Выбрать главу

Разгарнуў папку ca словамі да слоўніка сінонімаў i блізказначных слоў. Ён амаль усю гэтую зіму рыхтаваў яго, дайшоў вось складаць да слоў на літару «П».

— Папракаць,— прачытаў уголас i ўсміхнуўся. I трэба ж так, каб якраз з гэтага слова трэба было пачынаць цяпер працу. Чаго-чаго, а папрокау ён наслухаўся за сваё жыццё. Пачаў чытаць далей.— Дакараць, наракаць, папікаць, прыставаць, пароць у вочы, тыцкаць у нос, упікаць, чапляцца...

Перачытаў. Адчуў: нешта тут не так, чагосьці не хапае. Народная мова багатая, гнуткая, трэба толькі ведаць, вывучаць яе — усё на ёй можаш сказаць. Самыя далікатныя i тонкія пачуцці. Думаў-думаў, але нешта сёння не было ўвагі, кемнасці, знаходкі.

«Ехаць ці не ехаць у тую Вільню?» — нечакана падумалася.

Каб не суд, дык шмат не варажыў бы, бегма пабег бы. Усё ж там культурны цэнтр краю. Адзіная свая газета, пісьменнікі, артысты, вучоныя, сябры i знаёмыя. Там хутчэй давёў бы да ладу i, можа, каб хто памог, дык i выдаў бы свае слоўнікі. Але ўся затрымка з-за гэтага суда. Ён, можа, i апраўдае, ён, можа, рэзка i зменіць яго лес — гвалтоўна спаралізуе яго, пазбавіць волі... Лягчэй бы было, каб нават ведаў, калі будзе той суд. Год хутка міне — а пра яго ні слова...

Ён раней вельмі пакутаваў. I ад таго, што трапіў у лапы паліцыі, што па яго завялі дасье як на злачынцу, звольнілі з працы, абняславілі. Пa першым часе нават збянтэжыўся, збаяўся: а можа, ён сапраўды зламыснік, робіць нешта паганае? Можа, як кажуць, па самай справе займаецца недазволеным, падточвае, як той каварны шашаль, моц? Але пасля разважыў: а чаму недазволенае, злачыннае тое, што дарагое сэрцу? Хто каму даў права такое забараняць? Ці ўсё ж, як кажуць, няможна ўсім ці не ў час гаварыць праўду? Бо, гавораць, праўда можа забіць чалавека, калі яна не ў час выяўляецца. Паволі пазбавіўся сумненняў, апраўдаў сябе i цярпліва, мужна прывык да новай ролі гнанага чалавека, пачаў не баяцца ні суда, ні турмы. Можа, толькі стаў больш задумлівы, нават патайны, чым быў раней. Начаў шмат думаць. Раней ён мог гаварыць усё, што прасілася на язык, запальваўся як порах, цяпер жа пачаў вучыцца стрымліваць сябе, больш разважаць i менш гаварыць.

«А можа, марсянуць услед за старэйшым братам у Амерыку?» Як кажуць, у краіну мільянераў, раскошы, дэмакратыі, новага мастацтва, рамантыкаў, гангстэраў, у краіну, што нечакана i хутка стала з канца мінулага стагоддзя першай у свеце? Зпайсці сто пяцьдзесят рублёў, купіць шыфкартку i падацца з Рыгі ў той новы, багаты свет, дзе, як кажуць, грабуць грошы лапатаю, наняцца ў рабочыя, парабкі, зарабіць тысячы i выдаць там слоўнікі — зрабіць для свайго народа тое, што яму вельмі трэба. Але дзе узяць тыя сто пяцьдзесят рублёў? Hi ў яго, ні ў бацькі такіх грошай няма. У іхняй Ядзі крыху ёсць, тое, што прысылае ёй кожны месяц Гіполь. Але ён дазваляе браць ёй на дробную трату мала, астатняе загадвае лажыць на ашчадную кніжку. Збірае на зямлю, на лес — хоча ўзбіцца на сваю гаспадарку. Hi Ядзя, бадай, не асмеліцца даць яму заробленыя мужам на чужыне грошы, ні сам ён не можа ix папрасіць. Хіба толькі пазычыць у сабакі вочы?!

Ды ёсць яшчэ пра Амерыку адна закавыка. Ці заробіш там тыя тысячы, ці знойдзеш выдаўца, пакупнікоў? I, па-трэцяе альбо нават i па-чацвёртае, ці зразумее яго ўцёкі веска? Ці не скажуць свае ж людзі з пагардаю: падбіваў-падбіваў нас да свядомасці, а сам, як прышчамілі крыху хвост, кінуў-рынуў нас, адмовіўся ад сваёй веры i пагнаўся па вялікія грошы?! A казаў жа ўвесь час, што ёсць нешта i больш важнае, чым грошы!

Не, адчуў, уцякаць яму няможна. Як бы ні склаўся яго лёс, а ён мусіць быць тут, побач са сваімі людзьмі. Трэба не нікнуць, не маркоціцца, а далей рабіць сваё, каб некалі, калі памрэ, успаміналі яго з павагаю, гаварылі: можа, i не ўсё ён зрабіў i не так, як трэба, але рабіў усё шчыра, сумленна, колькі меў розуму i сілы, нідзе i ніколі не хітраваў, не здраджваў нi сабе, ні людзям, нi жыццю, не прыстасоўваўся i не подлічаў.

Але што ўсё ж рабіць? За што жыць самому, як памагчы бацькам? Прадаць кнігі? Шкода. Столькі збіраў ix. Нават бацька, ведаючы, што за ix можна купіць i каня, i карову, не змушае прадаваць. Кажа: растуць дзеці, дык i ім кнігі трэба будуць. Бо штораз i простаму чалавеку ўсё цяжэй i цяжэй без навукі.

Узяў ліст, што ляжаў тут жа, на стале. Яго прыслаў учора даўні сябрук, Сямён Васілевіч. Перачытаў.

«Паважаны дзядзька Алесь!