Выбрать главу

— А што Муха? — запытаў Алесь.— Ён заадно з Лідскім?

— Той,— адмысловы сялянскі сын,— схмурыўся Сямён.— Выбраўся з вёскі, выбіўся ў людзі — махнуў на ўсё рукою. Абы яму сыта было. Мы часта кажам: трэба будзіць селяніна. A ці такі ўжо сонны, абыякавы наш чалавек?! Ды ён жа з-за працы, бяспраўя, беззямелля ды пакут не бачыць свету! Нe, браце! Трэба раскатурхваць такіх сялянскіх сыноў, як Муха. Адукаваных, разумных, але хітрых, асцярожных. Яны ўсё разумеюць, умеюць мудра i прыгожа гаварыць, але ні кропелькі не дбаюць пра тое, пра што трэба дбаць...— Уздыхнуў.— Але паспрабуй ты змусіць яго зняць з душы замок, не служыць царскім аднадзёнкам-прадпісанням, а быць мужным, мець у сэрцы хоць кропельку агню i падбаць пра сваіх жа бацькоў!

Сямён жыў на ўскраіне Вільні. Лічы, у вёсцы. Меў у драўлянай хаце чыгуначнага служачага адзін пакой.

Прыйшлі яны сюды ўжо ўвечар, калі пахадзілі па Вільні, пабылі ў «Беларускай кнігарні», нагаварыліся ўдосталь. Сямён, засумаваўшы за гэтую зіму па цярплівым слухачу, лічы, замарыў Алеся сваёю страснаю гамонкаю. Ён лапатаў без перадыху, як млын. Расказваў пра тое, чаго на самай справе хоча Лідскі. Казаў, што ён нямала прачытаў кніг пра такіх, як той, дык ужо добра ведае іхнія мары. Амаль усё, што гаварыў, было разумнае, цікавае, але амаль i ўсё палемічнае, яшчэ добра неасэнсаванае. У Сямёнавай галаве, колькі разоў падумаў сам сабе Алесь, калі не хаос, дык вялізны неспакой, вялізная неўладкаванасць думак. I так Сямён, здаецца, будзе пакутаваць да той часіны, пакуль не знойдзе такога разумнага чалавека, што здолее не толькі слухаць, спрачацца, гаварыць сваё, але адным махам зрыне ўсе яго канцэпцыі, вылучыць сваю, магутную i павядзе, як цяля на вяровачцы, за сабою. Здаецца, Сямён чакае такой асобы. Не дачакаецца — відаць, i далей будзе гэткі з «завіхрэннямі», як кажа Муха. Хоць, здаецца, заадно ў Сямёна ёсць i боязь той магнетычнай асобы.

Цяпер, увечар, якраз браўся марозік. Сцягваў тонкаю скібінай талую ваду (а яе ўжо даволі шмат стаяла ў лагчынках), падшурхваў палягчэлы, зярністы снег.

— Вясна! — нібы ўрэшце прытаміўшыся ад сваёй гамонкі, заўважыў прыроду, змены ў ёй Сямён.— Праўда, тут, у горадзе, яна прыходзіць неяк непрыкметна. A ў вёсцы — шумна, весела! Колькі вады, радасці дзецям! Жыву ў горадзе, а душа там, у вёсцы! Хоць, праўда, паеду ў вёску — сумую без горада...

Алесь тупаў моўчкі. Каторую часіну, як Сямён не толькі папрасіў, але загадаў, што зойдуць да яго i ён будзе жыць у ix, пакутаваў: будзе ў цяжар Васілевічавай сям'і.

У пакойчыку, што займаў Сямён, была ўся яго сям'я — жонка, дзеці. Жонка, Таня, невысокая, тоненькая, яшчэ зусім маладая, зірнула на ix абодвух неяк жаласна, a дзеці — малыя, ад чатырох гадоў да года, адно пад адно — сыпанулі, як гарох, да Сямёна, абшчапілі яго за ногі, відаць, за дзень засумаваўшы ў гэтай клетцы без свежага чалавека, без бацькі. Сямёнаў сямейны лес быў незвычайны, як i ўсё яго жыццё. Калі ён вярнуўся з турмы i працаваў ужо ў Вільні, аднойчы сустрэў маладзенькае заплаканае дзяўчо. Яно стаяла каля поўнай пасля дажджу Віліі i плакала. Падарожныя гараджане міналі яго, не зважаючы на горкі плач, ён жа запыніўся, распытаў дзяўчыну пра яе гора. Уведаў: яе, семнаццацігадовую пакаёўку, сірату, спакусіў гаспадар — багаты віленскі банкір. Але па загадзе разгневанай жонкі выгнаў з дому, як кажуць, голую i галодную. Сямён, пашкадаваўшы, прывёў яе на сваю кватэру, змусіў жыць у ёй, змусіў дазволіць узяць на сябе чужы грэх, усынавіў чужое дзіця, а пазней, пашлюбаваўшыся, знайшоў з ёю яшчэ дзве дзяўчынкі. У свае дваццаць гадоў з маленечкім хвосцікам Таня была ўжо маці траіх дзяцей. Спачатку яна была радая, што Сямён выратаваў яе ад смерці, абараніў яе гонар, а пазней, акрыяўшы, адчуўшы сябе гаспадыняю, уладаркаю малагаспадарлівага, але дабрадушнага мужа, пачала папікаць, грызці паціху яго — за беднасць, за тое, што іншыя яго аднагодкі, той жа Муха ды Лідскі жывуць як паны. Гэтыя папрокі, а яшчэ болей тое, што Таня не разумела ні Сямёнавых думак, ні яго работы ў газеце, здаецца, змусілі яго адумацца, жахнуцца: ён зрабіў неабдуманы крок. Непісьменная, малой культуры Таня — не памочніца яму. Але i пакінуць яе з траімі дзецьмі ён не мог. «Кіне ён, дэспат, яе ўсё роўна,— гаварыў Алесю аднойчы летась Муха,— яго дабрыні яму на шмат не хапае... Такія ўжо баламуты гэтыя людзі — з завіхрэннямі... Пакутуюць самі i змушаюць накутаваць іншых».

— Дайце распрануцца мне, вараняты... — усміхнуўся Сямён, гладзячы па галоўках сына i дачок. Меншанькую, гадовую, узяў на рукі. Тая, радуючыся, пачала чамусьці турзаць за бацькаў вялікі, з бародавачкаю на левай наздрыне нос. Ён жа прыклаў вусны да яе лобіка.— Таня, ды яна ж з тэмператураю! Ты клікала доктара?