— Я вот, панове, слухаю яе,— кіўнула на дачку гаспадыня,— i думаю: a праўду ж яна кажа. З адной ж-a плоці мы, людзі, a памірыцца ніяк не можам. Той вялікі, той «нікчэмны»! Той разумны, той «дурны»! Той павінен быць толькі панам, а гэты — парабкам! Нашто ж так дзяліць людзей? Усе ж людзі перад богам роўныя. I на Нямкевіча вы дарэмна нагаворваеце. Ён жа вельмі сціплы, шчыры i, як кажа Кацярына, больш пра людзей дбае, чым пра сябе. Ды, як відаць, цяжка жыць добраму чалавеку...
— Так, так,— падтрымала i пападдзя.— З усіх Нямкевічаў Аляксандр самы талковы. I не толькі з Нямкевічаў, але i з усёй вёскі. Аж дзіва, чаму нашы мужчыны гэтак яго неўзлюбілі?! Калі ты добра да чалавека адносішся, дык i ён ласкавы да цябе. Цкуеш яго бесперастанку — дык рана-позна агрызнецца...
— Вось так, хлопцы! — нечакана памякчэў, паківаў галавою Сяргеенка.— Не вы, а Аляксандр Нямкевіч — любімец нашых кабет. Не вы, а ён заваяваў жаночыя сэрцы.
— Не мы, другі, не зрабілі сваёй місіі, а люд ёй не зусім паддаўся. Устоялі олухі...— уздыхнуў айцец Феадор, перасеў з канапы да стала, заклікаючы гэтым жэстам адысці ад такой цяжкай сёння размовы (а яны, такія задзірыстыя спрэчкі, у апошні час пачалі ўзнікаць усё часцей, бо, хочаш ці не хочаш, трэба было гаварыць сваю думку пра новыя падзеі) i пачаць гульню ў карты.— Толькі вось дзіва дзіўнае: «Зачем мятутся народы и племена замышляют тщетное?» Нашто? Чаму?
Усе замаўчалі.
Айцец Феадор нечакана павярнуўся, зірнуў у акно. Хуценка схаваў калоду карт у кішэню.
— Усё, панове! Гульня адмяняецца! — прамовіў.— Сатана прэцца!
Праз хвіліну ў хату ў звыклым шыпяльку, у ботах i ў фуражцы зайшоў Лядзяш.
Размова пры ім павялася спакойная, рахманая. Ды і кароткая. Бо раптам усе пачалі ўспаміпаць, што ў ix яшчэ шмат клопатаў, i разыходзіцца.
Частка другая. ТУРМА
Стогне i ў цемрадзі ночы злавеснай народ наш
Вобмацкам долі шукае.
Чем же виноваты люди, понявшие боль страждущих прежде их самих и указавшие им не только ее, но и путь к выходу?
1.
За гуменцам Сцяпана Супраневіча, на яшчэ не зусім тупкім грудзе, палала полымя. Гарэла ламачча, па днях падгрэбленыя на панадворку i выпетраныя, падсохлыя ўжо на сонцы i ветры трэскі ды смецце, рыззё.
Языкі агню ўзвіваліся, здаецца, вышэй гумна, былі відаць, канечне ж, на ўсю вёску, а тут высвечвалі вымеценае, з купкамі старой зеленаватай травы загуменне, хлопцаў i дзяўчат, што стаялі вакол цяпла, адганялі цемру — яна гусцілася паблізу шчыльнаю сцяною, стараючыся глынуць i гэтае, не дзённае, а зробленае людзьмі святло, ды апякалася, адступала. Вакол агню парылася, сушэла зямля, кругамі шарэў, сох пясок.
Сёння ў Янкавінах палілі зіму, збіраліся гукаць вясну.
Кацярына заўсёды чакала гэтую часіну, што прыносіла нешта таямнічае, мабыць, язычніцкае i заадно дакляроўвала нейкае абнаўленне ў свеце, на душы. Не дарэмна ж людзі кажуць: як i з якім настроем благавешчанне сустрэнеш i правядзеш, такі будзеш i ўвесь год. Ні Дзяжко, Гарбуковіч, нi Петухоў сюды, да «мужыкоў», не пайшлі, засталіся гуляць у карты, а яна з пападзянкамі прыйшла. Стаяла цяпер з імі i Кастусяю Нямкевіч i цяпер любіла няшчасную, але добрую душой дзяўчыну, як сястру. Непадалёку ix стаялі Зося Мішук, стрыечныя сестры Волька i Верка Чорныя — усе сяброўкі, асобна, воддаль ад усіх, трымалася яшчэ адна жаночая кампанія: дзяўчаты-шляхцянкі з Засценка. Каля дзяўчат таўкліся вясёлыя цяпер хлопцы, дзеці.
Вось прыйшоў Уладак Дземідовіч. Валок пад пахаю пляскаты шэры сяннік. Хлопцы расступіліся, далі дарогу.
— Кідай, Уладак, i сяннік у агонь! — пакпіў Янка Нямкевіч.— Згарыць i ён, затое згараць i ўсе шляхецкія блохі!
Усе зарагаталі. Усім абы дай зачэпку — выбухпуць смехам.
— Ты не пільнуй мае сеннікі, свае папалі! — агрызнуўся той, апусціў сяннік долу, учапіўся за распораты верх, разадраў ніткі, а пасля пачаў вытрасаць у агонь салому — суцэльны пласт.
— Ну i збіў! — зноў падкалоў Янка.— Відаць, варочаўся, круціўся па начах!
Зноў усе засмяяліся, падкінулі па слову, па два.
Уладак агрызаўся, але няўдала.
Агонь накрыўся пластам, папоўз у бакі; пацямнела. Салома затрашчала.
— Во трашчаць блохі! — паківаў галавою Пятрусь Чорны.
Уладак не стрываў — заехаў таму поўху, збіў шапку. Пакуль Пятрусь сабраўся падымаць яе, дык Уладак падбіў яе нагою ў агонь. Той выхапіў сваю аблавушку, абдымленую ўжо. Зноў усе зарагаталі, ужо з Петруся. Уладак хлябнуў яшчэ раз-другі па ім сенніком. У нос ударыў сухі пыл.