Алесь шчыра запляскаў у ладкі. I за музыку, i за песню. Не вельмі хочучы, запляскалі Чорнаму i ўсе астатнія за яго сталом: ён, Чорны, нібы ўзвысіўся ў гэтую хвіліну над імі, што не мелі такога музычнага i песеннага дару.
Падхапіўся са свайго месца Чарноў; хістаючыся, пайшоў да скрыпача i спевака.
— Дзякую,— патрос кожнаму руку. Пакорпаўся ў кішэнях, мусіць, шукаючы грошай. Не знайшоўшы, махнуў рукою, абхапіў у абдымкі спачатку Сцяпана, пасля — скрыпача i кожнага пацалаваў у шчаку. Выціраючы пад вачыма слёзы, вярнуўся да свайго стала.
Расчулены скрыпач не іграў. Чакаў, хто хшо папросіць сыграць. Канечне, за плату. Але ніхто не паспеў нічога папрасіць: у залу ўбег расхрыстаны Лядзяш, трымаючы ў руках фуражку. Быў спалатнелы, аж белы. Запыніўся каля стала, дзе сядзеў Алесь, зірнуў на старога Нямкевіча i на старасту, Дземідовіча.
— Уйміце сваіх галаварэзаў! — загадаў. Гнеўна, строга.— Яны там усіх перарэжуць ці пераб'юць...— Шлёму, які нібы з-пад зямлі паўстаў побач, таксама загадаў: — Гарэлкі! Фужэр!
I бацька, i Дземідовіч сумеліся: адчулі, што на танцах завяліся біцца іхнія сыпы. Можа, па-маладому i не саступілі недзе адно аднаму, можа, i ўспыхнуў сыр-бор з-за дзяўчыны. Бадай, на кожны вялікдзень хлопцы — i не толькі хлопцы,— падпіўшы, б'юцца, кулакамі дабіваюцца сваёй праўды.
Бацька i Дземідовіч, а за імі астатнія пакорпаліся ў кішэнях суконных чорных фрэнчаў, дасталі капейкі (плату за гарэлку i за музыку), паклалі на стол i пайшлі з карчмы.
— Панове,— выбег ім наперад гаспадар,— пасядзіце яшчэ, выпіце, паслухайце музыку, паспявайце... Усё абыдзецца добра. Маладыя ж пеўнікі любяць падзяўбціся... Спусцяць дурную кроў — супакояцца...
Але мужчыны не паслухалі яго, усе гуртам падаліся, відаць, на вечарынку, каб уціхамірыць задзіракаў.
Тыя, што засталіся, сядзелі позна. Дзяжко i Гарбуковіч упіліся; Чарноў, аблакаціўшыся на стол, зноў заснуў; Лядзяш, дадаўшы да фужэра яшчэ колькі чарак гарэлкі, як кажуць, акасеў і пачаў прыдзірацца да ўсіх. Чапляўся, падышоўшы, да Алеся (да яго падсеў Сцяпан Супраневіч), а пасля прыліп да Чорных, папікаючы ix за бязбожнасць. Слова за слова — i схапіліся загрудкі. Лядзяш i Міхайла. Відаць было: яны аднагодкі, але вёрткі, жылісты Чорны натаўчэ суперніка-таўстуна.
Сцяпан i Алесь кінуліся развесці запальчывых крыкуноў, бачачы, што могуць пабіць уплывовага Ледзяша, а таксама памалаціць вокны, сталы ды лаўкі, гаспадар пачаў выправаджваць позніх гуляк дадому.
— Пане Дзяжко, пане Гарбуковіч,— пачаў ён упрошваць то аднаго, то другога,— будзіце пана Чарнова i вядзіце яго ў цёплую i мяккую пасцельку! Пане Аляксандра, пане Сцяпан, памажыце зайсці да свайго дому пану Ледзяшу.
— Ты што, вырыванец? — пачуўшы гэта, Лядзяш схапіў карчмара за камізэльку.— Ты за каго мяне лічыш? За п'яніцу?! — Рвануў безабароннага гаспадара за камізэльку, аж запырскалі з яе гузікі.— Не смей, нехрысць! Я афіцэр! Салдат яго вялікасці, Айчыны! Што захачу, тое i зраблю!
— Што вы, пане,— залепятаў той, не вырываючыся, а паслухмяна вытрымліваючы ўсе здзекі.— Хіба ж я слоўца кепскае сказаў на вас? Хіба не паважаю? Я хачу, каб пане Аляксандра i пане Сцяпан пайшлі разам з вамі, каб вас ніхто не зачапіў, каб вы здаровенькія i цэленькія былі, яшчэ многа паслужылі на карысць...
Лядзяш прыхінуў яго да сябе, няўцямна пазіраючы таму ў бегатлівыя вочы, а пасля, мусіць, зразумеў, што яму толькі што сказалі, задаволіўся.
— Ладна! — адштурхнуў ад сябе ахвяру.— Ты — жулік, але патрэбны чалавек. Нясі гарэлку. За свой кошт.
Алесь міргнуў гаспадару: не трэба больш нікому даваць пітва, бачыце, якія ўсе ап'янелыя. Той адказаў яму таксама падміргваннем: лепш даць, чым пашкадаваць. Не дасі — перавернуць усё тут дагары нагамі, дасі — вып'юць, зусім ап'янеюць i стануць болей рахманыя, бязвольныя.
Сапраўды, пазней i Лядзяш, i Чорныя пацішэлі. Сцяпан павалок дадому братоў, а Алесю прыйшлося клапаціцца пра ненавіснага Ледзяша (Дзяжко, Гарбуковіч, каб не весці Ледзяша, неўзабаве шмыгнулі з карчмы).
Лядзяш, ацяжэлы, лічы, віснуў на Алесевым плячы i, як кажуць, ганяў гусей — хістаўся ў бакі, гроб нагамі зямлю, падаў. Каб кінуў яго, дык i не падняўся б, заснуў тут жа на дварэ.
Ішлі паблізу цёмных ужо платоў, часта абапіраючыся на ix. Адпачывалі з хвіліну, а пасля Алесь вёў Ледзяша далей. Усё бліжэй да Засценка.
— Куды ты мяне цягнеш? — нібы бараніўся, нібы бурчэў бязвольны «ісцінны абаронца веры, цара i Айчыны».— Ці не да Шуры? Ці не ўтапіць? — Спатыкаўся, падаў, i Алесь з цяжкасцю зноў ставіў яго на ногі, вёў.— Чаму не, Ледзяша можнa ўжо i ўтапіць... Ледзяша, ісціннага патрыёта, можна праганяць як сабаку са службы, заганяць у гэты глухі кут... Але не, Лядзяш не прападзе. Ён дакажа, падатрэ ўсім нос... Мемуары...— Прамовіў, ледзь не ўсхліппуў.— Нідзе, нi ў Вільні, ні ў Пецярбурзе, не бяруць... Як i мае праекты дзяржаўнай перабудовы... Не трэба ім. Ёсць, бачыце, большыя розумы, патрыёты, чым Лядзяш... Адпісачкі ўсякія з насмешачкамі мне даюць. Насмяюцца! На сваю галаву!