Алесь адпачываў i пазіраў на бацьку: той у гэты міг, калі не трэба было падаваць у карытца, пералазіў праз застаронак, ішоў па сена, салому, канюшыну, перакідаў сюды на ток, пасля ператрасаў. I ўвесь час упіраў языком пад верхнюю губу, выпінаў пад ёю нібы гулу. Значыць, думаў.
Думаў ён усе гэтыя дні. Быў ціхі, маркотны. Нават, здаецца, панылы. Можа, віною гэтаму быў i ён, Алесь. Не так, праўда, ён сам, як яго расказ пра тое, што ён пачуў у Налібаках: у некаторых гаспадароў, што не змаглі вярнуць доўг, пазямельны банк адабраў зямлю.
— Рабаўнік гэты банк...— прамовіў бацька.— Я спачатку быў загарэўся звязацца з ім, а цяпер баюся... Усунешся ў багну — не выскачыш... Усе абманшчыкі! I Сталыпін-нябожчык, i... На словах усе за мужыка, а на самай справе гатовы садраць з яго астатнія порткі. Языкачосы! Брахуны!
— Ясь! — здзівілася, паўшчувала маці, якая была тады ў хаце.— Дзеці ж малыя ў хаце...
— Дык цярпення ж не хапае...— як апраўдаўся бацька. Сядзеў за сталом i не ведаў, дзе дзець вочы.— I ў тым, i ў гэтым веку ўсё гавораць i гавораць, спачуваюць вясковаму чалавеку, дакляруюць кавалак зямлі, а як дойдзе да якога дзела, дык хвігу пад нос гэтаму дурному мужыку! А як ім, дык усё дай! I ў войска ідзі, біся за ix, каб вас халера ўдушыла!
— Вось i вы, тата, загневаліся...— усміхнуўся Алесь, седзячы пры стале насупраць бацькі.— Праўда, яшчэ глуха, ціха, але ўжо свядома. Во бачыце несправядлівасць. Сацыяльную. А каб вы яшчэ, як i я, адчулі несправядлівасць i іншую, дык... Ды каб усе вясковыя гэта адчулі... Былі б, былі б мы вольныя людзі, роўныя сярод роўных!
Бацька нічога не адказаў; напусціў на вочы калматыя бровы, зморшчыў высокі лоб.
— Які ўжо з мяне бунтаўшчык! — неўзабаве адказаў, паціраючы далонню стомлены твар.— Хваціць, што ты бунтуеш! Я кажу пра тое, пра што душа баліць... Рэформа, рэформа ўсе крычаць! Новае, лепшае ўсё будзе! А дзе ж яно, тое лепшае? На словах? Словы мне не трэба, я ix усякіх — горкіх, салодкіх, як мёд — гэтулькі наслухаўся за свой век, што злосць ужо ад ix бярэ! Меней ужо трэба гэтых слоў, абяцанак, а больш дзела. Трэба ж ужо хоць крыху даць люду палёгку! Мы ўсё ж людзі, а не цяглавое быдла! Хоць добры гаспадар быдла лепш гдядзіць, чым сябе... Паны гэтыя!.. Каб на панскую хітрасць ды не мужыцкая мудрасць, то даўно прапалі б!
— Вы гаворыце, тата, горкую праўду...— сказаў Алесь.
— Каб яшчэ мне ад гэтай праўды лягчэй было, дык i добра было б...— прамовіў бацька i выйшаў на двор. Вось i задумлівы ўсе гэтыя дні, ціхі ды панылы. Страціў, відаць, усякую падзею на тое, каб прыдбаць яшчэ зямлю, зрабіць Гіполя, Янку i Кастусю гаспадарамі. Нешта так i пацягнула Алеся высунуцца з гумна на дворышча: у ім — а гумно было з хлявом пад адною страхою — было мокра, гразка. Адтала леташняя перамяшаная свіннямі хлёпанка. Сухое дзірваністае дворышча было з таго боку гумна — кудою над'язджалі да шырокіх дзвярэй з калясьмі, дзе ўлетку сушылі сена. Выйшаў i замёр: над іхнімі старымі раскідзістымі яблынямі ляцелі дзве птушкі. Вялікія, чорна-белыя, з нібы палінялымі чырвонымі дзюбамі і, здаецца, ратуючыся ад холаду, падкручвалі пад сябе, да пер'я i пуху, лапы.
— Буслы! — як дзіця ўзрадаваўся Алесь.
Выйшлі з гумна i бацька, Япка. Гэтаксама задралі галовы, пазіралі ў засмужанае, з няяркім, схаваным за шэрымі хмарамі сонцам неба. Буслы мільгнулі над гумном — пераляцелі іхні двор. Відаць, паляцелі за Шлёму, да высокай ліпы, дзе было старое гняздо. На тую ліпу, што была воддаль ад вёскі, яны, хлопцы, некалі гуртам завалаклі старую барану. Хацелі, каб буслы, што з ахвотаю жылі ў Янкавінах, гнездаваліся далей ад вёскі, каб не насілі блізка ад хат усякага гадаўя ці галавешак з агнём. Праўда, Шлёма, як заявіўся тут, хацеў раскідаць буслянку, бо тое, чаго баялася веска, было над яго прыбудовамі. Але разбураць гняздо яму не дазволілі: усе лічылі, гэта будзе вялікі грэх, i бог можа злосна пакараць вёску за такую крыўду святых птушак. Усе ў Янкавінах спрадвеку казалі: буслы — божыя, прарочыя птушкі. Як толькі некалі Янкавіны меліся гарэць, дык заўсёды перад гэтым буслы пакідалі свае гнёзды, вёску, пераляталі ў Крычаты. A калі буслы ў вёсцы — значыць, спі спакойна.
— Усё, вясна зіму пераламала...— задуменна прамовіў бацька.— Хоць кажуць: калі вясна раней звяставаня, дык яшчэ многа марозу будзе. A другія кажуць: на звяставаня мароз — гуркі добрыя будуць. Мокрае звяставаня — на грыбное лета. Звяставаня без ластавак — халодная вясна.
— Дык што? — запытаў Алесь.— Па сёлетніх прыкметах будзе халодная вясна, позна сеяць людзі пачнуць?
— Хто ж яго ведае,— адказаў бацька.— Прыкметы гэтыя, як ты кажаш, не заўсюды i праўдзяць. I неба, бывае, дакляруе адно, a дзеіць зусім не тое... Але ж звяставаня, кажуць,— добрыя весткі. Навін, чутак сёлета то процьма, а вот ці добрыя яны ці не, дык яшчэ сказаць цяжка...