Выбрать главу

— Фу! — зафыркалі абедзве пападзянкі.

— Не пылі, Уладак,— сказала Маша.— Адыдзіся i добра вытрасі свой сяннік.

Уладак выскаліўся, паказаў свае буйныя пярэднія зубы, але Машы нічога не сказаў.

— Ды ў агонь яго трэба...— Пятрусь вярнуўся, ухапіўся за край сенніка i пацягнуў да полымя.— Ён прасмердзеў увесь. Шляхецкімі духамі.

— Я табе спалю! — Уладак ірвануў сяннік, скруціў i ўзяў пад паху.— Сваё палі, багацей гэткі.

Кацярына смяялася разам з усімі: яна прывыкла ўжо да гэткіх жартаў. Каму, можа, яны i не падабаліся. А яна заўсёды здзіўлялася, што тутэйшыя старыя i маладыя, як ім ні цяжка, умеюць жартаваць, кпіць з сябе i іншых. I іншых весялілі, i самі супакойваліся, праганялі нудоту.

Яна слухала, як далей кідалі адзін аднаму рэплікі маладыя, валтузіліся, усміхаліся, i думкі яе зноў вярнуліся да Алеся. Няхай бы i ён быў сёння тут, з усімі, пасмяяўся. Але ён апошні час, пасля звальнення са службы:, нібы саромеецца выходзіць з хаты. Сустракаюцца яны толькі ўвечар. Хоць цяпер, можа, гэтаксама думае пра яе. Відаць, не можа апомпіцца, уражаны, што яна завабіла ў свой дом. Можа, i асуджае, лічыць яе гулякаю. Спаткаліся, пацалаваліся — i ў пасцель. Нават не пагаварылі, не расказалі адно аднаму, як жылi дагэтуль. Ну i няхай! Як выйшла, так i добра! Будзе яшчэ час, пагавораць. Цяпер яны будуць толькі разам, будуць сустракацца кожны дзень. Ён ужо будзе яе. Толькі яе. Яна нікому яго не аддасць. I сама нікога іншага не хоча i мець не будзе. Можа, тут яны ўжо больш i не будуць — на вачах у людзей. Збяруцца i сапраўды паедуць куды ў іншае месца. Каб жыць i працаваць разам, каб ніхто ім не замінаў.

Кацярына, нават не адчуваючы, мацней прыціскала да сябе Кастусіну руку, нібы то была не яе, а Алесева, а Кастуся, мабыць, пра усё здагадваючыся, зазірала з пяшчотаю ў вочы i ўсміхалася аддана, радасна, цеплячыся яе i Алесевай тайнай ды радуючыся, што яны зноў паладзілі.

Хлопцы пачалі паказваць свой спрыт — скакаць праз агонь. А ён зноў быў высокі, шаматкі: угарэлася Уладакава салома. Павіліся, паплылі ў дрыготкім паветры яе чорныя агаркі. Вось разагнаўся, гойснуў праз вогнішча Янка Нямкевіч. Агонь лізпуў яго ногі, спіну, але не паспеў зачапіць: Янка мігам прысеў аж за агнём, мігам падхапіўся i адбегся.

Вось разагнаўся Уладак — у кажушку, у ботах. Затупаў як мядзведзь, адпіхнуўся каля агню i гэтаксама пераскочыў. За ім панёсся яго сусед, Антон Емельяновіч, стрыечны брат Янакавай братавай, Ядзі, але ён адпіхнуўся занадта далёка ад агню, дык не перагойснуў, шуснуў у полымя, узбіў ахапак гарачых чырвоных іскраў.

Усе выбухнулі рогатам.

— Няўмека!

— Не быў бы шляхцюк!

Пад гул Уладак Дземідовіч падхапіў пад пахі Віцю Гарбацэвіча. Той дагэтуль стаяў воддаль ад агню, горбіўся, не асмельваючыся скокнуць праз агопь, але зайздросцячы тым, хто гэтак спрытна перасільгвае.

— Скачы! — закамандаваў Уладак, папхнуў да агню. Віця спалохаўся, аж вырачыў вочы, упіраўся, вырываўся, але цяжка было яму, хірляваму, вырвацца ад такога бугая. Усе зноў засмяяліся — з Віцевага сполаху. Здаецца, ні ў адной з бліжэйшых вёсак так не пакеплівалі з сына багатага чалавека, як у Янкавінах з Віці.

I тут неспадзявана для ўсіх з таго гурту, дзе стаялі засцянковыя шляхцянкі, выскачыла Анелька Гарбацэвіч. Куляючыся на бакі, як качка, дабегла да хлопцаў i запусціла пазногці ва Уладакаў твар.

Той адразу ж адпусціў Віцю, са злосцю піхнуў Анельку. Яна павалілася долу.

— Чаго ты дзярэшся, каб цябе ястраб задраў! — як апраўдваўся Уладак, лопаючы далонню па твары, што, відаць, засмылеў ад ранак.

— А не здзекуйся! — падняўшыся, прамовіла Анелька. Патапырылася, як курыца-квахтуха перад катом. «Кураня», Віця, стаяў безабаронны, бездапаможны i асаромлены.— Папрывыкалі...

— Малайчыпа, Анелька! — прамовіла Кацярына.— Ніколі не думала, што яна такая храбрая. Не брат яе, а яна брата аберагае.

Уладак, як пабіты сабака, пасунуўся ад агню. У паўзмрок.

— Кыш, кураняты! — накінуўся на малых дзяцей, што стаялі за сталымі цэлаю плоймаю.— Кыш на седала!

Тыя пырхнулі, як вераб'і, у цемень.

— Скалазубы! Скалазубы! — загукалі з цемры.

Уладак улёг за імі. Каб дагнаць хоць каго, хоць на кім выліць свой сорам i сваю злосць. Заўсёды ж нехта ёсць у вёсцы, хто любіць дзяцей i хто здзекуецца з ix, слабых i шчырых. Уладак — хлопец жорсткі i бессардэчны, пудзіла i пагроза для дзяцей.

— Якая дзікасць! — скрывілася Валя-пападзянка.