— Выганіць нас Нямкевіч, Юры Апанасавіч,— успыхнуў Петухоў,— ці падамне...
— Цяпер, канечне, мода лаяць цароў,— Сяргеенка яшчэ не замоўк.— Аднак цары не дурныя былі, калі землі i багацце збіралі да сумы, калі адмыслова пра пасады тут думалі, аддаючы найперш нам перавагу, прывівалі надзейны дух...
— I вы думаеце, тата, стагоддзямі вам, айцу Феадору, Петухову, мне i нашым дзецям ды ўнукам трэба быць тут толькі з такою місіяю?
— Стагоддзямі...— адказаў той.
— Дык чаму тады Афрыка ненавідзіць каланізатараў: англічан, французаў, немцаў, партугальцаў i іншых, што стагоддзямі ўжо рабуюць яе багацце, душаць яе дух? Няўжо вам ніколі не зачапілі ні розуму, ні сэрца прызнанні свядомых нашых людзей: імператар наш — «душагуб», «турэмшчык над народам!»?!
— Дзяўчынка! — надзіва цвяроза разважаў п'яны бацька.— Што ты кеміш у палітыцы! У вялікай палітыцы! Ты разважаеш, як твой любімец Нямкевіч... «Душагубка», «турма народаў»... Усё гэта выдумкі. «свядомых» бальшавікоў. Яны — нашы ворагі. Яны хочуць аслабіць краіну, зрабіць з яе для сябе вотчыну, дык i туманяць людзям галовы, дакляруюць ім рай па зямлі, загульваюць я нацыянальнымі меншасцямі, абяцаючы ім усім волю, роўнасць... Краіна павінна быць адзіная i непадзельная! Магутная! Сярод славян! У свеце! А на астатняе ўсё напляваць... На ўсякіх Нямкевічаў i ім спачуваючых...
— Які вы эгаіст, шавініст, тата! — паківала галавою Кацярына.— Hi кроплі ў вас няма велікадушнасці. Здаровы, дужы, моцны павінен найперш спачуваць слабому i хвораму.
— Глупства! — абсек яе бацька.— Дужы павінен кіраваць, а слабы падпарадкоўвацца. I дурань вялікі будзе той дужы, хто пачне дзяліцца сваёй уладаю ды магутнасцю. Цяпер такая эпоха, што без сілы ты ніхто!
— Цяжка вам, тата, будзе цяпер з такімі думкамі...— паспачувала Кацярына.— Цяпер новы час. Цяпер пачынаецца не толькі новае стагоддзе — эпоха радыё, самалётаў, электрычнасці,— але i новая эпоха цягі ўсіх народаў свету да вызвалення ад усякіх петляў. Усе хочуць адчыніць у сваім пакоі хоць фортачку, дыхнуць свежым паветрам...
— Заварушылася, быдла! — сціснуў кулакі Петухоў, гаварыў, нібы перцам сыпаў,— Мала, мала ix душылі! Не вырвалі разам з дрэўкам i карэнне!
Дзяжко i Гарбуковіч, абодва з Янкавін, маўчалі, як панабіралі ў рот вады. Звычайна Дзяжко быў гаваркі, любіў жартачкі, пацешкі i з імі жыў, рабіў дабро i зло; Гарбуковіч быў ціхманы, сам сабе суддзя i дарадца, сарамлівы. Але сарамлівасць не замінала яму быць даносчыкам. I гэта ён употай адкрыў вілонскі ліст Сямёна да Алеся Нямкевіча, прачытаў, перапісаў i занёс копію Петухову. Той паказаў яе Сяргеенку.
— Які вы, аднак, страшны, папе Петухоў! — здзівілася гаспадыня. Яна, як i пападдзя, стаяла каля цёплага стаяка, грэла спіну,— Нецярпімы, злы i крыважэреы!
— Мяне злуюць, Ганна Пятроўна, 1905 год, Дума, дэмакратыя...— пацішэў, апраўдаўся Петухоў.— Далі волю бунтарам, парадзілі беспарадкі... Свабода слова, свабода друку! Не давядзе гэта да дабра. Стагоддзі трэба былі, каб выбіць з памяці ўсякіх Нямкевічаў іхняе імя, а цяпер яны, асмялеўшы ад свабод, нічога i нікога не баючыся, гавораць пра сябе! Яны ж мігам зноў насеюць шкоднага насення!
— Вось бы вам, Ерафей Іларыёнавіч, сядзець на царскім троне,— падкусіла Кацярына.— Дык бы вы запхнулі ўсіх у мяшок, дык вы не толькі Казлова, Нямкевіча, але i ўсіх бы сумленных людзей усёй вялікай Расіі патапілі б у крыві...
— Пачакайце, Кацярына Юр'еўна, пачакайце! — пастрашыў Петухоў.— Плакаць яшчэ будзеце вы ад новых змен, ад гэтых Нямкевічаў!
— Баіцёся? — парадавалася Кацярына.— Канечне, баіцёся. За тое, што натварылі. А мяне не палохайце. Я не баюся. Я нічога, можа, добрага не зрабіла яшчэ, але i подласці, здзекаў, злачыннасці, жорсткасці не мела... Дык i не баюся новай Расіі, тутэйшага люду... I я рада, што разумею Аляксандра Нямкевіча, якога вы заўсёды за іншамыснасць ненавідзелі, тапілі... Гадамі сачылі за ім, пляткарылі, шкрэблі на яго даносы, пакуль не звольнілі з работы. Таму i баіцеся яго.
Усе змаўчалі; ніхто не мог сказаць ёй супраць: яе словы былі праўдзівыя.