— Гары, ліхая зіма! — сказаў Дзед Мароз i кінуў у агонь ляльку.— Прэч лютая i халодная!
2.
Відаць, кожны гаспадар найбольш i пайлепш думае, калі ён адзін i працуе. I пра тое, што на свеце робіцца, i пра тое, што яму найбліжэй i наймацней баліць.
«Хоць бы было i сёлета ціха. Хутчэй бы вярталіся ўжо дадому Кірыла i Андрэй з заробкаў,— думаў Сцяпан Чорны, мяшаючы карове сечку ў цэбры.— Хай бы ўжо самі гаспадарылі, глядзелі б сваіх жонак i дзяцей, а я памёр бы ўжо... Зусім падбіўся, зусім жыць не хачу... Хоць, таўчы яго камары, i лягчэй, калі няма дома сыноў. Калі дома, дык у хаце калатня. Не так задзіраюцца яны, браты, як іхнія жонкі. Нявесткі. Ненавідзяць адна адну, кожная хацела б другую выгнаць з хаты. Завядуцца — счэпліваюцца, як певуны, i мужы. А без ix нявесткі злуюць, сварацца, не гавораць адна з адной, але бойкі, крыві ў хаце, дзякуй богу, няма».
Панёс цэбар з сечкаю ў цёмную загарадку, дзе стаяла высокая чырвоная карова. Худая. Побач у катушку, пад курыным седалам,— бычок.
«Як нe шанцуе, дык не шапцуе, таўчы яго камары. Каб была цялушачка, дык, глядзі, праз год-другі яшчэ адна карова была б! Хоць пад старасць, можа, смятаны з тварагом з'еў бы».
Выходзячы з хлява, са скрухай зірнуў на самую першую ад дзвярэй загарадку: тут яшчэ нядаўна стаяў іхні стары конь. Цяпер яго няма. Як звазіў на ім з Шубіна сабе i іншым за плату сена, дык той пакепаў пару дзён i пaў.
«I што буду ўвесну рабіць?— зноў жахнуўся.— Як буду гной вазіць? Араць? Пазычыш каня — у такі хамут залезеш, што i не выцерабішся з яго. На ўсё лета. За жыта, за картофлю, што ўзяў у Гарбацэвіча,— адрабі, за каня — адрабі, дык... Ці мне, старому, адрабляць! Маладыя гаспадарылі б. Вот, таўчы яго камары, не шанцуе, дык не шанцуе. У Гарбацэвіча i кароў, i коней куш, колькі — i ніякая трасца ix не бярэ. А тут... Праўду кажуць: багатаму чорт i дзяцей калыша».
Выйшаў з хлява.
Убачыў: ідзе ў двор чалавек. Aгa, Алесь Нямкевіч.
— Добры вечар, дзядзька Сцяпан,— усміхнуўся Алесь. Вясёлы, здаецца, памаладзелы.
— Добры вечар, Алеська,— адказаў ён, не могучы зірнуць шчыраму, неразлучнаму маладзейшаму сябру ў вочы. Той, кажуць, кахаецца з Кацярынаю Сяргеенкаваю: як толькі Алесь вярнуўся з Вільні, дык Сяргеенку вымазалі глінаю вароты. Але i ўчора, кажуць. Алесь i Кацярына сустракаліся. Дык вось неяк i няёмка пазіраць у вочы таму, хто падходжвае да замужняя кабеты.
Парукаліся. Сталі каля пахіленага плота.
— Няма, дзядзька, сапраўднай вясны.
— Ды чорт яго ведае, што робіцца! I на свеце, i з прыродаю.
— Прачыталі газеты? — усміхнуўся Алесь.
— Чытаць-то начытаўся,— махнуў ён рукою.— Але хіба разбярэшся, што робіцца на свеце, у Пецярбурзе? Не разбярэшся. Туманоў, таўчы яго камары, многа. Усе ж дакляруюць табе залатыя горы, а карысці ад ix даклярацый ні халеры...
— Перамелецца ўсё неўзабаве...
— Перамелецца, канечне,— згадзіўся Чорны.— Дык хадзем у хату, аддам газеты. Бо Міхайла i Пятро мае агледзелі, просяць даць. A ім дай — дык, лічы, i прапала. Скураць.
— Чытайце самі i ім дайце,— сказаў Алесь.— Я шмат газет навёз. Хопіць нам, хопіць i вам. Я да вас па другім дзеле, дзядзька Сцяпан. Хачу, як i ўчора казаў, сваю школку ў Янкавінах адчыніць. Адразу пасля вялікадня. Собаліха падмелася ўпусціць у хату. Дык вот збіраю вучняў. Павучу, калі днём, калі ўвечар. Хай умеюць чытаць, пісаць i па-свойму.
— Яно так, Алеська,— згадзіўся Сцяпан Чорны.— Дзела гэта добрае. Я сваіх унукаў трымаць не буду. Хай ідуць, хай дакладаюцца. Як вы кажаце, хоць трохі павучацца, на куль пасвіць каровы. Але ж... Я вам цяпер не магу заплаціць... Ніяк... Каторы ўжо час няма хлеба. Картофлі на насенне не хваціць...
— Я ж не гавару пра плату,— прамовіў Алесь.
— Мала што не гаворыце. Я ж ведаю: чалавеку за працу трэба плаціць. Хіба ўжо ўвосень заплацім...
— Я ні ад кога нічога не вымагаю, дзядзька. Аддасцё ўвосень — добра, не аддасцё — такой бяды. Абы дзеці вучыліся, не раслі невукамі...
— Залатая ў вас душа, Алеська! — паківаў галавою Чорны.— Такіх людзей мала цяпер на свеце.
— Што пра гэта думаць,— сумеўся Алесь.— Іншае мне баліць: не ўсе хочуць пускаць дзяцей у маю школу. Нават i мае дзядзькі, Грыгарцэвічы i Касцюкевічы. Ды што пра дзядзькоў гаварыць? I бацька супраць, каб я адчыняў школу. I ў Засценку мнуцца. То кажуць, настае час ячмень, авёс сеяць, кароў пасвіць, то... Вот увосень ужо могуць пусціць... Баяцца, словам, маёй школы. Бо i Сяргеенка, i Лядзяш адбіваюць, палохаюць.
— Люд наш асцярожны...— уздыхнуў Чорны.— Але калі надумаліся, Алеська, дык адчыняйце. Я сваіх унукаў прышлю. I браты мае сваіх дзяцей пусцяць. Навука не зашкодзіць. Навука ест навука. Мы ні Сяргеенку, пі Ледзяша баяцца не будзем. Бо нічым не ўскураюць яны нас.