— Непуцёвы інтэлігент...— уздыхнуў мажны, з маленькімі вочкамі i мясістым носам айцец Фоадор.— Гарэлкі п'е мала, у карты не гуляе, да кабет не ходзіць, да прыстойнай кампаніі не імкнецца. Ці з мужыкамі ўсякія багамерзкія i антыдзяржаўныя размовы вядзе, ці чытае, п'е атруту з урэдных пісаній... Наслухаўся ўсялякіх Гердэнаў, Каліноўскіх, Горкіх, Ленінаў! «Воля!» «Чалавек — гучыць горда!» Бяда — калі чалавек смелы, не пакорлівы, не лагодны, не ціхі ды не рахманы, не баіцца бога! Бяда, калі чалавек лічыць, што яму ўсё дазволена! Людзі сталі злыя, гнеўныя. Не зважаюць, што гнеў ці сам pyx гневу ёсць падзенне для чалавека. Людзі сталі гордыя. I слухаць не хочуць, што прыйдзе гордасць, прыйдзе i пасаромленне. Гордасць вядзе да пагібелі, пыха — да падзення.
— Цяпер, айцец Феадор, эпоха вызвалення чалавека. Ад ланцугоў царквы, забабонаў, тыраніі...
— Спакойны, ціхі адказ, Кацярына Юр'еўна, адхіляе гнеў, а зневажальпае слова павялічвае ярасць... А ваша гэтая «новая» эпоха, вы, цяперашнія «новый», вызваляючыся ад «забабонаў», не слухаеце парад, не прымаеце выкрывання, дык i не станеце мудрыя, наробіце смуты, бяды, падарвеце ўсе асновы самадзяржаўя. Успыльчывыя толькі ўзбуджаюць разлад, a цярплівыя суцішаюць сваркі, звады... Шчаслівыя ніколі не будзеце. Бо хто не беражэ вусны свае i язык свой, той не беражэ ад бед душу сваю... А прыстойная кампанія...
— Маўчалі б, айцец Феадор, пра прыстойную кампанію! — не саступіла i папу сёння Кацярына.— Хто — мы прыстойная кампанія? Чалавеканенавіснікі, карцёжнікі, п'яніцы, плеткары, адарваныя ад народа людзі!
Феадор з маркотаю ды са здзіўленнем паківаў вялікаю галавою з доўгімі густымі русявымі валасамі. Ён быў у гэтай кампаніі самы старэйшы, шмат пакруціўся ў свой час ля ўсякага начальства, як аблупленых ведаў усіх сваіх гэтых кампаньёнаў. Характар яго вызначыць было i не так лёгка. У ім была i разважнасць, i памяркоўнасць, i ўвага. А разам з тым было i шмат раўнадушша, іроніі, здзеку з усяго, святога таксама. Часамі здавалася: ён не поп, а яры бязбожнік.
— I вы, айцец Феадор, думайце...— сказаў Петухоў.— Бо можа закалыхацца грунт i пад вамі. Цяпер, самі ведаеце, трасуць рэвалюцыянеры за бараду i бога! Хочуць свет перайначыць без яго. А з д'яблам, са змеем.
— Без бога нічога не будзе...— сказаў той.— Без бога ўсё само па сабе разбурыцца. Калі нячысты спакусіць, дык нячысты i загубіць.
— I на Нямкевічаў гэтых насылайце анафему,— наступаў Петухоў.— Што мы, а што i вы навінны ўсмірыць!
— Вось дзе героі! — сказаў Сяргеенка, паказаў рукою на Дзяжко i Гарбуковіча.— Калі вы хочаце ўбачыць душу сапраўднага, адукаванага, шчырага і адданага мясцовага інтэлігента, дык зірніце ў іхнія блакітныя вочы — i вы ўбачыце яе...
— Яшчэ б! Яны ж i ад мовы сваей, i ад культуры, i ад імён ды прозвішчаў сваіх сапраўдных адракліся...— дадала Кацярына са здзекам.— I ў іхніх славутых блакітных вачах якраз тое, што i хочацца бачыць: пакорлівасць, падхалімства перад дужымі, здзек з безабаронных. I яшчэ ў гэтых вачах процьма гарэлкі.
— Ты, дачка, яшчэ раз скажу: больш перажываеш за Нямкевіча, чым сам Нямкевіч! — паківаў галавою бацька.— Ты нібы i не Сяргеенкава. Быццам чужая нам... А паны Дзяжко i Гарбуковіч самі паскідалі лапці, шарачковыя світкі, абуліся i апрануліся як сапраўдныя інтэлігенты, пайшлі на сумленную службу, адракліся ад кваснага вясковага патрыятызму! I хіба ім горш цяпер? Што добрыя пасады маюць? Што з намі ў адной кампаніі?
— Ды што казаць! — абазваўся Дзяжко.— Нямкевічавы званы даўно ўжо адзвінелі... Гэтага не бачыць толькі Нямкевіч ды во Кацярына Юр'еўна.
— Чула? — прыгнуў галаву бацька.— Вось дзе голас сапраўдных сыноў, мудрых людзей!
— Толькі мне здаецца, што люд глядзіць на сваіх «сыноў», як на вырадкаў...
— Бо мужыкі нам зайздросцяць,— зноў азваўся Дзяжко.— Што мы, як кажа пан Сяргеенка, скінулі лапці ды світкі, носім боты ды сюртукі, што не аром i не косім...
— Дык вы «ўзвысіліся» над «мужыкамі»? — пасміхнулася Кацярына.— I бачачы, што Дзяжко запнуўся, здзекавалася далей: — Няўжо вы не адчуваеце: вы ж смешныя?! Па-правінцыйнаму фанабэрыстыя, недарэчныя! Каб вы былі сапраўдныя інтэлігенты, дык вы: не ганарыліся б сваім «узвышэннем», a дбалі б пра іншае. Усюды ж, i тут, i там у нас, у Расіі, ненавідзяць гэткіх «узвышэнцаў» з мужыкоў... Вы бярыце прыклад з Казлова ды Чарнова. Вось дзе інтэлігенты!
— Адзін палітычны злачынец, a другі п'яніца! — хмыкнуў Петухоў.
— Затое абодва сумленныя інтэлігенты,— адказала Кацярына.— Вось кім павінны ганарыцца!
— Нейкі юр сёння папаў на Кацярыну ІОр'сўиу...— жартам паспрабаваў выкруціцца з няёмкага стану Дзяжко.— Нікому слова не дае сказаць. Вясна на дварэ, трэба пра каханне гаварыць, а яна — пра палітыку!