Выбрать главу

Лядзяш то тупаў, то бег нібы не сваімі нагамі, бубніў i бубніў i, мусіць, зусім не цяміў, хто i куды яго цяпер вядзе. Алесь жа цярпліва слухаў гэтыя п'яныя нараканні, д'яблаву споведзь, сам сабе не верачы ў тое, што чуе. Няўжо чалавек не адчувае, што займаецца лухтою?

— Убачаць! Ацэняць хутка Ледзяша! — не сціхаў той.— Калі прачытаюць маю цыдулку пра казнакрада Сяргеенку, пра п'яніцу айца Феадора, пра гультая Дзяжко i доўбню Гарбуковіча, фанабэрыстага хвалько Петухова ды зламысніка Нямкевіча... Kaлi даведаюцца, што я пачаў хадзіць па вёсках i збіраць старыя кнігі, рукапісы, дакументы. Прыстрашу — аддаюць. Аддадуць — палю ўсё ўпотай... Пакідаю без памяці, гісторыі... Каб былі ніхто! Хай жывуць, каб толькі даваць мяса, малако, жыта, бульбу, лёп, садавіну i гародніну, рыбу, лес... З'едзена, выпіта — i ўсё забыта...

«Божа! — жахнуўся Алесь.— Ці не ўтапіць мне сапраўды злыдня? Ці трэба ратаваць яго?»

— Я ўсё перайначу...— спавядаўся Лядзяш.— Даб'юся, каб Янкавіны назвалі якімі Глупікамі, Налібакі — Сабачым Сялом, Дзераўную — Балотам, Рудню — Жабракамі... З'ем гэтую школку, не дапушчу заразы... Бачыце, чаго захацеў! Не! Лядзяш зробіць сваё... Убачаць! Ацэняць! Самому цару-бацьку напішу, калі не ўбачаць i не ацэняць! Цар зразумее, узнагародзіць свайго вернага салдата... Даруе за тое, за што са службы прагналі... Бо выкупіў віну... Цалкам выкупіў... Вернаю службаю!

Лядзяш пагаманіў яшчэ крыху, пакуль меў нейкія сілы. Пасля пачаў толькі мармытаць, зусім ацяжэў, што Алесь выбіўся з моцы, пакуль давалок яго дадому.

Ix сустрэла гаспадыня — невысокая, ціхая, інтэлігентная, састарэлая без пары бабулька. Яна, як відаць было, спаць яшчэ не клалася, чакала мужа-гуляку. У вялікіх яе вачах быў застылы сум, маркота.

Гаспадыня завойкала, застагнала, памагла, лічы, занесці абвялага мужа ў спальню, скінуць шынель i разуць. Лядзяш як сноп кульнуўся на ложак, падкурчыўшы ногі. Зірнуўшы на яго жоўтыя ступакі, старэчыя маршчыны, Алесь не адчуў болей злосці, a толькі шкадаванне. Пажылы чалавек, але па сваёй дурноце шкодзіць i сабе, i людзям.

— Дзякую, Алеська,— праводзячы яго на двор, сказала гаспадыня.— Выбачайце. За клопаты, за... Я ведаю: мой стары псаваў i псуе вам кроў. Я колькі разоў гаварыла: куды ты i чаго лезеш? Маеш пенсію — жыві як чалавек, не грызіся з людзьмі, не зламыснічай. Не слухае. Убіў сабе нешта ў галаву i па-свойму ўсё робіць... А ён жа з простай, лічы, сям'і. Бацька яго быў вайсковы лекар, добры, спагадны чалавек. I ён, гаспадар мой, змоладу быў, здаецца, неблагі. А потым, як стаў афіцэр, як падмянілі яго. Колькі я пагаравала, Алеська, за ім! Піў, гуляў, біўся... Прагналі са службы — думала: ну, адумаецца чалавек, па-людску жыць пачне. Не. Яшчэ болей здурнеў... Самі ж ведаеце, як выслужыцца хоча... Зненавідзелі ўсе. З-за яго на людзі выйсці не магу... Няма сілы людзям у вочы зірнуць...— Усхліпнула.— Іншы раз, няхай гасподзь даруе, прашу смерці... Ці яму, ці мне... Выбачайце, кажу, Алеська. На вечным судзе за ўсё адкажа... За вас таксама... За тое, што вам, можа, i жытачку сапсавау...

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

1.

Пасля вялікадня пачало цяплець. Павышэла, пачысцела неба, памацнеў вецер-скразняк, выдзімаючы холад i наганяючы цяпло. Каб хоць адна парная ноч — пырснула б ужо золянота. На зямлі, на дрэвах.

На трэці дзень вялікадня, увечар, Алесь сабраў дзяцей у Собалішыну хату (Казлоў якраз падаўся да сваіх сяброў у Івянец нібы святкаваць вялікдзень, а на самай справе пабыць на сходцы). Праўда, прыйшло толькі палову тых дзяцей, каго ён клікаў.

Цяпер вось яны сядзелі па лавах. Усе са стрыжанымі нажніцамі валасамі, з «паласатымі» галовамі.

Неўзабаве на дварэ пачуўся тупат. Алесь зірнуў у акно: ішоў дзяк-псаломшчык, Дземідовіч. Не хітры, не вельмі паганы, але надакучлівы чалавек.

«Сам ідзе? Айцец Феадор падаслаў?»

Алесь сустрэў нечаканага госця пры парозе, падаў руку. Той зняў шапку, ca здзіўленнем зірнуў на ўсіх. Быў падпіты. Калі б не ўзяў чарку, дык, відаць, не асмеліўся б тут паказацца. Алесь запрасіў садзіцца на сваё месца — на крэсла каля стала.

Дзеці прымоўклі: не вольмі ладзілі з дзякам. Той заўсёды вёў з імі вайну. То за папоўскі сад, то за паводзіны ў царкве.