Выбрать главу

Пазней, калі ўжо Алесь спрабаваў заснуць на сваёй канапцы i не мог, яму ўспомнілася адно, ужо няблізкае лета, адзін цёплы дзень. Ён, хлапчук, тады пасвіў пры налібацкай дарозе на сваім папары каровы, сядзеў на ўзбочыне i выразаў сцізорыкам узор на кійку. Пачуў рып калёс. Падняў галаву: з Налібак, з лесу, у мігатлівае мроіва поля выехалі дзве фурманкi. Збоку пярэдняй ішоў іхні невысокі сусед, Гарбацэвіч.

Алесь са сполахам зірнуў на каровы: ці не ўбілася каторая на Пётрыкава поле — сусед быў строгі i сярдзіты. Не, дзякуй богу, каровы не забрылі на чужое.

Калі фурманкі пад'ехалі бліжэй, Алесь яшчэ больш угледзеўся: на пярэдніх калёсах сядзелі чужыя мужчына i кабета. Маладога веку i, што самае нечаканае,— не тутэйшыя, не вясковыя людзі. Мужчына быў у белым капелюшы, у светлым касцюме i жоўтых туфлях, кабета — у белай доўгай сукенцы, гэтаксама ў капялюшыку. А ззаду калёс сядзела маленькая дзяўчынка. Як i кабета, у белай сукенцы, у капялюшыку i ў беленькіх туфліках.

Мужчына i кабета са здзіўленнем зірнулі на яго i, перазірнуўшыся, усміхнуліся.

— Дитя лесов, пущи! — прамовіў мужчына.— Босой, наголо стриженный, пугливый, грязный, рабски покорный! Вот тебе, Аннушка, и здешний тип!

— А мы ведь здесь будем жить...— уздыхнула кабета.

Алесь заліўся сорамам і, канечне ж, чырванню. Бо са здзіўленнем зірнула на яго i дзяўчынка, а пасля пагардліва паказала яму язык.

Тая дзяўчынка i была Кацярына Сяргеенка — яе бацьку прыслалі здалёку сюды на службу.

Прыезд новага валаснога старшыні змяніў усё Алесева жыццё: пазней i яго маленства, i юнацтва ішлі пад знакам Кацярынінага пасталення i хараства: Сяргеенку перавыбіралі на старшынёўскую пасаду рата за ратай. Гэтак жа, як i ён, закахаліся ў Кацярыну i іншыя янкавінскія хлапчукі дый хлопцы, але яны неяк у час зразумелі, што лапаць боту не пара, адышлі, пабралі іншых — сваіх i з іншых вёсак дзяўчат,— а ён не адмовіўся, усё чапляўся, кахаў толькі яе — i вось на, калі ласка, адны пакуты ад гэтага...

3.

Нa здзіўленне, ніхто не супярэчыў, каб Алесь ехаў ці не ехаў шукаць збавенне ці шчасце ў Вільні. Бацька ні абяліў, ні ачарніў, запытаў толькі, калі ён едзе, i пачаў моўчкі, нешта думаючы сваё, рыхтаваць сані ды каня ў дарогу — падвезці яго ў Стоўбцы да цягніка, a ўсхваляваная маці, спачатку збаяўшыся за яго жыццё ў тым вялікім горадзе (яна ніколі не была ні ў якім горадзе, але змалку думала пра гарады як пра штосьці жахлівае, небяспечнае), паплакала, пасля супакоілася (усё ж ён быў не дзіця, бачыў гарады i жыў у ix), гэтаксама начала моўчкі, але толькі глытаючы слёзы, збіраць яму дарожны пляцак — адзенне, харч.

Выехалі раненька, задоўга да світання. Павёз яго Янка. Усю дарогу — а да Стоўбцаў было пад сорак кіламетраў — ехалі, лічы, моўчкі. Толькі некалькі разоў перакінуліся пра халодную i цёплую цяпер зіму, цемень, пра добра выезджаную дарогу, пра вёскі — цёмныя, ахутаныя чарнатой Дзераўную, Заброддзе, шэрыя ад суцемак Брухачы, светлыя ад маладога сонца Шашкі, Апечкі.

Гэтая негаварлівасць была невыпадковая i не ўпершыню. Яна ўжо заявілася даўно, як толькі Алесь у свой час пакінуў родную хату, гаспадарскую работу, вёску i паехаў вучыцца ў Нясвіж, калi скінуў лапці, кажух, світкі i пачаў насіць чаравікі, паліто, капелюшы — гэта значыць вырваўся з таго свету, у якім яшчэ i, відаць, навек застаўся Янка, i трапіў у іншы — інтэлігенцкі — свет. Дык штосьці само нібы правяло мяжу між ім i Янкам ды старэйшым братам, Гіполем. Яму было ўжо лягчэй знацца, сыходзіцца, каб заяўлялася шчырая, зразумелая ды блізкая яму i іншым размова, з чужымі людзьмі, гэткімі, як i ён, папрыклад, з Васілевічам, Мухам, Лідскім, а то нават i з Кацярынаю, Казловым ці з Чарновым, чым з братамі (праўда, з такімі інтэлігентамі, як Дзяжко ці Гарбуковіч, не мог знайсці паразумення). Браты, нават i бацькі пачалі нібы саромецца яго, лічыць калі не за пана, дык ужо за нейкага вышэйшага чалавека, усяк адваджвалі яго ад сялянскай чорнай працы. Рабілі ўсё самі, а яго нібы бераглі — для кніжак, для гонару, дзеля людзей. Вось таму Алесь ад Кастусі ведаў, што іхні Янка мае вока на Мішукову Зосю, не ўмее, не можа знайсці да яе падыходу, але ні Янка не раіцца з ім, нi ён сам як-небудзь яму не памагае. I па гэтай далікатнасці Алесь адчуваў: нялёгкі лёс у вясковай інтэлігенцыі.

У Стоўбцах Алесь памог Янку купіць селядцоў, глячок лёку за тры капейкі, пяціфунтовую булку за пятнаццаць, шкло да лямпы за пяць ды некалькі пачак папярос — па дзесяць штук у кожным пачку — за тры капейкі, схадзілі ў карчму, папалуднавалі i развіталіся.

Янка падаўся дадому, Алесь — на вакзал. Застаўшыся адзін, ён адчуў нібы палёгку. Цяпер ён на адзіноце, вольны, сам-насам са сваімі думамі ды пачуццямі.