Выбрать главу

Усё прайшло добра. Нават развіталася са Светай лёгка, без душэўнага надрыву. Дзяўчынка хутка пасябравала з пяцігадовай стрыечнай сястрой, і гэта Вольгу парадавала. З Галяй, братавай, яна, тады яшчэ школьніца, дзяўчынка, дружыла, асабліва першы год пасля таго, як Казімір жаніўся. Але пасля маці неўзлюбіла нявестку, заеліся, перасварыліся, яна, падростак, безумоўна, падтрымала маці, хоць ніколі не адчувала да Галі асаблівай непрыязнасці, на брата большую крыўду мела.

Братавая неахвотна прыняла чужое, як яна сказала, дзіця, і гэта Вольгу нядобра кранула. Галя яўна хацела пасварыцца — адпомсціць за даўнія крыўды. Але здарылася дзіўнае: тое, як яна сварылася, ніколечкі не кранула Вольгу, не ўзлавала, наадварот, неяк узбадзёрыла, развесяліла і нават вярнула ранейшую прыязнасць да нявесткі.

Галя сказала:

— Усё лётаеш, усё гандлюеш? Усё з цябе мала? Людзі паміраюць, а ты багацееш. Ох, ненажэрная ў вас вантроба, праклятыя Ляновічы! Скруціце вы галовы. Пакінеце дзяцей сіратамі.

Біла не столькі па ёй, па Вользе, колькі па яе мінулым і па сваім мужу, які пайшоў на службу да гітлераўцаў. I гэта Вользе падабалася. Яна засмяялася і пацалавала здзіўленую Галю. Дадому вярнулася ў добрым гуморы. I рэшту дня думала і хвалявалася хіба пра адно: калі ж прынясуць гранаты?

Іх прынёс упрыцемку ўжо юнак у паліцэйскай форме, якога Вольга не паспела разгледзець.

Сказаў пароль, перадаў з рук у рукі ў цёмнай кухні цяжкую бляшанку і адразу нырнуў у дзверы, быццам баяўся, каб яго не пазналі ці не запомнілі ў твар.

Вольга адкрыла вечка высокага чатырохграннага вядра і адвярнула нос: поўна ванючай мазуты.

Хоць гранаты былі загорнуты ў парусіну, але мазута ўсё адно прасачылася, і Вольга вельмі акуратна і асцярожна, як вялікую каштоўнасць, працерла іх чыстымі анучамі, загарнула кожную паасобку ў купленыя і свае хусткі, сарочкі, кофтачкі, дзе ўсунула ў чаравікі, штук колькі ў торбу з соллю, не пашкадавала і тых рэчаў, якія ніколі не думала выменьваць, упакавала ўсё ў мяшок так, каб ніхто, ні Друцька, ні немцы на пастах, не мог намацаць цвёрдыя прадметы. Увесь мяшок мяккі.

Адну гранату пакінула. Папрактыкавалася ўстаўляць запал, разы два замахнулася — вучылася кідаць. Пасля сама пасміхнулася са сваёй забаўкі: як хлапчук, гуляе са зброяй, як Косця Бароўскі. Успомніла Косцю — вельмі захацеяася пабачыцца з Ленай. Але не пайшла, упікнула сябе: чаму гэта ёй як бы развітацца захацелася?

Гранату, зараджаную, з запалам, паклала ў ложак, пад падушку. Праўда, легчы так пабаялася, пералажыла гранату ў шуфляду туалетнага століка, пад шматкі тканін, далей ад сябе.

Прачнулася, чыркнула запалку, паглядзела на гадзіннік і здзівілася: раніца! Даўно ўжо яна не спала так спакойна і моцна, гадзін сем праспала не прачынаючыся. Прапаліла пліту, не шкадуючы, насмажыла сала, каб хапіла паснедаць і ўзяць на дарогу на дваіх.

XII

Друцька прыехаў дакладна — як толькі развіднела. Увайшоў у дом п’яным гаспадаром, з грукатам адчыніў дзверы, ніколі такім смелым, шумным і вясёлым не з’яўляўся. З парога спытаў:

— Гатова?

— Гатова. Снедаў?

— Снедаў, — але ўбачыў на пліце скавародку з салам, пацягнуў носам апетытны пах — паправіўся: — Ды якое там снеданне. Халасцяцкае. Хлеб і кансерва. Эрзац.

— То сядай, паснедай добра. Няблізкая дарога.

— Як бы там з саней чаго не сцягнулі. — Я прыгледжу.

Вольга хуценька падала на стол гуркі, капусту, хлеб, паставіла скавародку з салам. Выпіць не дала: п’яны Друцька можа залішне асмялець і стане нахабнічаць, а ёй зусім нельга сварыцца з ім. Ён выразна паглядзеў на гаспадыню, але яна зрабіла выгляд, што нічога не разумее, схапіла кажух і хутка выскачыла на вуліцу — вартаваць яго дабро на санях.

Конь стаяў, прывязаны лейцамі за шула варот.

Яна палюбавалася на каня. Гладкі гняды асілак, але не з тых нямецкіх цяжкавозаў, што вязуць, можа, па дзве тоны, але якіх, пэўна, не прымусіш пабегчы трушком. Гэты і павезці нямала можа, і пабяжыць хутка. Відаць, малады; у конях Вольга не вельмі разбіралася, аднак ведала, што толькі малады стаеннік можа так прыгожа выгнуць шыю і так стрыгчы вушамі. На яе, чарцяка, пазірае нядобра. Яна правяла далоняй па яго баку, конь уздрыгнуў і, здаецца, задаволена фыркнуў.