Пасля таго ў Янкавай душы нібы нешта прачнулася, запатрабавала волі. У яго ўспламянілася сэрца, памацнеў смутак па кабеце. Адчуў: ён ужо мужчына, жаніх. Яму трэба была ўжо жонка. За жонку яму хацелася мець Мішукову Зосю. Ён нібы нанова зірнуў на яе, на вёску, на свет, адчуў, што ўжо болей не можа жыць, як жыў дагэтуль. Ён трывала ўжо трапіў у сеткі прыроды-матухны, сам не зусім ведаючы пра гэта i саромеючыся свайго такога палону. Яго каханне не хацела ведаць меж, як не мае ix вада ў вялікую паводку, разліваючыся ва ўсю моц. Гэтае каханне было i святое, чыстае, i нейкае грэшнае, бессаромнае, жорсткае. Ён аж сам часамі бянтэжыўся, што хоча завалодаць іншым чалавекам.
Амаль кожны дзень у апошні год Янка раніцай прачынаўся з усмешкаю, сам спачатку не ведаючы, што з ім, чаму ён такі ўзнёслы. Пасля калі губы, бадай, самі шапталі: «Зося... Зося...» — усё разумеў, з гэтым імем, з гэтым вобразам жыў цэлы дзень...
Усё гэта зноў мігам нагадалася цяпер Янку. З-за Ядзінай усмешкі.
— Схаджу да Чорных. На адну хвіліну...— буркнуў ён. I пад усіхнае маўчанне выйшаў з хаты.
На Янкавіны палі прыцемкі. I яны, сагнаўшы з неба светласць i чырвань, увачавідкі гусцелі — надта каля хат i прыбудоў. Янка прыгледзеўся да неба: можа, i сёння будуць відаць тыя чырвоныя слупы, што ўчора ўбачыў стары Драздовіч. Не, нідзе нічога не відаць. Толькі бліскае на небе некалькі першых далёкіх зорак.
Вокны ва ўсіх хатах цьмяна адбівалі далёкае кволае святло. Яшчэ нідзе, аднак, не гарэлі ні лучыны, ні газніцы. Ашчадныя людзі. Хто запаліць тое-сёе пазней, у цемень, а хто неўзабаве i ляжа спаць — у адзін час з курамі, як тут кажуць. Зімою, ды яшчэ ў вялікі пост Янкавіны вечарамі ціхія.
Янка мінуў хаты двух дзядзькоў — бацькавых родных братоў, пасля — Касцюкевічаў, Макававых, Навіцкіх, узышоў на ўзгорак, дзе паміж старых i саламяных янкавінскіх стрэх красаваліся дзве высокія, накрытыя белаю бляхаю будыніны. Злева — школа (тут летась да вясны вучыў дзяцей i Алесь), справа — даміна валаснога старшыні, Сяргеенкі.
Нечакана ў самым канцы вёскі, у Засценку, сыпнулі ўверх чырвоныя іскры, а за імі — шугнуў пук чырвонага агню. Пасля вогненным языком запалала яркае полымя — высока, на паўнеба. У некага гарэла ў коміне.
Агонь асвятляў увесь Засценак. Падалі водсветы i сюды, ружовілі снег. I ў гэтым святле Янка ўбачыў: насустрач яму, нібы гонячы перад сабою доўгія цені, ідуць людзі. У адзін рад. Подручкі.
Мінаючы высокі крыж, што стаяў ля хаты старой удавы Собаліхі,— крыж быў новы, жоўценькі, яго ставілі летась, каб не загінулі янкавінцы ад той вогненнай каметы,— Янка ссунуў з галавы вушанку. Можа, i з-за яго гэтай набожнасці сустрэчныя людзі засмяяліся. Старшынёва дачка, Кацярына, са сваім маладым мужам i ca сваімі сябрукамі i сяброўкамі. Зляцеліся ўжо ў сваю кампанію, як сарокі на сметнік.
Янкава сэрца аблілося крыўдаю, позычлівасцю. Не за сябе — за брата. За Алеся. Той колькі часу разам з Кацярынаю вучыў тут дзяцей, кахаўся, i яна пагаджалася парадніцца з імі. Бацька збіраўся паслаць ужо летась увосень сватоў у старшынёў дом. А як Алеся ўвесну звольнілі з працы, дык гэтая Кацярына адвярнулася ад Алеся, на лета некуды з'ехала, а пасля хуценька сышлася з новым прыезджым настаўнікам. Папрацавала з ім месяцы два i ўзяла яго ў прымакі. Алесь счарнеў ад бяды, ад такой здрады, а яна не тужыць. Радасная, вясёлая заўсёды. Як i яе кампанія: папоўскія дочкі, пісар Дзяжко, начальнік пошты Гарбуковіч i ўраднік Петухоў, як i яе муж, Арнольд Буткевіч.
Сустрэліся. Янка адступіў, даў дарогу. Першы павітаўся.
Кацярына i пападзянкі былі ў аднолькавых сівых пясцовых шапках, чорных паліто i ў боціках, а кампанейцы — у пышных бабровых вушанках, у паліто i ў хромавых ботах. Толькі Петухоў быў у форме.
Кацярыніны спадарожнікі кіўнулі галовамі ў адказ, хацелі хутчэй мінуць. Ён жа не пара ім, ніколі не меў з імі ніякіх адных інтарэсаў, а па-другое, яны непрыяцелі: i Петухоў, i Дзяжко ды Гарбуковіч ненавідзелі Алеся, усяк стараліся ўтапіць яго. Можа, i з-за зайздрасці, што таго паважаюць людзі, што да яго хінулася ў свой час Кацярына, i што той папікаў ix за знявагу простых людзей, за фанабэрыю i марнатраўнае жыццё.
— Ваня! — запыніла яго Кацярына.— Подожди. Я провожу тебя.
I праўда, адстала, памкнулася да яго. Высакаватая, гонкая. Нібы i не кабета, а усё яшчэ дзяўчына. Вялікія глыбокія вочы, роўны нос. Твар белы, якi не бачыць ніколі сонца. Вельмі наглядная. Але краса яе нейкая застылая, халаднаватая. Недарэмна ж людзі кажуць: калі чалавек вельмі прыгожы, дык ён халодны, чэрствы, любіць толькі самога сябе.