— Яначак, міленькі, родненькі...— прасілася.— Ну пусці.
Сабраў апошнія сілы, адпусціў яе. Лёг на спіну. Пакутаваў. I ад таго, што не ўдаліся яго намеры, i таму, што рабілася сорамна. Не мог зірнуць ёй у вочы. Які недарэчны быў яго прыход сюды!
— Не злуй, Яначак,— паднялася i яна, прыхілілася,— Ты не думай абы-што. Не. Так трэба... Я табе потым усё раскажу... Потым... А цяпер ідзём на двор, сядзем на лаўку. Няхай i бачаць нас разам людзі, няхай...
«Хлопец я ці не хлопец? — слухаючы яе, усё пакутаваў.— Ці памяло, анучка?»
6.
Жонка i дзеці ў нядзелю ці на вялікія святы любілі выйсці на вёску, пасядзець з кім i пагаманіць, а ён, Гарбацэвіч, не меў вялікай звычкі хадзіць да людзей, попусту мянціць языком, любіў прылегчы i ўсмак паспаць. Узяць тое, чаго ніколі ўволю не меў.
Праўда, учора, а сёння найбольш доўга вагаўся: ці легчы паспаць, ці запрасіць у госці суседа з суседкаю? Раней жа, калі той з сынам на Шубіне памагаў накладаць сена, падымаць перакуленыя сані, дакляраваў, што пакліча, добра пачастуе. Але сёння ўрэшце наказаў сабе: не будзе клікаць. I гарэлка, i сытнае яшчэ спатрэбяцца, няхай надалей будуць. Ды адных старых няёмка запрашаць, трэба заадно паклікаць i хлопцаў. Алеся ды Янку, нявестку Ядзю, дачку Кастусю. А гэта ўжо шмат людзей, вялікі гурт. Нямкевічы добра робяць, але добра i ядуць. Каб пачаставаць ix, трэба нямала паставіць на стол.
Паляжаў крыху, падумаў пра свае клопаты (неўзабаве араць, сеяць, а ён яшчэ толькі аднаго найміта апытаў), а пасля i заснуў. Але сёння адпачываў мала. Разбудзілі без пары. Тармасілі за плячо.
— Тата! — як прачнуўся, пачуў доччын голас.— Тата, уставайце!
— Ну што? — буркнуў.— Чаго?
Сеў на ложку, спусціў долу босыя погі.
— Чорныя дзеляць зямлю!
Пахмурыўся, зірнуў па напалоханую Анельку: што яна пляце? Якую, чыю дзеляць зямлю? Як?
— Ды гавары ты толкам! — незалюбіў.
— Сабе забіраюць...— зноў няясна адказала тая. З-пад хусткі ў яе выехалі валасы, твар успацеў — відаць, спяшалася, бегла дадому аднекуль з вёскі, дык i задыхалася.
— Кажу ж,— паўтарыў,— гавары да толку!
— Мераюць за аселіцаю наша поле i адмерваюць сабе...
Ён аж падскочыў. Нібыта ткнулі яго іголкаю. Як гэта: Чорныя пасягнулі па яго дабро? На яго зямлю? Самачынна? Спачатку не спалохаўся, толькі здзівіўся: як яны могуць адабраць ад яго зямлю? Хто ім такое дазволіць? А пасля захваляваўся: там, за аселіцаю, найлепшая яго зямля. I ва ўсёй вёсцы самая лепшая.
— Зладзюгі! — падскочыў з ложка.— Бандзюгі! — усунуў босыя ногі ў валёнкі, пабег па кажух.
— Тата, вы ж у снодніках! — прыпыніла Анелька,— Порткі адзеньце.
Вярнуўся да ложка. Па штаны, што ляжалі на біле ложка, пачаў усцягваць ix, але ніяк не мог трапіць нагамі ў калашыны.
— A Віця дзе? — запытаў.
— У вёсцы.
— Скажы, хай ідзе туды, на поле...
— Ён баіцца...
— Баіцца, баіцца! — перакрывіў.— О то сын, о то гаспадар!..— Бяжы да Нямкевічаў, iм скажы, яшчэ каму скажы...
Як апрануўся, выбег з хаты. Калі прыхапіў каля хлява пакалак (ім мяшаў сечку ў цэбры) i шыбаваў праз яшчэ шэрую пасля снегу аселіцу да свайго поля, дык успомніў: не замкнуў хаты. Адчуў: i дачка не замкне. Бо яго дзеці бесталковыя. Але не запыняўся м не вяртаўся, шыбаваў да поля. Задыхваўся.
Мінуў аселіцу, малады хваёвы гуртавы лясок, што самачынна заняў лапіну груду за аселіцаю. Убачыў: напраўду на яго полі таўкуцца мужчыны. Miхайла, Пятро Чорныя i іхнія сталейшыя сыны-падлеткі.
Пятро вось нагнуўся i пачаў забіваць у дол калок. Каменем. Згледзелі яго, паўставалі. За колькі крокаў бачыў: твары ва ўсіх чорныя, змрочныя, толькі вочы бліскаюць бялкамі. Пятро i Міхайла п'яныя. Дык дабра ад ix не чакай.
Зусім выбіўся з сіл, трусячы па мяккай зямлі, дзе ён летась садзіў бульбу. На галёшы мо па пуду набралася гразі.
Апошнія крокі ледзь ішоў.
— Якой трасцы вы тут топчацеся! — зазлаваў. Стаў за крокі тры, аддыхваўся.— У такі святы дзень!
— Святое i надумалі! — адказаў Пятро. Вочы яго аж гарэлі ад шалу.— Хваціц аднаму раскашавацца, а другому здыхац ад голаду! Бацыс, ён нават паўпуда мукі галодным дзецям пазыцыц не хоца!
«Відаць, схібіў! — падумаў Гарбацэвіч.— Трэба было пазычыць — дык не ўз'юшыліся б гэтак цяпер злыдні...»
— Вот бяром у цябе па дзесяціне! — сказаў Пятро.— Скацы ці не скацы, а бяром. Цатыры дзесяціны — на мяне, на яго,— кіўнуў па брата,—на Сцяпана i на Юзіка... Вот калэ... Адмералі... Зрушыш — на месцы пакладзём...
— У цюрму засаджу! — закрычаў Гарбацэвіч.— У Сібір!
— Чаго ты разявіў рот, хоць з калёсамі ў яго заязджай!
— Напалохаў! Выдраў лысаму валасэ! — глядзеў ваўком Пятро.