Выбрать главу

— Не, Алесь. Лічы мяне кім ці чым хочаш, але народу найперш трэба цвёрдая рука, дыктатар,— рашуча сказаў Васіль.— Хлопцы, што высока сядзяць i далека глядзяць, кажуць: Расія на парозе не толькі выпрабаванняў, але, можa, i пагібелі. З-за баламутаў. З-за тых, хто рупна збірае шматстагоддзевае смецце. I не для таго, каб ачысціць хату, а каб кінуць яго ў твар гаспадару...

4.

У гаспадаровай палавіне яшчэ гарэла святло, аднак Алесь не пайшоў туды, ціхенька падаўся ў свой пакойчык. Яму трэба было адпачыць, абдумаць усё, што сёння нечакана нагаварыў Муха. Такі цяпер неспакойны ды гаманкі час, што i маўклівыя, i хітрыя не могуць, каб не пагаварыць.

Прызнацца, Алесь спадзяваўся, што яго пакіне панач Васіль. Але той, як папілі кавы, не загаворваў пра пачлег, i Алесь мусіў паспяшацца дадому. Васіль неяк мітусліва, стараючыся не пазіраць у вочы, памагаў апранацца, праводзіў, знайшоў на вуліцы экіпажык, усадзіў яго i нават сам заплаціў наперад за праезд. Як кажуць, збыў з рук.

У дзверы пастукалі.

— Пожалуйста,— сказаў Алесь, вешаючы паліто. Наўмысна сказаў па-руску: гаспадары былі рускія.

Зайшла ў пакой худая невысокая гаспадыня, а за ёю ўсунуўся тоўсты жандар у ботах, у шынялі, з шапкаю i з рудою папкаю ў руцэ.

— Честь имею,— сказаў жандар i казырнуў.— Вы — Немкевич Александр Иванович, уроженец деревни Янковины Ошмяиского уезда?

— Я,— адказаў Алесь, так i не павесіўшы паліто.

Жандар разгарнуў папку, дастаў певялікую белую паперку.

— Вам предписывается в течение трех суток оставить Вильно,— сказаў жандар.— Не оставите — будете выдворены по месту жительства под конвоем. Вот, пожалуйста, прошу расписаться о получении вышеуказанного повеления.

Паклаў на загорнутую папку паперку, падаў самапіску. Алесь амаль несвядома распісаўся, дзе яму паказалі тоўстым, жоўтым ад тытуню i з брудным пазногцем пальцам. Жандар адарваў ніз паперкі з яго подпісам, а верхнюю палову з аддрукаваным на машынцы тэкстам аддаў яму.

— За што мяне выганяюць? — ціха запытаў Алесь.

— Не могу знать.

Казырнуў i падаўся з пакоя. Гаспадыня кінулася яго праводзіць.

Алесь cеў на старэнькую рыпучую канапку, паклаў паліто на калені. Пасыпаліся на фарбавануго старую надлогу капейкі з кішэні, але ён не зважаў на ix. Так добра зачапіўся ў Вільні i на табе: вон!

«Знайшлі мяне i тут... — падумаў.— Напраўду, як казаў Васіль, сапсаваў я сам сваю кар'еру... Паднадзорны!»

На шчасце, гаспадыня не зайшла сюды. I ён, распрануўшыся, патушыў святло, лёг i слухаў, як сёння, ужо ў безмарозную ноч, цурчыць на дварэ вада з даху. Розныя думкі мроіліся ў галаве. Адна страшнейшая за другую. Няўжо ўсё жыццё цяпер ён будзе пад назіркам, гнаны? Няўжо, як кажа мудры Муха, усё тое, што ён рабіў i хоча рабіць, марнае?

Заснуў, відаць, далека за апоўнач. Але паспаў, мусіць, мала. Бо, здаецца, адразу прыбіўся сон. Нібы ён у шэрань, здаецца, уранні, стаіць за сваімі Янкавінамі каля Гаспадара-каменя. Распасцёртыя рукі i ногі прыкаваны тоўстым ланцугом, цела аголенае да пояса. Ён падымае галаву i бачыць: у шэрым паўзмроку, шырока раскінуўшы крылы, ляціць вялізны шэры ястраб. Імкнецца да яго. Вось апусціўся, абдаў ветрам i прыляпіўся на яго поясе, аж запусціў у жывот кіпцюры. Мільганула каля вачэй яго чорная глюга, заблішчэлі чамусьці жоўтыя вочы. Галава яго таксама была жоўтая, лысая, а карак мясісты, тоўсты. Прыгледзеўшыся, Алесь бачыць: ястраб зусім не шэры. I не ў пер'і. На ім — адзенне. I вельмі знаёмага колеру.

«Ды гэта ж Лядзяш!»

«Я! Я! Я! — зашыпеў ястраб.— Мяне паслалі з вялікай місіяй — дзяўбці тваю грудзіну i піць кроў».

Алесь i ў сне адчуваў, што гэта сон, дурны сон, але не мог прачнуцца, як i яшчэ болей не мог адагнаць ад сябе жудасны прывід.

«Ты саграшыў,— шыпеў ястраб.— Ты крадзеш ад яго вялікасці агонь i даеш яго чэрні... Ты адшчапенец. Ты шмат гаворыш. Не ўмееш маўчаць, адракацца сам ад сябе. Бо не слухаеш мудрых людзей. За гэта ты асуджаны на лютую смерць. I я ўволю нап'юся тваёй крыві».

I адхінуў галаву, а пасля дзеўбануў яму востраю крывою глюгаю ў левую грудзіну. Здаецца, пад самае сэрца.

Ад гэтага болю Алесь прачнуўся. Прывід знік, але сэрца яго — бадай, упершыню за жыццё — білася, нібы яму было цесна ў грудзіне, балела, a ўся скура на целе нібы сшэрхла. Штосьці дзіўна шумела ў вушах, аж не чуваць было плёскату веснавога дажджу за акном.

5.

Вясна настойліва змагалася за сваю волю; ужо адзін за адным пацягнуліся мокрыя, змрочныя, сцюдзёныя дні.