Выбрать главу

Бацька маўкліва i пакорліва памагаў ім, кабетам; меншыя брат i сястра крыху памагалі, але больш таўкліся пад рукамі ў вясёлым настроі (ім хуткае вяселле было вялікай уцехай, i яны загадзя ўжо ўсяго патроху пасмакавалі з яды) ці бегалі па суседзях i пазычалі ў людзей міскі, талеркі, відэльцы, чаркі.

Прыбягала памагчы ім i Галена. З ёю ж яны ў пятніцу, каб не адкладаць шмат работы на апошпі дзень, спяклі вялікі каравай, торт.

У суботу бацька напрыносіў ад суседзяў сталоў, выкінуў з хаты у падпавець ложкі, расставіў у хаце сталы, падправіў, падмазаў калёсы. Спакутаваўся за гэтыя тыдні i ён. Запалі вочы i шчокі. У Зосі нечакана аж паменшала да яго злосці, крыўды, з'явілася спачуванне. Hi для чужога ж, для яе вось так стараецца!

— Колькі ўсяго нагатовілі! — бачачы, што яны зрабілі з маці за тыдзень, здзіўлялася Зося.

— Ох, дачка! — уздыхала маці.— Вот паглядзіш: яшчэ i не хваціць. Людзі цяпер, пасля зімы, пасля работы ў полі, згаладалыя. Будуць есці як не ў сябе... Можа ж, помніш, мы Галену ўвосень, калі ўжо, лічы, усе пачалі калоць свіней, аддавалі, гэтаксама многа нагатовілі, a сяроўна не хваціла. Свяцілі вачыма. А цяпер жа яшчэ лепей трэба старацца... Не можам жа гасцей горш, чым Пётрык, прыняць... Абгавораць людзі... I так у нас вясельных меней будзе...

— Вяселле зробіце — a самі потым зубы на паліцу пакладзіцё...— паспачувала Зося.

— Абы табе добра было. Абы цябе ніхто ніколі не папікаў...— адказвала маці.— А мы неяк ужо выжывем, абы здаровыя былі.

Увечар у суботу прыйшлі дрўжкі — Волька i Верка Чорныя, іншыя дзяўчаты. Спачатку памаглі прыбраць у хаце — выдраць рыдлёўкамі гліняны ток, пашкрэбці пажамі i вымыць сталы, лавы, падаконнікі, а пасля пачалі плесці з травы i лясных кветак для яе вянок, часаць ёй валасы, прыбіралі яе ў вясельную сукенку i ў вэлюм, словам, прыйшлі на «вянок», ці на «дзявочнік», як казалі ў Янкавінах.

Апошнія два гады Зосю запрашалі ўжо ў дружкі, дык яна хадзіла на такія «вянкі», i тыя часіны для яе былі ўрачыстыя, вясёлыя. Яна з нейкаю таямнічай радасцю пляла вянкі, памагала ўбіраць маладую, спявала песні. Але сёння i яна, i адна з дружак, Міхайлава Верка, былі невясёлыя, дык вечар быў сумны. Гэта адчувалі яны i самі, дзяўчаты, адчувала i маці — паходзіць-паходзіць, паглядзіць на ix ды паслухае, а потым складзе на грудзях рукі i замаркоціцца. Маўклівы быў i бацька. Сядзеў моўчкі каля стала i курыў піпку за піпкаю, пазіраючы долу.

— Паспявалі б вы, дзяўчаткі,— папрасіла маці,— некалі ж, калі мы яшчэ хадзілі на «вянок», дык весела было. Паўвёскі прыходзіла пад вокны, каб паслухаць.

Заспявала Волька Сцяпанава, першая Зосіна сяброўка, а цяпер дружка:

Выйшла Зосечка За вароцейкі, Стала сабе Пад калінаю. Калінку ломіць, Слёзачкі роніць. Слоўца не прамовіць. За ёю, ёю Мамачка яе. Стала ў яе пытаціся: — Дзіцятка маё Маладзенькае, Да чаго ж так плачаш? — Мамачка мая Родненькая, Ды як жа мне не плакаць: Гавораць людзі, Нашы суседзі, Што ў вас доўга мне не быць. — Дзіцятка маё Маладзенькае, Не давай людзям веры, Пайдзі ў садочак, Нарві красачак, Сядзь сабе між дзявочак, Зві сабе, маладзенькая, Вяночак. — Не мне ў садочак, Не мне вяночак, Не мне між дзявочак. Прыйдзе Віцочка У белым цвеце Ды завяжа мне свецік.

— А мне ж, Зосечка, Уладак так свет завязаў! — прытулілася да яе i ўсхліпнула Верка.— Я й не ведаю, што буду далей рабіць. Паверыла яму, а ён гэтак пацешыўся...