Выбрать главу

— Якія сілы? — запытаў з нянавісцю ў душы. За тое, што Алесь не толькі абвяргае яго ідэі, але нібы ўздымаецца над ім. Як асоба.

— Сёй-той, Сямён, здаецца, таксама, шмат спадзяецца на вёску, на свае сілы,— адказаў Алесь.— Я лічу: нам трэба найперш спадзявацца на Расію. На братэрскі, спагадны яе народ, з якім мы разам ідзём ужо не адно стагоддзе, маем адны радасці i беды, а таксама на перадавых яе людзей. На рэвалюцыянераў. Калі мы пойдзем з імі разам, зрынем цара, тыранію, яны паспачуваюць нам, памогуць.

— Ну i з якімі рэвалюцыянерамі ты хочаш пайсці? — усміхнуўся Васіль.— Ці не з бальшавікамі? Ці не на іхнія ты спакусіўся лозунгі?

— З бальшавікамі.

— Ты — што? — усклікнуў Васіль, міжволі абводзячы жаласным позіркам камоды з кандэлябрамі, дыван, канапу, люстру, багаты стол, нібы ўсё гэта мог тут жа страціць.— Дык яны ж супраць прыватнай маёмасці,— спахапіўся, што лішне ўзгарачыўся.— Яны супраць рэлігіі, тых асноў, на якіх у нас шмат трымаецца. За ix, можа, лепш ісці Юрыю...

— Бальшавікі — за роўнасць, за справядлівасць. На сённяшні дзень, наколькі я разбіраюся ў палітычных партыях, гэта адзіная партыя, што шчыра i занепакоена дбае пра мір, людское шчасце, пра будучае... А што датычыць барацьбы з царызмам, дык яшчэ Герцэн падахвочваў: як можна апраўдаць існуючы лад, так жа можна апраўдаць i барацьбу супраць...

— Я гісторык, Алесь,— прамовіў спакойна, намагаючыся перамагчы субяседніка не эмоцыямі, а доказамі,— дык ведаю: свет здаўна i не адзін раз хацелі перайначыць рэлігіяй, войнамі i рэвалюцыямі... Бунтуе найчасцей моладзь, ці нехта лоўка спажывае маладзёжны бунт. У маладых шмат эмоцый, але мала развагі, мудрасці. Кінь палымяны кліч — моладзь нясецца ў агонь... Канечне, рана ці позна вялікія ідэі, што кіруюць эпохамі, дзяржавамі, абрастаюць, як драўляныя зрубы калодзежаў, мохам фармалізму, мёртвай непатрэбшчыны, яны здаюцца слабыя, i моладзь кіпіць, здзірае мох, топча i лічыць, што топча старыя ідэі. Аж дудкі, ідэі жывучыя. Ды ix i аберагаюць. Урад, армія, паліцыя, прапагандысцкі апарат. Можа, помніш: яшчэ Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушы» пісаў: «...З царом хто хоць раз быў у споры, то ўжо аніколі з ім не пагодзіцца шчыра i змушаны будзе ці біцца, ці гніць у Сібіры». I такія «споры» канчаюцца ці віселіцай, ці ў Сібіры. I будуць канчацца. Дык усе «споры» — толькі дзёрзкія намеры...

— A хіба не трэба i «дзёрзкія намеры»? Хіба яны не свецяцца праз вякі чароўным святлом волі, сумленнасці, высакародства?

Васіль i здзіўляўся, i абураўся: Алесь сёння выбіваў i выбіваў з раўнавагі. Толькі самавалоданне памагала не здацца, адстойваць сваю думку, хоць усё роўна адчуваў трывогу: «выцягваюць» з-пад будынка яго ідэі «цагліну», i той будынак нахіляецца, не мае цвёрдай апоры.

— Якое высакародства? — папікнуў.— Змяніць лад? Я, мілы, з вялікаю асцярогаю глядяіу на цяперашнюю дэмагогію... Да дабра яна не давядзе. Люд, калі глядзіць на ўладу як на ўладу божую, ён верыць, слухаецца, баіцца. Калі ўладу забяруць ад цара (ад бога, як кажуць) i яна будзе ад чалавека — люд тады нічога не будзе баяцца. Ён разбэсціцца... Я чытаю нават тутэйшыя «Северо-западную жизнь», «Виленский вестник», «Нашу ніву» i часамі жахаюся: што нарабіў маніфест 17 кастрычніка 1905-га «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку»! Што нарабілі гэтыя «недатыкальнасць асобы», «свабода мыслення, слова, сходаў i саюзаў», «амністыя палітычным вязням», «пашырэнне выбарчага права ў Дзяржаўную думу»! Ты скажаш, што гэта — усяго толькі манеўр, але колькі каштуе i ён! Ты зірні, паспрабуй цяпер разабрацца ў нашай грамадскай думцы! Просты чалавек, а то i звычайны інтэлігент не разбяруцца. Грамадская думка пасля 1905-га пастаўлена ў недаўменне, ёй наўмысна кінута столькі супярэчлівых разваг, думак, ідэй, што, лічы, кожны цяпер згубіўся ў ix лабірынце, i некаторыя ўжо лічаць: a ці не лепш — не мець ніякай думкі? Нашто ўсё ведаць, няхай усё ведае той, хто намі кіруе?! А хто сёння, апрача Мікалая II, кіруе? Шмат хто, цёмны мужык Грышка ў тым ліку. Мы не ўсе сілы бачым, ведаем, але адчуваем. Яны наўмысна размнажаюць сярод люду дрэнныя звычкі, страсці, каб пасеяць хаос i каб у гэтым хаосе ніхто не мог разабрацца, каб людзі пачалі не разумець адзін аднаго. Але хто падае здаровы голас, таго ці замоўчваюць, ці збіваюць. Ярлыкамі. I што? Цяпер i ў многіх сумленных людзей апусціліся рукі...

— Дык вось рэвалюцыя павінна ўсё праясніць,— уставіў слова Алесь.— Смецце знясе, a галоўную лінію пакажа...

— Не рэвалюцыя нам трэба,— не згадзіўся Васіль.— А новы, разумны, нават мудры, валявы цар.

— Так лічыш ты, Васіль, а народу ўжо надакучылі казкі пра добрага i мудрага цара, што адным узмахам навядзе лад, зробіць усіх шчаслівымі. Народу трэба не манархія, a рэспубліка. Вольная, дэмакратычная. Народу трэба зямля, школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, тэатры, кнігі...