Выбрать главу

— Вайна, канечне, будзе,— сказаў Васіль.— Па той простай i складанай прычыне, па якой была не адна тысяча войнаў i да нашых дзён... Калі яна пачнецца — можа, ніхто толкам i не ведае. Бо, можа, пачнецца раптоўна i з нейкай дробязнай зачэпкі... Хоць не здагадваешся, чаму цяпер яшчэ i наўмысна буржуазны друк, ідэолагі палохаюць вайною, знішчэннем? Не задумваўся?

Алесь паціснуў плячыма.

— Ці не запалохваюць люд, змушаюць яго думаць пра небяспеку, пра смерць?! — усміхнуўся Васіль.— Напалоханы чалавек (а кожны разумны чалавек хоча жыць) будзе дрыжэць i не зважаць на «дробязі»... На беднасць, на прыгнечанне сваё, на тыранію i рэакцыю... Дзе тут да жыру, быць бы толькi жыву! Як ты лічыш,— прыжмурыў вочы,— ці не ёсць такое свядомае запалохванне?! Ці не карыстаюцца старым прыёмам, страшачы судным днём, канцом свету?!

Алесь не паспеў адказаць. Якраз заявілася Антаніна — ужо ў новай, чорнай з чырвонымі вялікімі кветкамі сукенцы, у гарсэце (у гарсэце патанела, але гэтая «грацыя», мусіць, прыносіла ёй нямала нязручнасцей ды пакут), пры залатых пярсцёнках i завушніцах, падфарбаваная, ненатуральна ўрачыстая ды пыхлівая — i запрасіла ix у залу.

Праз асобны калідор, дзе стаялі масіўныя, выразаныя шафы з кнігамі, дзе вісеў тэлефон, зайшлі ў ярка асветлены электрычнымі лямпачкамі, прасторны пакой. Святло падала з высокай прыгожай крышталёвай i пазалочанай люстры, асвечвала файныя, з чырвонага дрэва камоды з дарагою нямецкаю пасудаю, жоўценькі паркет, шыкоўную канапу з круглымі жоўтымі аксамітнымі падлакотнікамі i круглы стол з вытачанымі круглымі ножкам i, што стаяў пасярэдзіне пакоя i вялікага шматколернага персідскага дывана. На палічцы аднаго з камодаў стаяў вялікі кандэлябр з шасцю адгалінаванымі лямпачкамі ў выглядзе свечак.

Алеся, здаецца, найбольш з усяго ўразіў вялікі партрэт Мікалая II. Той быў намаляваны ва ўвесь рост, у ботах, пры ўсіх сваіх рэгаліях, без галаўнога ўбору, строгі і, здаецца, зычлівы.

— Не зважай... — усміхнуўся Васіль,— Даніна модзе... Не больш таго... Сядай за стол.

Стол быў не бедны. Пасярод красаваліся бутэлькі марачнага каньяку, гарэлкі i віна, абапал ix — фужэры i чаркі, вялікія i малыя, круглыя i прадаўгаватыя нямецкія талеркі з абчышчаным i пасыпаным зялёнаю цыбуляю селядцом, сухой рудой, з белымі кавалачкамі сала кілбасой, паляндвіцай, квашанінай, мяснымі i рыбнымі салатамі, аздобленых пятрушкай, салёнымі гуркамі, з кружочкамі белай цыбулі.

— Садзіся, садзіся во тут,— падспешыў госця Васіль, усаджваючы таго тварам да партрэта імператара. Няхай, падумаў, крыху паёрзаецца, панікне перад неадчэпным позіркам яго вялікасці.— Павячэраем чым бог паслаў.

— Ды не крыўдзіць вас бог! — прамовіў Алесь.

— Гавары! — азвалася Антаніна.— Што ж тут такога? Звычайная вячэра.

Васіль, вялікі любіцель i спец выпіць ды закусіць, лагодна ўсміхаючыся, спрытна сарваў з пляшкі каньяку накрыўку, наліў спачатку крышку сабе, пасля госцю i жонцы, тады ўжо дапоўніў i сваю чарку. Рабіў спакойна ўсё, годна, не так, як вясковы гаспадар. Той стараецца дагадзіць госцю, не зважае на сябе. Васіль жа не мітусіўся, не ўгоджваў, ведаў сабе цану.

— Ну, прыбівайся да надзейнага берага! — сказаў i зазваніў верхам сваёй крышталёвай чаркі аб верх госцевай.

Алесь падзякаваў, пасля дакрануўся да чаркі, што трымала Антаніна. Тут жа адыым махам кульнуў усё пітво сабе ў рот. Васіль усміхнуўся: хіба так п'юць каньяк? Антаніна выпіла маленечкімі глыточкамі менш паўчаркі, а ён, каб не саромець госця, паволі апаражніў усю. Убачыў: Алесь успыхнуў чырванню. Адчуў свой промах.

«Мужыкі вы яшчэ, хлопцы,— падумаў, пацешыўся Васіль,— Каб зрабіць з вас сапраўдных інтэлігентаў, дык трэба вас яшчэ шараваць ды шараваць, навучаць добрым манерам...»

I пасля, калі пачалі закусваць, Алесь, здаецца, пакутаваў: яму муляла, не ўдавалася як след трымаць сярэбраны відэлец у левай руцэ, а нож — у правай. То не мог адрэзаць тупым нажом кавалачак кілбасы, соўваў-коўзаў яе па сваім сподачку, то не здольваў зачапіць скрылік відэльцам. Відаць, у думках кляў таго, хто выдумаў такі этыкет, парушыўшы сялянскую натуральнасць.

Неўзабаве Антаніна, як па яе камандзе пакаёўка падала на вялікай талерцы вараную бульбу з кавалкамі тушанай курыцы i капусту, захацела пакінуць ix. Алесь спрабаваў затрымаць яе, але Васіль з іранічнаю ўсмешкаю перапыніў:

— Няхай ідзе. А то яна зараз i задрэмле. Сон — самы любімы яе занятак.

Васіль пасміхаўся, але насмешачка яго была своеасаблівая. Было, ён не толькі кпіў з жонкі, але i ў запале злосці бэсціў i біў Антаніну.

— Ну, Мушка! — не пакрыўдзілася, а, здаецца, паасцерагалася спрачацца яна ды паскардзілася: — Табе толькі б насміхацца з мяне перад чужымі людзьмі...