Выбрать главу

Адчуваючы віну (можа, якраз i ён расквасіў Кастусю нагамі нос), Уладак пасунуўся з хаты.

На дварэ не сціхаў лямант, трашчалі калы — ламалі чужыя платы, вырываючы частаколіны. Ад удараў частаколін па спінах ішло рэха — нібы хто выбіваў аб плот мяхі.

Насцярожыўся: авось паблізу дзе сцеражэ яго Янка. Яшчэ ўдубасіць калом па галаве — i канцы. Шмыгнуў уздоўж плота — у свой канец вёскі. Нe глядзеў, дзе Антон Емельяновіч i іншыя дружбакі. Чэрці з імі. Дадуць ім — дык такой бяды. Учуў: нехта бяжыць за ім.

Кінуўся ўцякаць. Азіраўся: постаць гоніцца за ім. Шалеў ад страху. Але пасля ўчуў: кліча яго жаночы голас. Пачакаў. Падбегла Вера Чорная.

— Чаго ты ўцякаеш? — запытала. Задыханая. Прытулілася.— Як з багны выскачыў сяроўна!

— Чаму! Чаму! — зазлаваў.— I не ўцякаю я. Бягу па прэнт!

— Уладачак, не звязвайся! Заб'юць!

— Я ім заб'ю!— прыстрашыў, перад Вераю паказаў сваю смеласць.— Я яго недзе прыпільную! За усё адплачу! Быць не можа...

— Я баюся...

— Чаго?

— Заб'юць яшчэ цябе...

— Не заб'юць! — буркнуў. I зноў незалюбіў, што яна перажывае за яго, як сястра. А можа, яшчэ i больш чулліва.— Ну, хадзем. У восець.

— Не.

— Ну чаго ты? Пасядзім хоць,— буркнуў, бо цяпер яму было не да яе. Пяклі боль, злосць i сорам. Усе, усе ж бачылі, як яго, шляхціца, стараставага сына, пабілі.

— Уладак,— прашаптала, ужо ідучы.— Бяда.

— Якая?

— У мяне няма...

— Чаго?

— Ну, на кашулі...

— Як гэта? — здзівіўся. Гэтага яшчэ не хапала!

— Ды, здаецца, я...— запнулася.— Ну, нібы грубая я...

— Ты што?— аж стаў, аж забіла яму дыханне. Што за дурны дзень сёння! Адны непрыемнасці! Адчуўся воўкам у пастцы. Зазлаваў. Ужо на Веру. Разява!

— Я не вінаваты,— прамовіў.— Не магло быць ад мяне.

— Уладачак! Пабойся бога! — узмалілася.

— Можа, ты яшчэ з кім гуляла?!

— Уладачак! — сказала ўсёю душою,— Што ты кажаш! Як у цябе язык на такое?.. Hi з кім, далібог жа. Толькі з табою...— прыгарнулася,— Дык што рабіць?

— Адкуль я ведаю!

— Парай... Тваё ж гэта...

Маўчаў. Хацелася збегчы. I больш нікога не бачыць. Hi вёскі, ні сваёй радні, ні Веры. Збегчы ў які лес, на край свету.

— Можа, у Крычаты схадзі...— пасля адумаўся,— Там, кажуць, ест баба, што...

— А ты не хочаш?

— Што?

— Каб яно было...

Каб бачыла яго твар у цемені, дык згледзела б: ён вылупіў вочы. Па яблыку.

— Ты што? — аж задыхнуўся.— Ты што надумала?

— Ты ж казаў: возьмеш мяне. Дык няхай i будзе... Наша ж...

«Бачыш ты яе, як разрахавала ўсё!»

— А да бабы я баюся ісці...

— Баюся-баюся! — перакрывіў.— Мала што баішся. Трэба ісці. Бо яшчэ невядома, ці дазволіць мне бацька браць цябе...

— Як? — жахнулася.

— Вось таго - ён хоча, каб я браў багатую. Анельку Гарбацэвіч.

— Ты ж казаў: настоіш — i ўсё будзе па-твойму.

«Мала што казаў! Казаў, каб абдурыць цябе!»

— Настоіш!— прамовіў уголас.— Паспрабуй з маім бацькам настояць!

— А ты кляўся! Я ж паверыла табе.

Замаўчаў.

— Дык ты ашукваў? Скажы: ашукваў? — прыстала, трасянула за белую кашулю.— Ну? Дабіваўся толькі ўцехі, дурыў мяне?

— От прычапілася! — адкінуў яе рукі, адвярнуў твар.

Закрыла твар далоньмі. Заплакала.

— О, божачка! — забедавала. Рэзала яго гэтым плачам нібы сярпом па сэрды.— Якая я дурніца! Самая дурная на свеце! Вось плата за маю веру! За мой грэх!

Ён маўчаў, ні супакойваў, ні дакляроўваў нічога. Яна ў роспачы кінулася прэч, да свайго дому. Ён не затрымліваў, не бег услед. Радаваўся, што ўцякла, збавіла яго ад згрызоты. Хоць гэтае збавенне было часовае, маласуцяшальнае: наперадзе былі яшчэ вялікія непрыемнасці. Не тыя Чорныя людзі, каб дараваць яму такі грэх. Ды i бацька, калі даведаецца пра ўсё, усыпле дык усыпле.

...На гэты вялікдзень Алесь добра падгуляў. Дома, пасля дадаў яшчэ ў аднаго i другога дзядзькі. Адмаўляўся, але тыя змусілі пачаставацца. Грэх, казалі, не выпіць на вялікдзень, не прывітаць вясну, работу ў полі, цеплыя, вясёлыя ды жыццярадасныя дні.

Увечар, калі скончылася гасцяванне нa хатах, мужчыны пацягнуліся ў карчму. Хто хацеў тут яшчэ выпіць, хто ішоў, каб паслухаць i пагаварыць пра жыццё-быццё — здаўна Янкавіны сыходзіліся ў карчме нібы на нейкае сваё, вясковае веча. Тут можна было пачуць усе навіны, разумныя парады, строгія ацэнкі i прысуды, справіць свае клопаты і, капечне, падвесяліцца — пажартаваць, пакпіць, паспяваць песні, паслухаць музыку, паплакаць, даць некаму ці самому атрымаць па карку. Гаспадар карчмы, гарэлка добра выяўлялі: хто што варты i як трэба з кожным паводзіцца.