Выбрать главу

Па-сапраўднаму «дурную кроў» спусцілі ўжо ўвечар, на забаве.

Хлопцы «купілі» хату ў Сцяпана Чорнага, даўшы яму бутэльку гарэлкі, апольчык сала i бохан хлеба, прывялі з Крычатоў музыканта, гарбаценькага баяніста Бліна. Сышлася, лічы, уся янкавінская моладзь, прысунуліся сталыя людзі.

Старыя — сярод ix сядзеў i падпіты, ружовы, здаецца, дабрадушны сёння Лядзяга — паселі на лавах, на тапчанах, сачылі за ўсімі i шэптам абгаворвалі ўсіх; маладыя, хто ўмеў, танцавалі вальс, польку, падыспан, кракавяк, лявоніху, юрачку ці спявалі, дурэлі, выходзілі на двор астудзіць плечы i пакрыху плялі павуціну змоў, дзелячыся на варожыя групкі, зласнелі для бойкі.

Праўда, спрабаваў задзірацца Пятро Чорны. Падыходзіў то да аднаго, то да другога хлопца, прасіў: «Дай закурыць. Даўно не курыў, аж вушы паапухалі»,— хто не даваў, хто даваў, але з гэтага прыставання бойка не ўзнікала.

Збоку цяжка было i ўбачыць завадатараў. Бо яны самі не высоўваліся на вочы, падбухторвалі да бойкі спадцішка, праз іншых. Таму i пільныя кабеты, i сталыя мужчыны не бачылі: сёння сярод хлопцаў хоча «спусціць дурную кроў» Уладак Дземідовіч. Яго даўно ўжо брала цяга адпомсціць Янку Нямкевічу. За тое, што Янка пабіў яго летась на вялікдзень, сёлета колькі разоў бухаў яго ў сцяну ў Сцяпанавых сенцах. I яшчэ прычынаю была Зося. Уладак не мог выцерпець, што да яе ходзіць Янка.

У разгар новай полькі, калі Янкавы два стрыечныя браты, Грыгарцэвіч i Касцюкевіч, скакалі, стукалі ботамі i страсалі грывы з твару, упацелі, незаўважна для іншых — за печчу — паслужнік Уладака Антон Емельяновіч распусціў на лапці абору, без лішніх цырымоній узяў за руку Верку Чорную, што ўвесь вечар не зводзіла вачэй з Уладака i аж млела ад шчасця, калі ён разы са два ўзяў яе ў танец, i пайшоў у круг. Закруціўся, скокнуў колькі разоў, пакуль да яго не падкружыўся Кастусь Грыгарцэвіч, а пасля нібы спатыкнуўся, упаў. I тут жа мігам падхапіўся, учапіўся Кастусю ў плечы.

— То што ногі топчаш? — закрычаў.

— Абору во парваў...— «заступіўся» за Антона Уладак.

Танцоры наляталі адны на адных, збіліся ў кучу. Кастусь толькі адштурхнуў Антона — бойка адразу ж закіпела. Тут як тут варожыя гурты счапіліся, пачалі дубасіць адзін аднаго кулакамі. У гэтую хвіліну Лядзяш падхапіўся з лаўкі i бокам-бокам вышмыгнуў з хаты. Бо ведаў: абзавецца цяпер хоць словам — дадуць па шапцы.

Уладак сачыў: дзе Янка? Ён трымаў над пахаю груз ад бязмена з кароткаю, адламанаю ручкаю, дык цяпер чакаў той спрыяльнай хвіліны, калі можна будзе выхапіць груз i смалянуць па карку суперніка. Але i Янка, хоць вось трос беднага Антона, нібы вытрасаў з яго душу, не спускаў з яго вачэй. Ніяк не даваўся, каб можна было зайсці за спіну.

— Бі свалачэй! — ускочыў з лаўкі i Пятро Чорны, шыбнуў у гурт.

— Куды ты! Стары чалавек!— закрычала Франця, кідаючыся за ім.

I ўжо нікога не чуваць было: кабеты, дзяўчаты паднялі ў хаце такі лямант, піск, што хата, здаецца, аж трэслася. Уладак згледзеў: Кастусь Грыгарцэвіч пад нагамі. Дык тоўк-тоўк наскамі ботаў, зганяючы злосць i пад'юшчваючыся. I ў шале выпусціў на хвіліну з-пад увагі Янку. Той скарыстаў гэта адразу ж: абрушыў кулак на яго шыю.

Уладак адчуў: шыя нібы хруспула, у галаве зазвенела. I тут ужо не трэба было таіцца, саступаць ворагу. Ён выхапіў з-за пазухі груз ад бязмена i рынууся на ворага. Але Янка, убачыўшы гірку, нечакана так смалянуў яму нагою пад жывот, што ён скурчыўся ад дзікага болю i ўжо не чуў: ці яго білі яшчэ, ці не білі. Здаецца, страціў прытомнасць.

— Забілі! — нібы камаровы піск, чуў Верчын лямант. Ужо калі адплюшчыў вочы, убачыў: у хаце няма дзербуноў. Стаяў крык i піск на двары. Тут толькі кабеты, жонкі братоў Чорных, трымалі за рукі раскудлачанага i я расхрыстанай кашуляй Пятра, угаворвалі, каб ён не рваўся на двор, застаўся ў хаце.

— Што ж яны?! — не то скардзіўся, не то дураслівіў той.— Цас пайшоў: дасі ў морду — біцца лезе!

— Дык чаго ты, стары чалавек, лезеш да маладых?

— Каб жа я каму калі што якое, а то ж ніколі нікому ніцога ніякага...

— Напіўся! — папікалі кабеты.— Вочы засляпіў! Рукам волю даў!

— Напіўся! — пацяшаўся Пятро.— Што папіваў, папіваў, а што казлоў падзіраў, во так напіўся!

— Жывы! — узрадавалася Верка. Яна разам з сястрою стаяла на каленях каля яго.

— Ну сто, братка?— зачапіў Пятро.— Адна калоша поўная, а другую як завязаць?

Уладак падняўся. Быў як ватны. Убачыў: па лаве ляжыць Кастусь Грыгарцэвіч. На спіне. Доўгі-доўгі. Твар акрываўлены. Каля яго мітусіцца швагерка, Галена, Зосіна сястра.

— Божачка мой, божачка! — плакала Галена.— I за што, за што гэтак збілі? Як не жывы во... Свята гэта ці чортава паталочышча?!