, адкрыла твар, узняла галаву, падставіўшы гарачыя шчокі сняжынкам. Цяпер ён не мог не пазнаць яе. Але ведала: калі ён пройдзе міма, то і ёй трэба маўчаць, не паказваць свайго знаёмства з ім. Між іншым, яе амаль узрадавала, што ён зноў у тым жа кажушку, на які яна некалі пазайздросціла. Але кажушок яшчэ больш страціў сваю элегантнасць, зашмальцаваўся, ды і Камандзір меў зусім не такі выгляд, як тады. Твар змарнелы, схудалы. Толькі вочы зіркаюць па-ранейшаму весела, нават неяк па-хлапецку гарэзліва, не прапускаюць ніводнага сустрэчнага, азіраюць і маладую жанчыну, і нямецкага салдата, і старую жабрачку, што працягвае руку. Жабрачцы ён нешта даў, пасяя гаварыў з паліцэйскім, як з добрым знаёмым. Назіраючы іх размову, Вольга падумала, што да яе ён не падыдзе, і… хвалявалася так моцна, быццам ад таго, падыдзе ён ці не падыдзе, залежыць усё яе жыццё. Забылася на ўсе перасцярогі, сачыла толькі за ім. Заззяла, як нявеста, калі ён скіраваўся да яе і на падыходзе проста павітаўся: