Янкавінцы i радаваліся, што пасля вялікадня гэтак дружна ды смела пайшлася вясна, i непакоіліся: калі, крый божа, мароз, дык не будзе сёлета садавіны.
Гарбацэвічы, усе ўзрушаныя, былі на двары. Сёння яны разам з суседзямі, Нямкевічамі, меліся, як казалі ў Янкавінах, запасваць статак. Змовіліся i нанялі разам пастушка — унука Сцяпана Чорнага, Кастуся.
Першы ў хлеў пайшоў ён сам, гаспадар. Ca свянцонаю вярбою. Адчыняў брамкі ў загарадках i выганяў быдла — каровы, авечкі. Лёгка махаў вярбою, мармытаў малітву. На двары, калі быдла стоўпілася, кінуў цераз яго загадзя прыгатаваныя тры каменьчыкі, каб статак за ўсю пашу ваўкі не зачапілі, а пасля выцягнуў ca страхі колькі саломін i абнёс быдла — каб тое не адбівалася ад свайго хлява i двара.
Потым, махаючы вярбою, пагнаў быдла на выган, куды меўся прыгнаць сваю карову i авечак сусед. Неўзабаве паказаўся i той. I гэтаксама гнаў быдла з вярбою ў руках. Як i за ім, Гарбацэвічам, так i за суседам ішлі ўзбуджаныя жонка, дачка, нявестка з дзецьмі.
Каровы сышліся, пачалі хадзіць адна каля адной, крывячыся i настаўляючы рогі. Малодшая чорна-белая Гарбацэвічава адразу ж саступіла суседавай чырвонай карове, саступіла i серадольшая, а вось старэйшая, шэра-белая Зязюля, счапілася. I яны, упёршыся рагамі ды лбамі, пачалі дужацца. Суседава сапхнула. Значыць, стала ў гэтай чарадзе глаўнісяю.
Каб тыя гады, дык Гарбацэвіч зазлаваў бы, што яго быдла зноў саступіла суседавай карове, а сёлета перажыў гэта досыць спакойна: сёлета яны памірыліся з суседам на вялікдзень i, падпіўшы, нават цалаваліся, дамовіліся, што звядуць разам сваіх дзяцей. Ды во нешта толькі сусед не прысылае сватоў! Няўжо брыкаецца Янка?
Яны, гаспадары, сышліся, паназіралі, як ходзяць адна каля адной каровы, абнюхваюцца i яшчэ не нагінаюць галоў да зямлі, бо, лічы, яшчэ няма той травы.
— Хай паходзяць, пратрасуцца. Увечар смачней з'ядуць,— сказаў Нямкевіч,— А табе, пастушок, каб не спаў раніцай, не травіў чужога поля, не губляў быдла, на гасцінец,— i даў паўрубля, а пасля гаспадыня падала яму клуначак, дзе, відаць, былі хлеб, сала, яйкі.
— Я ўвечар ужо дам,— сказаў Гарбацэвіч, чакаючы, што Ясь зараз, можа, загаворыць пра сваты. Але той не загаварыў. Дык i разышліся без яснасці.
— Не кажа ж нічога во...— ужо дома Гарбацэвіч паскардзіўся Вікці на суседаву стрыманасць.
— А ты што хочаш? Каб адразу ўсё!..
— Адразу! Адразу! — перакрывіў.— Зараз араць, сеяць будзе, дык хіба да сватоў i да вяселля мне будзе?!
Анелька, прыгнечаная, маўчала. Яна ведала: Янка ходзіць да Зосі, на яе не зважае. Але старыя хочуць прымусам злучыць ix. Яна-то з вялікай радасцю пайшла б за Янку, бо ён вельмі падабаўся ёй, яна нават употай кахала яго, але цяпер гэтай бацькоўскай волі была не зусім радая. Ведала: Янка яе не кахае. Маўчаў i Віця. Але той, наадварот, усцешваўся. Ён хацеў бы, каб Янку звялі з яго сястрою, каб Зося засталася вольнаю. Адно, што яго насцярожыла i не давала спакою, гэта тое, што да Зосі пачалі ўжо i іншыя ездзіць у сваты.
— Вы, тата, можа, першага Віцю жанілі б,— сказала Анелька, каб паспачуваць брату i заадно аддаліць ад сябе трывожныя падзеі бацькавай задумы,— Ён жа i старэйшы, ён жа i яшчэ адны рукі ў хату прывядзе, зямлі прынясе вам...
— А можа, i праўда, Пётрык, яна кажа,— седзячы каля стала, прамовіла Вікця.— Анелька ж яшчэ зусім маладая. Ды няведама яшчэ, ці захоча яе Янка ўзяць...
— Захоча! Не захоча! — незалюбіў ён.— Што бацька скажа, тое i будзе! А сама ж чула, што Ясь сказаў: параднімся... Хлопца я калі захачу жаню, а вот дзеўку калі хочаш замуж не аддасі. Ды ў сваей вёсцы, ды ў добрую сям'ю... Каб i ёй, i каб мне добра было. Аддадзім замуж яе, тады жэнім i яго.
Вікця замаўчала, ведала: спрачацца з мужам — ваду ў ступе таўчы. Не перавернеш на сваё.
— А я не хачу той прудской...— нечакана смела сказаў Віця, міргаючы-міргаючы вейкамі.
— А каго ж ты хочаш? — сеўшы ля стала, запытаў бацька.— Купчыху? Гарадскую? Царэўну?
Віця не адказаў.
— Ён Зосю Мішукову хоча,— падказала дачка.
— Зосю-Барбосю! — перакрывіў Гарбацэвіч.— А можа, Верку Чорную? Яшчэ ж багацейшая!
— Ён не з-за багацця яе хоча ўзяць...
— А з-за чаго ж? — рэзка запытаў Гарбацэвіч У дачкі.
Анелька не ведала, як сказаць тое, пра што думала.
— Ды не кіпі-сквірчы ты, як скварка на патэльні,— ціха папрасіла жонка.— Па-людску хоць раз з дзецьмі пагавары.
— Hi пра якую Зосю i думаць не трэба! — закрычаў Гарбацэвіч,— Я ж сказаў: у Прудах добрую дзяўчыну нагледзеў. Можа, дзесяцін i сем зямлі прынясе ў пасаг.