Выбрать главу

Калі здаволілі ахвоту на навіны, «абгледзелі i абмацалі» Алеся, Гарбацэвічы пайшлі дадому.

Бацька затупаў па хаце. Хоць Алесь не казаў, што яго выгналі з Вільні, але стары нешта прадчуваў.

— Садзіся, сынок, за стол,— сказала маці,— перакусіш крыху з дарогі.

— Дзякую, мама,— адказаў.— Я еў у Стоўбцах, у шынку «Порт-Артур».

— От не кажы так,— як пакрыўдзілася маці, тупаючы каля паліцы, дзе ляжаў хлеб.— Вярнуўся ў родную хату, дык няхай родная хата i прывеціць. Чым багаты, дык тым i рады...

Алесь, ужо моўчкі згаджаючыся з маці, развязаў хатуль i пачаў даставаць гасцінцы i падарункі — дзецям цукеркі i пернікі, булачкі, кабетам — па хусцінцы, шпулькі нітак, іголкі, гузікі, бацьку — цвікоў i яшчэ сякой-такой драбязы для гаспадаркі, Янаку, курцу,— папярос «Шуры-муры».

Кастуся, як толькі атрымала дарунак, адразу падскочыла да акна, скінула старую белую хустку i начапіла новую — чорную, з вялікімі чырвонымі кветкамі.

— Ну як, мама? — азірнулася i ўсміхнулася.

— Як цыганка,— адказала маці з усмешкаю, крышачы ўжо на кружку крамяны i прыемна пахкі качан кіслай капусты.

— Дзякую, братка,— сказала Кастуся, падскочыла, цмокнула яго ў шчаку, схапіла падарункі для братавай i дзяцей, пашыбавала туды, у белую хату.

— От каза! — з любасцю сказала маці.— Гэтак ужо чакала цябе!

Замаўчала, ён пастаяў крыху каля яе, адчуваючы, што трэба неяк прылашчыць добрую маці, але не здагадаўся, як гэта можна зрабіць, падаўся ў белую хату. Туды, дзе былі падлога, кафляны з трох, светлых, бакоў стаяк, ложкі, іхні — стары, цьмяна-зялёны — куфар i новая, светла-жоўтая, з яркімі ружовымі кветкамі Ядзіна шафа.

Усміхнуўся: стаіць каля стаяка, прымярае новую хустку i Ядзя. Побач стаіць Кастуся, трымае свечку i маленечкае круглае люстэрачка.

Пачулі крокі, убачылі яго — абедзве сарамліва пырснулі смехам. А ён, махнуўшы рукою, каб не зважалі, скіраваў позірк на жаночыя цені, у кут: на зробленыя бацькам паліцы з кнігамі i яго рукапісамі.

Абмінуў круглы стол, засланы абрусам i з доўгім вузкім гладышыкам, у якім былі галінкі вярбы, падышоў да паліц. З замілаваннем зірнуў па рознакаляровыя вокладкі старых i новых кніг.

Падышла Кастуся.

— Тата, як ты паехаў, заходзіў сюды. Пастаіць, паглядзіць на кнігі i адыдзецца. Я раз запытала: можа, што хочаце пачытаць? Хваціць, махнуў рукою, чытакоў i без мяне... А вот паперы твае, сказаў, трэба было б спаліць... А я адказала, калі змарнуеце такую вялікую Алесеву працу, утаплюся... I газеты рваць на цыгаркі не даю...

— Дзякую, сястра,— усміхнуўся, паціснуў яе за плячук.— Гэтым ты калі не выратавала мне жыццё, дык захавала мне радасць i надзею на шмат што... Мусіць, не толькі бацька злы на мяне за мае паводзіны? Але i ўсе ў вёсцы... Клянуць недзе, ганяць...

— Не. Якраз усе добра гавораць пра цябе.

Алесь адчуў: лягчэе на душы. Нібы адтуль зваліўся нейкі камень. Нічога, мусіць, няма больш цяжкага за злосць i нянавісць землякоў i нічога, здаецца, няма больш шчаслівага за ix любоў i павагу!

— А Кацярына дык кожны дзень пыталася пра цябе...— прашаптала Кастуся.— Ці пішаш што? Ці пра яе ўспамінаеш? Калі вернешся?

Апала сэрца, заціхла. Устрапянулася. Адвёў позірк ад сястры i невідушча зірнуў у цёмнае ўжо акно. Ведаў: заўтра з раніцы ўсе з Янкавін — Кацярына гэтаксама — будуць знаць: ён вярнуўся дадому.

— Сказаць, пра што на днях нашы тата з мамаю паміж сабой гаварылі? — зноў зашаптала Кастуся.

— Ну, калі не сакрэт вялікі...— усміхнуўся.

— Пра нашага Янака. Хочуць яго сёлета ажаніць. I, ведаеш, з кім? З Анелькаю Гарбацэвіч.

— А ён?

— А ён мае вока на Зосю Мішукову.

— Ды тая ж Зося яшчэ дзіця! — здзівіўся.— У рэшаце спіць!

— У якім рэшаце! — пасміхнулася з яго Кастуся,— Ей жа больш на год, чым мне...

— А ты — перастарка?

— Ну, i не маленькая! — адказала з годнасцю.— Мне сёлета ўжо семнаццаць было! Але Янак пра Анельку i слухаць не хоча. Кажа: яе не вазьму...

«Дык, можа, таму i бацькі з суседам ладзіць пачалi? — падумаў Алесь.— Можа, i хочуць парадніцца з багатыром?»

Пачуліся цяжкія бацькавы крокі. Той падышоў сюды, зірнуў на ix.

— Што? — усміхнуўся.— Як магнэзам цягнуць гэтыя кнігі?

— Цягнуць...— усміхнуўся Алесь.

— Я вот не раз думаў: а трэба ж шмат розуму, каб ix напісаць.

Бацька гаварыў адно, але Алесь разумеў: старому не церпіцца даведацца пра іншае.

— Выгнала мяне, тата, паліцыя з Вільні...— Алесь не захацеў ні маніць, ні адцягваць гамонку.