Выбрать главу

— Што ёсць, тое ёсць,— прамовіла Кацярына.

— I ўвогуле гэтыя гулі варварскія...— хмыкнула Валя.

— Народу, Валечка, трэба забавы,— зноў адказала ёй Кацярына.— І ён весяліцца, як можа. I не горш, чым мы, адукаваныя. Бо ў нас бывае яшчэ большае, адукаванае, хамства...

Валя з крыўдаю змаўчала. Надзьмулася. Сястра яе, Маша, хіхікнула. I зноў ды зноў зіркала на Янку Нямкевіча. Але той не паварочваў сюды галавы. Часта кідаў позірк на Зосю Мішук. I тая, як бачыла Кацярына, адказвала закаханымі позіркамі.

Загуў Уладак. Усе абярнуліся: Уладак з-пад гумна Черных пёр перад сабою некага пераанранутага — пад Дзеда Мароза. Той быў у валенках, вывернутым белым кажуху, з вусамі i з барадою з доўгай мяккай кудзелі, у зімовай, з кавалкамі белай ваты, шапцы. На твары былі прычэпленыя шырокія калматыя, з пакулля, бровы i вялікі, ці не з рэдзькі, нос. Дзед Мароз трымаў у руках доўгую жардзіну, а да жардзіны была прывязана няўклюдная лялька-кабета — напхнуты саломаю ці сенам мех, на мяху было старое, без дна вядро, на вядры вугалем былі намаляваныя вялікія вочы, нос, шырокі рот. Замест рук — голле. Гэта была «Зіма».

— Замарожу! — кінуўся Дзед Мароз да ўсіх, тыцнуў «Зімою» дзяўчат-шляхцянак.— Паадмарожваю насы i шчокі! — махнуў па доле лялькаю. Нехта быў з мужчын. Мож, хто i з Чорных. Міхайла ці Пятро.

Дзяўчаты завішчэлі, кінуліся прэч. Дзед Мароз — за імі. Не дагнаўшы, павярнуўся i прыстаў да іншых — да гурту, дзе была Зося, а пасля i да гурту, дзе стаяла Кацярына. I яны, смеючыся, адбегліся.

Дзед Мароз уволю папабегаў за ўсімі, пакуль не замарыў дзяўчат i не здаўся сам, а пасля закрычаў:

— Прасеце, каб я спаліў зіму! Каб не памарозіў!

— Просім, просім! — загалёкала Зося-весялуха.

— Не ўсе просяць! — паскардзіўся Дзед Мароз.— Каторыя яшчэ не хочуць цяпла, вялікадня, вяселляў! Работы ў полі!

Тады ўсе закрычалі. Хорам.

— Вось цяпер бачу: усе гоніце зіму,— сказаў Дзед Мароз, запыняючыся каля вогнішча.— Цяпер станавецеся ўсе ў круг вакол цяпла i клічце вясну.

Моладзь паслухала. Абступіла з усіх бакоў агонь, узялася за рукі.

— Пачынайце! — закамандаваў Дзед Мароз. Пачаў першы:

Ой, выйдзем мы на горку Ды паклічам бога Адамкнуць зямліцу, Выпусціць расіцу.

— Ну, усе разам...

Тады заспявала Зося. Прыгожым меладычным голасам. За ёю падхапілі ўсе.

Вол бушуе — вясну чуе, Вол бушуе — вясну чуе, Воран крача — сыру хоча.
Воран крача — сыру хоча, Воран крача — сыру хоча, Дзеўка плача — замуж хоча.
Не бушуй, воле,— пойдзеш у поле Ды i ў полі паарэшся!
Но плач, дзеўка, пойдзеш замуж, Не плач, дзеўка, пойдзеш замуж Дый замужам нажывешся!
Наараўся вол, улёгся. Воран крача, сыру з'еўшы. Дзеўка плача, сына меўшы.

— Надта ж невясёлая песня,— сказаў Дзед Мароз, адзін тупаючы каля агню, пасярод круга.— Давайце весялейшую!

— А якая, Дзед Мароз, можа быць вясёлая песня? — запылала Зося. Зноў завяла першая:

Вол бушуе — вясну чуе, Дзеўка плача — замуж хоча. Не бушуй, воле, наарэшся, Не плач, дзеўка,— нажывешся: Пойдзеш замуж за жаўнера. Жаўнер будзе ваяваці, А ты будзеш жабраваці.

«Не дай бог, калі будзе вайна! — падумала Кацярына.— На яе ж могуць забраць i Алеся...»

Загуў Янка Нямкевіч. Не зусім смела ды умела, але тут жа ўсе падхапілі, заспявалі на ўсё наваколле.

— Ах ты, вясна, ты красна, А што ж ты нам прынясла? — На зямольку травіцу, На травіцу расіцу, На лясочак лісточак, На дзяўчатак вяночак, На дзяўчатак красотку, На хлопчыкаў сухотку.

— Ну што, Валя? — нагнулася, шапнула Кацярына суседцы злева. Валі-пападзянцы.— Дзікасць? Ці сімвалічнасць, мудрасць ды натуральнае хараство? Шчырасць, непасрэднасць?

Тая нічога не адказала. Толькі ўсміхнулася. З пасаромленасцю.

Зноў заспявала Зося. Файна, урачыста.

Блаславі, божа, зіму замыкаці, Зіму замыкаці, вясну загукаці, Дай, божа, на жытачка род, На статачак плод, Людзям на здароўе.

«Дай божа! — падумала Кацярына, сёння, як ніколі, адчуваючы еднасць з гэтымі янкавінскімі сялянскімі хлопцамі i дзяўчатамі.— Дай божа ўсім вам шчасця!»