Выбрать главу

Дж. К. Роўлінг

Гары Потэр і Прынц-Паўкроўка

Макензі, маёй прыгажуні-дачцы, прысвячаю яе сястрычку-двайнятку з паперы і чарнілаў

1. Іншы міністр

Было каля поўначы, і прэм'ер-міністр сядзеў адзін у сваім кабінеце, чытаючы доўгі мемарандум, сэнс якога праходзіў паблізу яго, не пакідаючы ў галаве ні следу ад таго, што ён чытаў. Прэм’ер-міністр чакаў званка ад прэзідэнта адной далёкай краіны, і паміж жаданнем ведаць, калі патэлефануе гэты гнюсны чалавек, і спробамі падушыць прыкрыя ўспаміны аб тым, што адбылося за гэты неверагодна доўгі, стомны і цяжкі тыдзень, у яго галаве было не занадта шмат месца дзеля чаго-небудзь яшчэ. Чым больш ён спрабаваў засяродзіцца на тым, што было надрукавана ў лісце, што ляжаў перад ім, тым больш ясна першы міністр бачыў зларадны твар аднаго з яго палітычных сапернікаў. Гэты асаблівы сапернік з'явіўся ў навінах у той самы дзень, не толькі дзеля таго, каб пералічыць усе жудасныя рэчы, якія здарыліся на мінулым тыдні (як быццам хтосьці патрабаваў напаміну), але таксама дзеля таго, каб растлумачыць, што ўсё гэта было памылкамі ўрада.

Пульс прэм'ер-міністра пачашчаўся менавіта на думках аб гэтых абвінавачваннях, хоць праўды ў іх было столькі ж, колькі і хлусні. Як мог яго ўрад спыніць то крушэнне моста? Абуральна лічыць, што яны выдзялялі недастаткова сродкаў на падтрымку мастоў. Таму мосту было менш за дзесяць гадоў, і самыя лепшыя эксперты не маглі растлумачыць, чаму ён разламаўся на дзве часткі, і тузін машын звалілася ў раку. І як можна лічыць, што з-за недахопу паліцыянтаў адбыліся тыя два жудасных, раскручаных рэпарцёрамі забойствы? Або як урад мог прадбачыць звар'яцелы ўраган над часткай краіны, які нанёс так шмат шкоды і людзям, і будынкам? І ці была яго віна ў тым, што адзін з яго малодшых памагатых, Герберт Чорлі, вылучыў менавіта гэты тыдзень, каб аб’явіць, што ён зараз збіраецца праводзіць больш часу са сваёй сям'ёй?

"У краіне наступілі змрочныя часіны," — скончыў яго апанент, ледзь хаваючы ўсмешку.

І, на вялікі жаль, гэта была чыстая праўда. Прэм'ер-міністр адчуваў гэта сам, людзі сапраўды падаваліся больш бездапаможнымі, чым звычайна. Нават надвор'е было прыгнятальным, гэтая халодная смуга ў сярэдзіне ліпеня…Гэта было няправільна, ненармальна.

Ён адкрыў другую старонку мемарандума і, ўбачыўшы, наколькі яна даўжэйшая, кінуў чытаць. Пацягнуўшыся, ён панура агледзеў свой кабінет. Гэта быў прыгожы пакой з цудоўным мармуровым камінам, размешчаным насупраць вокнаў, шчыльна зачыненымі з-за холаду. Прэм’ер-міністр сцепануўся, падняўся і падышоў да вакна, узіраючыся ў смугу, якая спрабавала пракрасціся ў пакой. І менавіта ў той момант, калі ён павярнуўся спіной да дзвярэй, ён раптам пачуў ззаду мяккае пакашліванне.

Ён замёр, нос да носу са сваім спалоханым адлюстраваннем у цёмным шкле. Ён пазнаў гэты кашаль. Ён чуў яго раней. Міністр вельмі павольна павярнуўся, каб агледзець пусты пакой…

— Так? — сказаў ён, імкнучыся гаварыць адважней, чым ён сябе адчуваў.

У нейкі момант яму здалося нерэальным, што хто-небудзь адкажа яму. Аднак голас нарэшце адказаў. Ён гучаў так, як быццам чытаў загадзя падрыхтаваны тэкст. Ён даносіўся — прэм'ер-міністр пазнаў яго па кашлі — ад маленькага, падобнага на жабу, чалавека ў доўгім серабрыстым парыку, які быў намаляваны на маленькай, бруднай, пісанай алеем карціне, якая вісела ў далёкім куце пакоя.

— Прэм'ер-міністру маглаў. Тэрмінова неабходна сустрэцца. Прашу вас адказаць неадкладна. З павагай, Фадж.

Чалавек у карціне чакальна глядзеў на прэм'ер-міністра.

— Э-э, — сказаў прэм'ер-міністр, — паслухайце… Зараз не вельмі прыдатны час… Ці бачыце, я чакаю тэлефонны званок… ад прэзідэнта з…

— Гэта можа пачакаць, — тут жа адказаў партрэт. У прэм'ер-міністра звалілася сэрца. Менавіта гэтага ён і баяўся.

— Але я сапраўды вельмі спадзяваўся пагаварыць…

— Мы паклапоцімся, каб прэзідэнт забыўся патэлефанаваць. Замест гэтага ён патэлефануе заўтра ўначы, — сказаў маленькі чалавечак. — Прашу вас неадкладна адказаць містэру Фаджу.

"Я… Ох… Добра, — слаба сказаў прэм'ер-міністр. — Так, я ўбачуся з Фаджам.

Ён паспяшаўся назад да стала, па шляху выпростваючы гальштук. Ледзь ён заняў сваё месца і надаў свайму твару, як ён спадзяваўся, расслаблены і безуважны выраз, як ярка зялёныя языкі полымя ўспыхнулі ў пустым каміне. Ён глядзеў, імкнучыся не паказваць здзіўлення і трывогі, як сярод полымя, шалёна круцячыся, з'явіўся чалавек шчыльнага целаскладу. Праз імгненне ён выбраўся на даволі сімпатычны старажытны дыван, стрэсваючы прысак з рукавоў свайго доўгага ў тонкую палоску плашча, трымаючы ў руках светла-зялёны капялюш-кацялок.