Выбрать главу

— Ад кахання, друг мой, нідзе няма спакою: ні ў касцёле, ні на дзеле, ні на пасцелі! — дапіваючы чай, адказаў бацька. Ён заўсёды з усімі быў смелы i грубаваты, хоць іншым вялікай смеласці, жартаў не дазваляў. У злосці i таму ж Дзяжко ды Гарбуковічу (пра простых вяскоўцаў няма чаго i гаварыць) мог заляпіць i аплявуху.— I адклад тут не ідзе на лад.

— Юры!— паўшчувала гаспадыня. Злезшы з ложка, абувала пакаёвыя цёплыя валёнкі.— Пасаромейся дзяўчат i нас, кабет.

— Гэтыя дзяўчаткі болей за нас усё ведаюць, Ганна Пятроўна...

Невысокая, поўненькая, у маці, «булачка», як гаварыў Уладак Дземідовіч, Маша хітра ўсміхнулася; доўгая i худая Валя пагардліва падціснула тонкія бяскроўныя вусны. Яна, Валя, была строгая, цнатлівая, канечне ж, i ў свае сталыя гады яшчэ ніколі i не цалавалася з хлопцам. З-за яе, кажуць, поп i паіў Дзяжко, Гарбуковіча, Петухова, спадзеючыся выпхнуць старэйшую дачку за каторага, але тыя, надта Дзяжко i Петухоў, спраўна жлукцілі папоўскую гарэлку, але на папоўскі кручок не траплялі.

Госці распрануліся, паселі; гаспадыня сама прыбрала са стала медны самавар i панесла яго на кухню. Каб, можа, Стася зноў нагрэла яго — для гасцей. Вярнулася.

Петухоў — нізкарослы таўсцяк — сёння быў без мундзіра, дык, здаецца, быў іншы чалавек, хлапчаня; непаваротлівы, гэтаксама поўны Дзяжко старанна вычэсваў патыліцу, збіраў там доўгія рэдкія русявыя пасмы валасоў i хаваў імі бледную лысіну; тонкі i худы, як пападзянка Валя, рабаціністы Гарбуковіч, наадварот, доўга драў грабеньчыкам густую рыжую чупрыну, што, лічы, хавала лоб, абвісала за вушы бакенбардамі.

— Не падобен сам на сябе, Ерафей Іларыёнавіч,— паківаў галавой гаспадар, пазіраючы на Петухова. Любіў жартаваць. I сёння свае кепікі пачаў з Петухова.— У мундзіры мужчына, без мундзіра падшыванец. Ніякай саліднасці. Відаць, без мундзіра Маша i Валя не зважаюць на цябе, мой друг...

Над вачыма ў Петухова былі цёмныя ўпадзіны, шчокі азызлыя. Ад гарэлкі. I, відаць, ад недасыпання ў апошнія дні.

— Мундзір — форменнае, аднастайнае адзенне, але кожнага ўпрыгожвае,— уставіў сваё слова айцец Фоадор.— I рослага ды сталага чалавека, i салапяку...

— Не на кафтане честь, а под кафтаном! — адказаў Петухоў, здаецца, умела абараняючыся.

— Честь добра, да съесть нельзя...— не змаўчала, пацягнула Петухова з нябёс на зямлю Кацярына.— Паліцыя ў гэтае стагоддзе «выдатна» беражэ свой «гонар»!

— Гэта ўжо не жарт, Кацярына Юр'еўна,— незалюбіў Петухоў.— Гэта ўжо абраза, знявага! I не толькі паліцыі. Але i ўсёй нашай улады.

— Ды ведаем, што-што, а калечыць людзей вы ўмееце...

— Кацярына Юр'еўна! — затузаўся той, пакрыўджаны за гонар свайго мундзіра.— Я прашу не зневажаць сумленную службу маіх калег. Яны шчыра i сумленна ратуюць Айчыну ад зламысных бунтароў. Некаторая жорсткасць ад абставін...

— «Некаторая»! — перакрывіла Кацярына.— Ды гэтая жорсткасць будзе чорнаю плямаю ў гісторыі Расіі. Яна, гэтая жорсткасць, мінае ўжо ўсе межы. Народ жыве пад дуламі вінтовак, над казацкімі бізунамі...

— Раней так вы не гаварылі...

— Бо не разумела шмат. Ці подленька маўчала, нібы не бачачы тое, што перад вачыма...

— А цяпер усё ўбачылі? Зразумелі?

— Убачыла! Зразумела! — задзірыста адказала Кацярына.— Расія наша захлынаецца ад маны, двурушша, насілля, разбэшчанасці...

— Гэта не вашы словы, Кацярына Юр'еўна. Гэтую бязглуздзіцу вам убіў у галаву Аляксандр Нямкевіч, адшчапенец i закляты вораг. Вы зноў, відаць, падпалі над яго шкодны ўплыў.

— Падпала...— гарэзна адказала яна, адчуваючы, што сёння будзе ўжо рашуча бараніць Алеся. Не дазволіць зневажаць яго, як дазваляла раней.— I магу галаву палажыць на калодку: ніякі ён не адшчапенец. Ён болей любіць, паважае Айчыну, яе народы, чым вы... Вы гледзіцё i на свой родны, i на тутэйшы просты народ як на быдла, цяглавых валоў, трымаеце яго ў страху, цешыцеся сваей уладаю, злоўжываеце ёю як можаце, a Нямкевіч робіць для народа ўсё толькі высакародпае...

Потухоў нервова сціснуў тонкія рашучыя вусны; на поўных шчоках захадзілі злосныя жаўлакі i выступілі чырвоныя пляміны; невысокі лоб пакрыўся потам.

— Дык ён, бунтар, зламыснік,— герой? А я, той, хто даваў прысягу цару на вернасць, хто ўсімі сіламі беражэ яго Айчыну? Злыдзень?

— А вы думаеце, што люд вас за вочы іначай заве? Любіць? Паважае? Цэніць? — запытала Кацярына.— Памыляецеся.

— Люд! Народ! Народны! — перакрывіў дачку Сяргеенка.— Усе цяпер павучыліся гаварыць красамоўна i пышна! I жук, i жаба! Усе не абы пра што думаюць, а пра народ! Я разумею, што хоча сказаць Ерафей Іларыёнавіч, калі гаворыць пра сваю верную службу цару, Айчыне. Хіба можна раўняць «рэвалюцыянера» Аляксандра Нямкевіча i Ерафея Іларыёнавіча? Ерафей Іларыёнавіч сапраўды слуга Айчыны, яе вялікім інтарэсам. Пакуль тут ён, я, айцец Феадор — можна жыць спакойна. Усе будзе наша: зямля i тое, што ў зямлі i на зямлі, паветра, дух, людзі. У нас будзе засланка ад Захаду. Калі ж падымуць галовы i не дай бог прыйдуць да ўлады Нямкевічы, дык...— паківаў у небяспецы галавою.— Яшчэ трэба падумаць, ці будзе тады нам тут месца, трэба пагадаць, якое тут будзе паветра, дух які?