— Згнаю! — крыкнуў ён.
Гарбацэвіч бачыў: цяпер не згоніш сілаю. Саб'юць, скалечаць. Не папрауляй на п'япым шапку, бо ў морду дасць! А тут не шапку папраўляць... Адчуў страх: а што, калі i папраўдзе забяруць гэтае поле, пасеюць што ці пасадзяць? Паспрабуй абараніся ад такой плоймы. Але ж збойся, адсунься ты, дык адразу сядзе тры!
Убачыў: Чорныя зірнулі на вёску. Азірнуўся i ўсцешыўся: сняшаюцца адтуль людзі.
— Сыдзіце з майго поля,— сказаў смялей i ступіў, піхнуў нагою ўбіты ў зямлю кол.— Разявілі рот на чужое!
— Не на тваё! — бліснуў маланкаю Міхайла.
— А на чыё ж? Што — ты мне гэтую зямлю прыдбаў?
— I ты не за сваё прыдбаў!
— А за чыё ж?
— За жонку... Пан нарабіў табе бесталковых бэйбусаў i заплаціў зямлёю... А ты ўжо герой! Хай бы сам стаў на ногі! Як мы!
Гарбацэвіч зморшчыўся: Міхайла балюча пасыпаў яму солі на незагойныя раны.
— Не руш...— нібы i астыў, убачыўшы яго пакуту, нібы i не астываў Міхайла.
«Сяроўна ўжо...» — падумаў Гарбацэвіч i памкнуўся спіхнуць нагою пакалак.
— Сказана: не руш! — падскочыў Пятро, піхнуў яго ў плячук,— А то во,— павагаў на руцэ каменем,— разаб'ю нюхаўку!
— Паспрабуй! — прыгразіў Гарбацэвіч.— Згніеш у Сібіры! — I, зусім асмялеўшы, дарэшты паваліў кол.
— Ах, ты так! — уз'юшыўся Пятро, кінуў камень i замахнуўся, пляснуў яму поўху. Ён, аглушаны, паляцеў долу. Чуў: б'е той нагамі.
Падняўся. Стукнуў Пятра накалкам на галаве. Той захістаўся.
— Заб'ю! — зашыпеў, кінуўся i пачаў душыць за шыю. Яны счапіліся, пачалі валтузіцца. Ён быў нізшы, але больш таўсматы, учэпісты. Збоку скакаў Міхайла, тоўк у бакі.
Валтузіліся, пакуль не дабеглі Нямкевічы. Сам Ясь i сыны.
Ясь стары, але мігам параскідаў ix.
— Ці не здурэлі вы, людзі! — не могучы аддыхацца, прысароміў.— Святы дзень, а вы бойкі заводзіце!
— Сам жа, Ясь, бачыш,— паскардзіўся Гарбацэвіч.— Не я, а яны... На мае поле ўзлезлі, бойку завялі.
— А вы, старыя ўжо людзі, што робіце?! — пазіраючы на Чорных, паківаў галавою стары Нямкевіч.
— Калі. ж цярпенне лопнула...— сказаў Пятро.— Вялікдзень, a ў нас нi хлеба, ні сала. Заціркі няма з цаго зварыць. Дык колькі ж гэта будзе, га?! У яго валока, a ў мяне дзве дзесяціны пясоцку!
— I я не багацей,— прамовіў Нямкевіч,— дык што, i мне сілаю забіраць у некага зямлю? Самаадумам? Не. Так зямлі не возьмеш. Трэба чакаць закону. Каб па законе ўсё...
— Закон! — усхліпнуў Пятро.— Калі ж i ён не за нас!
Мацнуў рукою па лобе над шапкаю: рука стала чырвоная. Відаць, на галаве была рана ад Гарбацэвічавага накалка. Неўзабаве па шчацэ яго пацёк струёк крыві.
Якраз у гэты час дапалі i кабеты — Міхайлава i Пятрова жонкі, дочкі, Вікця з Анелькаю.
— Кроў! — заламала рукі Пятрова жонка, Франя.— Ой, забіў, ірад! — гэта ўжо на Гарбацэвіча.— Каб цябе пярун забіў! Каб цябе свінні лычамі варочалі! Каб ты дзень i ноч на сцяну дзёрся!
— Ціха ты! — сыкнуў на яе Ясь Нямкевіч.— Чаго крычыш? Жывы твой Пятро! А кроў яму дурную спусцілі. Вот сабралася за доўгую зіму, за пост вялікі — дык i спусцілі... Сам вінаваты... Чаго лез на чужое?
Вікця i Анелька не кідаліся да Гарбацэвіча, не шкадавалі. Ці баяліся яго, ці саромеліся людзей. I гэта вельмі ўразіла сёння Гарбацэвіча.
«Як не муж, як не бацька я ім,— горка падумаў ён.— Бы чужаніца сяроўна...»
— Разыходзьцеся, людзі,— спакойна, але цвёрда сказаў усім Ясь.— Ніякага ні дзіва, нi бяды тут няма. Выпілі крыху людзі — дык затуманіла ім розум гарэлка...
— Не гарэлка, Ясь, вінаватая...— паспрабаваў ці агрызацца, ці апраўдвацца Пятро.— Не толькі гарэлка...
— Пайшлі, пайшлі дадому,— настояў Ясь, i Гарбацэвіч паддаўся яго волі. За імі пакрочылі i кабеты. Чорныя засталіся яшчэ на полі, але i ix жонкі ды дочкі пачалі ўгаворваць ісці на Сяло.
— Божа мой, божа! — жахалася Нямкевічыха.— Падурэлі людзі! Адзін на аднаго пайшлі! З каламі! Дабро чужое адбіраць!
— Яшчэ не тое будзе, мама...— прамовіў Алесь.— I ў горадзе, i ў вёсцы... Пa ўсёй Расіі. Не такая бойка будзе за зямлю!
— I заступіцца няма каму...— упершыню падала свой голас Вікця.— Пабегла да Сяргеенкі — не ідзе. Кажа: я святкую. Пабегла да Петухова — а ён схаваўся...
— Баяцца Чорных...— прамовіла Нямкевічыха.— А тыя пашалелі!
«Спаляць ці звядуць са свету мяне Чорныя...— ідучы разам з Нямкевічамі дадому, думаў Гарбацэвіч.— Адзін жа тут, без радні, без апоры... Цяпер то іменна трэба радніцца з Нямкевічамі. Нямкевічы, калі што якое, абароняць. Калі папросяць i добры пасаг, дык трэба будзе даць. Усё ж зямля будзе за дачкою, а не за чортам лысым...»
I ён цяпер паклікаў Нямкевічаў дадому. I, на яго радасць, маладыя, Алесь ды Янка, падзякавалі i не пайшлі, згадзіліся завітаць толькі старыя.