Выбрать главу

— Данясеш?

— Хто гэта хлеб не данясе! — сказала Вольга.

— Гэта праўда, — згадзіўся ён і сам лёгка перакінуў цяжкі мяшок на край разгрузачна-пагрузачнай бетоннай пляцоўкі.

Вольга заціснула буханкі пад пахай, павярнулася спіной і, схапіўшы зашыты мяшок за рог, лёгка ўскінула яго на плячо. I лёгка пайшла. Па дарозе колькі чалавек пыталіся ў яе гэтак жа, як спытала яна ў тых, што везлі мяшкі на тачцы: «Адкуль?» Ёй сказалі праўду, яна праўду нікому не сказала, бо вырашыла вярнуцца назад. Навошта званіць? Каб туды збеглася паўгорада? Такая навіна разляціцца хутчэй, чым па радыё, чым паветраная трывога. Пра трывогу падумала, бо ёй хацелася. каб зараўлі сірэны, каб ніхто не вылазіў з бамбасховішчаў, з паграбоў, каб нават тыя, каля склада, разбегліся; тады там магла б застацца мука для яе, а так расцягнуць, жывадзёры — тыя, што з тачкай, ажно два мяшкі везлі. Хіба не вернуцца яшчэ раз?

Мяшок быў усё ж цяжкі, не па яе жаночай сіле. Скінуўшы яго дома, Вольга знясілена павалілася на канапу і колькі хвілін ляжала нерухома, нават да дачкі не кінулася, як звычайна, хоць малая клікала яе, цягнула ручкі. Не бачыла Вольга, як цётка Марыля, гледзячы на яе, дакорліва паківала галавой, але ўжо нічога не сказала, бо зразумела, што ўшчуваць Ляновічыху — дарэмна траціць словы.

Аднак ляжаць не было калі. Схапілася, кінулася пад паветку. Там стаяла тачка на гумовых колах, зробленая некалі яшчэ бацькам, каб матцы лягчэй было вазіць на рынак зеляніну, бульбу і мяса вепрукоў. Прыхапіла дзяругу — накрыць набытае, каб не кожнаму кідалася ў вочы, што яна вязе.

Праходзячы з тачкай міма дома Бароўскіх, Вольга ўспомніла сваю ранішнюю сварку з Ленай, адчула нейкую віну перад ёй, няёмкасць за сваю сквапнасць: нікому з суседзяў пра муку не сказала, а ім жа таксама есці хочацца, у многіх не па адным дзіцяці і бацькі ў арміі. Разважыла, што крычаць пра муку на ўсю Камароўку — дурной трэба быць, а Лене варта сказаць і такім чынам памірыцца з сяброўкай, паказаць, што яна, Вольга, не злапомная, а заадно і апраўдацца перад сваім сумленнем — не адна карысталася, іншым сказала.

Заскочыла ў двор, у дом не пайшла, палезла ў куст бэзу, які абдаў яе буйной расой, дабралася да акна. Пастукала. Выглянула старая Бароўская.

— Лену!

Лена выйшла заплаканая, з чырвонымі вачамі. — Чаго ты равеш? Што здарылася?

— Божа мой, ты не ведаеш, што здарылася!

«Бач, і Бога ўспомніла», — трохі зларадна падумала Вольга.

— На хлебазаводзе муку раздаюць. Хадзем! Не лаві варон. Сваё ж раздаюць.

Лена неяк дзіўна скаланулася ад гэтай навіны, быццам спалохалася вельмі, і глянула так, што Вользе на міг зрабілася ніякавата, быццам яна была вінаватая ў тым, што рушыцца звыклае… для Лены жыццё. Але тут жа яна ўзлавалася на гэтае сваё адчуванне. А яе жыццё хіба не рушыцца? Якраз больш вінаватыя такія, як Лена: вельмі ж ужо крычалі аб непераможнасці!

— Не пойдзеш? Дурная! То сядзі і раві па сваіх! Яны пра цябе не падумаюць, — і нават плюнула са злосці на бэз, раса на якім загарэлася кропелькамі крыві ў промнях вячэрняга сонца, што раптам прабілася праз хмары і дым.

Сціхла кананада недзе пад Заслаўем, якая грымела не доўга, з паўгадзіны. Толькі ў баку Лагойска ўсё яшчэ гуло, неяк дзіўна, прыглушана, як лясны пажар. Народу на вуліцах стала больш, чым дзве гадзіны назад, і ўсе некуды спяшаліся і пры гэтым як бы таіліся адзін ад аднаго, куды кожны з іх спяшаецца. На вуліцы Горкага міма Вольгі прамчаліся тры коннікі ў казацкіх бушлатах. Потым адзін крута развярнуў каня і наехаў проста на яе. Яна спалохалася. Але казак крыкнуў: