Выбрать главу

— Дык сабралася, як мышэй! — пахітаў галавою Дземідовіч.— A казалі, ніхто не пойдзе ў гэтую школу!

— Прыйшлі, як бачыце,— усміхнуўся Алесь.— Думаю, пазней i яшчэ болей прыйдзе...— А пасля, каб крыху падлагодзіцца, каб не насцярожваць госця, папрасіў:— Можа, пане Дземідовіч, скажаце што, як кажуць, на дарогу дзецям?

— Магу,— згадзіўся ўсцешаны госць.— Але толькі хрысціянскую казань.

— Калі ласка.

Госць устаў, прыгладзіў далонню русявыя валасы.

— Ну вот, вучаніке,— прамовіў напышліва,— Іванавіч хоча навучыць вас...— Запнуўся, падумаў i нечакана выпаліў ні з таго ні з сяго:— Але ж вы дурныя, як цапэ!..

Усе моўчкі паўгіналі галовы. Можа, былі ўжо i не радыя, што прыйшлі сюды — пачне зараз Дземідовіч саромець ды папікаць. Алесь адчуў вялікую пагрозу ад такой дзякавай «педагогікі», але маўчаў. Абы: не ўгнявіць таго, абы той не наплявузгаў абы-чаго папу. Хай пагугніць ды сыходзіць.

— Пагляджу вот, якія вы кемныя,— ажывіўся дзяк.— Загадаю вам загадку. Слухайце. Што такое: корч выкінуў, а яму нанёс з сабою?

Усе маўчалі.

— Цапэ! Цапэ!. — паківаў галавою «педагог».— Тады яшчэ дам задачку,— пацёр далонь аб далонь.— Вот. Нёс дзядзька за плячыма ў мяху капусту, у адной руцэ вёў казу, у другой — ваўка. Падышоў да рэчкі. Трэба пераправіцца на лодцы на той бок. А як пераправіцца? У лодку ж можна сесці толькі самому i яшчэ нешта толькі адно ўзяць. Каго?

— Казу,— падаў голас Язэп Чорны.

— Дурань! Як i ўсе Чорныя! — абсек яго Дземідовіч.— Перавязе дзядзька казу — воўк капусты есці не будзе,— падняў уверх закарэлы здаўна палец, прыплюшчыў шэрае вока.— Вернецца дзядзька, што цяпер возьме? Забярэ капусту — каза з'есць яе, забярэ ваўка, кіне яго i паедзе па капусту — воўк з'есць казу... Ну...— пастукаў пальцам у скроні.— Хто адкажа? У каго галава не дурная?

Усе маўчалі. I Ясік, Алесеў пляменнік, i пляменнікі Грыгарцэвічы ды Касцюкевічы, i Мішуковы дзеці, i пляменнік братавай Ядзі — адзін хлопчык, хто прыйшоў сюды з Засценка. Астатнія шляхцюкі-засцянкоўцы дзяцей сюды не пусцілі.

— Ну што, нябесныя опухі?— ззяў вачыма дзяк.— Ніхто не цяміць?

— Я,— нясмела падняу руку Кастусь Чорны.— Дзядзька завязе казу, потым прыедзе па капусту. Капусту кіне, забярэ з сабою казу. Казу пакіне, забярэ ваўка. Воўк жа капусту не з'есць. А тады вернецца i забярэ казу...

— Ах, каб на цябе халера! — здзівіўся дзяк, пляснуў рукамі.— Расшалоніў! I хто, Іванавіч! — па-змоўніцку павярнуўся, зірнуў на Алеся.— Чорны! Галадранец!

— Тады задача па арыфметыцы,— падняў зноў брудны палец угору дзяк.— Вот. Слухайце. Тры рублі рублямі, рубель пятакамі, рубель i пятак, тры капейкі па капейцы i капейка так... Дык колькі гэта будзе?

Усе маўчалі.

Дзяк зноў паўтарыў сваю задачку.

— Баранэ! — пасля махнуў рукою.— Не вучыць ix трэба, Іванавіч, а дакладаць да работы. Праўду кажа Шлёма, мужыцкія галовы дурныя, не для навукі!

— Няпраўда, Пятровіч,— мякка не згадзіўся з ім Алесь.— I нашы, мужыцкія галовы здатныя для навукі. Калі будуць умовы, калі будуць добра вучыцца, дык i з ix,— кіўнуў на дзяцей,— могуць вялікія людзі быць. Вучоныя, пісьменнікі, артысты, генералы.

— З Чорных — генералы?! — ухмыльнуўся дзяк.— З ix парабкі ўсе. Ды канакрады, бандзіты! Толькі адзін іхні дзед,— кіўнуў на Язэпа i Кастуся, Сцяпанавых унукаў,— не дурны. Але звар'яцеў ад чытання. Бо што ні кажэце, мужыцкія галовы не могуць мець вялікі розум...

— А я, Пятровіч, думаю іначай.

— Ну што ж,— усміхнуўся дзяк.— Можа, вы, Іванавіч, i зробіце з ix вучаных. Вучыце. Калі маеце ахвоту. А вы, баранэ,— павярнуўся да дзяцей,— шануйце бога i слова божае. Бо вам найперш з боскаю навукаю трэба жыць. Вот хто ты? — тыцнуў у грудзіну Язэпа.

— Язэп,— адказаў той.

— Дурань. Ты раб божы!

Алесь зморшчыўся. Пакутліва слухаў, як дзяк пачаў расказваць пра стварэнне свету, пра Адама i Еву, іхні грэх, пра патоп, пра Хрыста, яго пакуты, смерць i ўваскрэсанне. Пасля папырскаў святою вадою — з вярбы — хату, дзяцей, перажагнаўся i пасунуўся з хаты. Але паклікаў з сабою i Алеся.

— Іванавіч,— лісліва загаварыў у сенцах,— вот, лічы, на праступнасць пайшоў дзеля вас! Бацьку вашага i вас самога паважаючы. Айцец Феадор казаў сёння: не ідзі, не бласлаўляй, бо праступна. А я пайшоў. Дык...

Алесь дастаў з кішэні рубель. Даў.

— Благадаран,— усміхнуўся.— Чалавек не быдла: гарэлкі на ваду не мяняе...— сагнуўся ў паклоне дзяк. Шмыгнуў з сянец.

— Цяпер ён, Алеська, будзе драць i драць з вас,— сказала з печы гаспадыня, старая Собаліха, калі ён вярнуўся ў хату.— З ім звязацца — як у бруд выкачацца...

Алесь, усміхнуўшыся, падышоў да дзяцей. Стаў пасярод пакоя.