Ён слухаў, што казала яму сястра. Слухаў, як старэйшую i разумнейшую.
«Няўжо, няўжо Зося ўпадабала мяне? — цеплынёю аблівалася яго сэрца.— Але чаго тады гэтак уцякае? Ох i хітры ж гэты люд, дзяўчаты!»
6.
Вера Чорная не старалася ўцякаць ад дзядзькавай хаты. Толькі ў гурце — для вока — выбегла з двара. За плотам запынілася. Яна чакала. I не памылілася: ззаду апошні цягнуўся Уладак Дземідовіч. Памалу. Нібы воз цягнуў за сабою. Усё ж добра Янка Нямкевіч бухнуў яго — спіною i патыліцаю ў сцяну — каб уцэліў на які крук, дык акалечыў бы.
Падышоў. Абхапіў за плечы. У Веры соладка зайшлося сэрца. Аднак скінула з сябе яго руку.
— Чаго ты? — здзівіўся.
— Ідзі, бяжы i ты! — папікнула.— Даганяй!
— Каго?
— Як не ведаеш! Падурэлі ўсе праз яе! Свету з-за яе не бачыце.
— Ды з-за каго?
— З-за Мішуковай Зосі...
— От знайшла красуню! — супакоіў.— Вочы па яблыку!
— Але ж i ты млееш за ёю...
— Я? — хмыкнуў.— За ёю? Ды яна, каб i хацела, дык я з ёю не хадзіў бы!
— Уга!
— Вот табе i дуга! — зноў прытуліў.— Я з табою хачу хадзіць, мякенькая ты мая, булачка пульхная!
— Так ужо i булачка! — закрыўдавала, але не злосна.
— Булачка! — абдымаў, наўмысна калоў падбародкам яе шчаку.
— Пусці! — спрабавала вызваліцца, але не рашуча.— Убачаць!
— Цяпер? — хмыкнуў.— Ды цяпер усе храпуць ужо!
Пайшлі па цёмнай вуліцы, у другі бок вёскі, у Засценак. Ён усё абдымаў — узваліўся на яе плячук. Але яна цярпела. Піхнуў да нечага — здаецца, дзядзькі Вайтковіча Юзіка — плота. Як i тыя разы, пачаў «лашчыць» яе — ціснуў, мяў далоньмі яе плечукi, грудзі. З нейкай злосцю. За тое, што яна, Чорная, i такая паслухмяная, не цураецца яго, як іншыя дзяўчаты, што i сёння Янка Нямкевіч адпіхнуў яго, пабег за Зосяю — за тою, хто i яму сушыць сэрца.
— Ну што ты робіш? — хіхікнула Вера.— Задушыш!
— Не задушу. Мужчына бабы не задушыць абдымаючы.
— I як табе язык не адсохне такое гаварыць! Пусціў у ход рукі. Залэпаў імі пад кажушком, каля яе сцёгнаў.
— Не лезь,— забараніла.
— Чаго ты, дурная, баішся? Нe з'ем жа,— даў рукам волю.
Пачала бараніцца. Абцягвала спадніцу ўніз, трымала за рукі.
— Не дзярыся! — задыхаўся ад барацьбы, маладога шалу, ад гарачыні яе цела.— Можа, i сёння яшчэ кусацца пачнеш?
— А ты не лезь абы-куды...
— Як гэта — абы-куды? Ці для другога каго беражэшся?
— Вот выдумляеш,— адказала,— Няма ў мяне нікога.
— Дык буду я? — прашаптаў ужо лагодна.— Добра?
— Уга, будзеш!
— Чаму не буду?
— Ды ты з Зосі вачэй не зводзіш. Ca мною толькі дзеля прыліку...
— От! — сказаў нібы пагардліва пра Зосю, а сам падумаў: «I бачыць жа ўсё, каб табе вочы павылазілі! І ўпартая, непадатлівая, хоць i горнешся!» — Ест там з каго вачэй не зводзіць!
— Не нагаворвай. А яна i праўда харошая.
— Ты не горшая.
— Уга,— не пагадзілася.— I яшчэ ест адно...
— Што?
— Я — гэта адно, а ты — зусім інакшае...
— Вот завялася! — яго начала разбіраць злосць, што яна гэтак стрымлівае яго рукі.— Хіба мы не роўныя? Абое ж людзі...
— Не! — не згадзілася.— Вы вунь хто, а мы... Мы — Чорныя...
— А хочаш, я вазьму цябе замуж?
— Уга! — усміхнулася.— Не будзе тое.
— Будзе. Абы я настояў. Але ж ты... Баішся во мяне.
— Я не баюся...
— Дык чаго рукі, лыч мне дзярэш?
— Дык ты ж робіш абы-што...
— Прыляпілася да слова! Я ж хачу, каб ты была мая. А ты не хочаш гэтага.
— Ну...— здаецца, ужо слабела ў супраціўленні, здавалася. Гарэла як у шале.— Гэта не адно...
— Адно!
— Пасля шлюбу толькі тое...
— Вот! — ускіпеў.— Старыя забабоны! Колькі я ведаю такіх, што i да шлюбу блізкія былі...
Нарэшце дабраўся да яе цела. Уздрыгнуў: якая ж яна палымяная! Як агонь. Адчуў: жыць не зможа, калі не зведае яе цела. Ён ужо колькі гадоў ведаў жанчын — i суседку-салдатку, якая цяпер вярнулася да сваix бацькоў, у Пруды, i Шлёмаву дачку, i малодшую пападзянку,— дык у ім ужо жыў мужчына.
— Не трэба, Уладачак,— начала прасіцца Вера.— Потым...
— Калі потым?— расшпіляў на ёй адзенне.— Усё «потым» ды «потым»...
Не зважаў на яе просьбы.
Верка заціхла. Замерла ў пацалунку. Здаецца, хліпала. Ён адпусціў яе на хвіліну, пачаў похапкам расшпільваць на сабе кажух. I ў гэтую хвіліну Вера нібы ўстрапянулася.
— Не! — цвёрда сказала.
«Не паспеў! — узлаваўся.—Усё, цяпер, як прачнулася, дык ужо не падпусціцца...»
Дзеля прыліку лашчыў яе далікатна, гаварыў цёплыя няшчырыя словы, але Вера была напагатове, больш такога, як раней, не дазваляла.