Выбрать главу

— Ды найшло,— без ніякай злосці адказаў гаспадар. I сам ён, i ўсе ў вёсцы прывыклі: цяпер толькi ў яго хаце вячоркі, прыстанішча для маладых. Кіўнуў на цьмянае акно.— Чуеш жа, бушуюць! Спярша, пад вечар, дзяўчаты прыйшлі, a нядаўна хлопцы ўкуліліся. Дык якое там цяпер вышыванне! Ну, ідзі i ты. I твая ж чарнявая сёння тут...

У хаце — яна была без перагародак — ужо ўцямнелася. I сцены, i вялікая пабеленая перад калядамі мелам печ адбівалі густы цень. Толькі светла шарэліся два невялікія акны — ад вуліцы i з двара. Зрывала нос ад тытунёвага дыму. Ён, здаецца, хмараю вісеў пад бэлькамі. Яго не паспяваў выцягнуць i адсунуты верхнік у печы. Як i заўсёды ў такую часіну, калі сталыя гаспадары на двары, a ў хаце цемень, маладыя скупіліся за печчу: туды, у закутак, дзяўчат, канечне ж, завалаклі хлопцы. На ложак i на тапчан. А тут, каля дзвярэй, на лаве i стале, ляжаць вунь толькі невялікія абручыкі з белым палатном ці ўжо i з вышытымі ўзорамі ды кутасікамі ручнікі, дарожкі — тая зачэпка, дзеля якой, як увосень, да каляд, з кудзеляю, з калаўротам ці з пер'ем, кожнай сталейшай дзяўчыне, якая ўжо заглядваецца на хлопцаў, можна выйсці з хаты на Сяло, да моладзі.

Бацькі ды маткі добра ведалі, чаго сыходзяць з дому іхнія сыны ды дочкі, ідуць да Чорнага — для гуляў, дурыкаў! — але дзе ты каго ўтрымаеш, калі таго цягне туды магнэзам!

— Вой, каб ты спруцянеў! Нехта ж ідзе,— завішчэла за печчу Вера Чорная, пляменніца гаспадара хаты, дачка Міхайлы Супраневіча, вырываючыся, відаць, з нечых абдымкаў.

— Гы-гы-гы! — зарагатаў Уладак Дземідовіч, сын янкавінскага старасты. Ад гэтага сакавітага, знарочыста моцнага смеху аж ускрыквалі пад печчу куры. Уладак быў хлопец паганы; перад дужымі ліслівіў, са слабых здзекаваўся; характар меў скрытны, хітры i двурушлівы.

Непадалёку сядзеў i падтакваў яго хаўруснік, Антон Емельяновіч.

Янка падышоў да маладых. I хлопцаў, i дзяўчат на ложку i на тапчане было як мух увесну на шыбіне. Хлопцы былі відаць па цыгарках: здаецца, кожны — жук i жаба — трымаў у зубах піпку. Яны свяціліся ружовымі вочкамі. Як каторы зацягнецца, дык агеньчык пабольшае, аж асвеціць губы з нахабнаю ўсмешкаю, дзюбку носа i няголеныя шчокі, ніз калматай авечай вушанкі. Хлопцы — тыя, каго зганьбавалі ці яшчэ не ўзялі ў войска, ці тыя, што ўжо выцягнуліся, як маладыя дрэўцы, i сёлета-налета пойдуць у войска. Дзяўчаты ўсякія. Маладзенькія, перастаркі.

— Ну, раскажы-раскажы, пане Яне, як ты з пападзянкамі пад ручку па вёсцы шпацыраваў...— радасна, седзячы між дзяўчат, загуў з ложка Уладак. Па мянушцы Скалазубы. У яго, як i ва ўсёй іхняй радні, былi вялікія, выпхнутыя, лічы, за верхнюю губу пярэднія зубы.

«Угледзелі ж!»

— А што — зайздросна? — адказаў Янка ўголас, надта не збянтэжыўшыся. Няможна саромецца. Абсмяюць, зганьбяць тады. Ды калі яшчэ вунь i Зося сядзіць. Каля гаспадаровай дачкі, Волькі. А каля Зосі прыляпіўся нейкі падлетак. Ды Вольчын брат, Пятрусь.

— Ну, а як жа! — не здаўся i Уладак.— Меншая пападзянка надта мяккая! Як булачка!

— Бачыш, ты i абгледзеў, i абмацаў! А я не паспеў.

— Гы-гы-гы! — сыта зарагатаў Уладак. Але не перагаварыў, не абсмяяў. Перад Зосяю. I ён жа меў на яе вока. Дарма, што чапляўся да яе сяброўкі, да Веры. Толькі смела — Янку насупраць — хадзіць да Зосі не адважваўся: канечне ж, номніў, як летась у гэтай жа хаце — на забаве — Янка добра наўскідаў па карку i яму, i яго сябруку. А дужыя кулакі для Уладака — добрая перасцярога. Ды i ўсе хлопцы пасля той бойкі пачалі пабойвацца Янкі i паважаць.

Янка i ў цемені бачыў: Зося стараецца на яго не пазіраць. Бліскае бялкамі, водзіць туды-сюды галавою. Нібы кожнаму зазірае ў вочы, кожнаму ўсмешкаю падтаквае ў гэтым няшчырым здзеку супраць яго, Янкі, хоць ён цяпер i адзін супраць хлапечай кампаніі.

— Ды садзіся ты,— зноў загуў Уладак,— а то зусім засланіў свет. I выперла ж! Да бэлек вунь!

Дзе тут уплішчышся? Прыгледзеўся: дзе там Кастуся? Можа, ля яе можна ўціснуцца? Сядзіць вунь збоку, на тапчане. З суседкаю. З Анелькаю Гарбацэвіч, пра якую сёння гаварыў бацька на Шубіне.

Устаў Пятрусь. Ступіў на драўлянае біла ложка, палез на печ, дзе кішма кішэлі i за ўсім цікавалі гаспадаровы ўнукі — ад двух сыноў, што цяпер у заработках: старэйшы — у Сібіры, меншы — разам з іхнім Гіполем, Вінцуком, Драздовічам i іншымі — у Амерыцы.

— Садзіся, Янак,— спаважна сказаў Пятрусь ужо адтуль, з ляжанкі.

У яго забілася сэрца: трэба сесці каля Зосі! Пастаяў крыху ў нерашучасці, а пасля сеў на цвёрды, убіты ўжо на камень сяннік, засланы цёмнаю дзяружкаю. Зося адсунулася.

— Па сена, Мудрыя, ездзілі? — запытаў Уладак.

— Ездзілі,— адказаў.

— А я ўвесь час думаў: цябе не будзе, дык я ўжо сёння павяду дадому Зосю...