Выбрать главу

— Ну то дзякуй, дзядзька,— пацёр рукі Алесь, зарадаваўся.— Пайду ў Засценак. Пастараюся i шляхцічоў уламаць. Уламлю тых, дык за імі ўсе сваіх дзяцей пусцяць...

Гарбацэвіч якраз сядзеў у хаце, падшываў хамут. Як зайшоў ён, Чорны, падняў галаву з рэдкімі ўскудлачанымі, злямчанымі русявымі валасамі, зірнуў праз акуляры, што віселі, лічы, на самым кончыку тоўстага носа. Акуляры былі зачэплены ніткамі за вушы. У адным вочку было трэснутае цьмянае шкло, у другім шкла зусім не мелася.

Гарбацэвіч тут жа апусціў галаву. Як i не заўважыў яго, гэткага госця.

Сцянану такая ўвага была не ў навіну. Ён ведаў: ні ў Засценку шляхта, ні тут Гарбацэвіч не лічаць яго за чалавека. Ды яшчэ, можа, гаспадар быў i раззлаваны: у хаце, як ён чуў з двара, сварыліся. Праўда, як ён зайшоў, усе адразу ж змоўклі. Гаспадыня, Вікця, стаяла пры камінку, пры лучыне, i выцірала далонню слёзы на шчоках, дзеці, Віця i Анелька, сядзелі абапал стала насупленыя, як маладыя совы. Можа, i ад таго насупіліся, што ix не пусцілі ў вёску на гулянку. Бо ўсе цяпер, на сходніх днях вялікага посту, не пускаюць сваіх маладых на гулі, змушаюць больш, чым калі, маліцца, чытаць святыя кнігі.

— Добры вечар у хату! — павітаўся Сцяпан бадзёра.

— Добры вечар,— адказала Вікця, кіўнула яшчэ i галавою, падсунула пад хустку каля вушэй пасмы сівых валасоў, абцягнула ўверх i саму хустку. Гаварыла шапялявячы: не было пярэдніх зубоў. Казалі, ix яшчэ ў маладосці павыбіваў злы муж.

— Садзіся, калі зайшоў,— буркнуў.

Сцяпан паслухмяна сеў. У парозе на лаве.

— Ой, макрэча! — уздыхнуў ён, пачынаючы гутарку здалёку.— I снег, i дождж на дварэ. А паслязаўтра ж вялікдзень.

Яму адказала Вікця. З ёю яны i гаманілі. I пра надвор'е, i пра вясковыя навіны, i пра вялікдзень, i пра перамены ў свеце.

— Хто ж ведае...— уздыхнуў Сцяпан.— Можа ж, i будуць якія перамены...

— Многа ты хочаш! — абарваў яго Гарбацэвіч.

— Каб жа многа, пане Гарбацэвіч,— зноў уздыхнуў.— Не многа. Хачу, каб Андрэй ды Кірыла мае вярнуліся, каб зямлі сваёй троху прыдбалі. Хоць каб на старасці хлеба ўволю паесці... З мякінай легка хадзіць, ды цяжка ногі цягаць.

— Зноў у пазыкі прыйшоў? — адразу зразумеў яго «заход» Гарбацэвіч, падняў узлахмачаную галаву.

— Ды хоць бы пуд які яшчэ жытняй мукі...— адказаў Сцяпан, а сам падумаў: «Загавару спачатку хоць пра пуд. Зачаплюся, дык папрашу, таўчы яго камары, i больш...» Сказаў: — Жыць весела, ды есці нечага...

— Надта ж скора вы таго паўмяшка ўходалі...

— Якое ж, пане Гарбацэвіч, «скора»! Мы таго паўмяшка елі больш чым два месяцы! I ашчаджалі! Але вялікая сям'я! Як кажуць, жывём: тры дні без хлеба, а два дні так!

— Усё роўна ясцё, як не ў сябе.

— Хлеб разы два спяклі. Не больш. Пераварылі ўсё на зацірку. Адным словам, не за тое згалелі, што соладка пілі i смачна елі, а за тое, што ліхадзеі тоўстае горла мелі...

— I як ты думаеш аддаць? Ці думаеш на тваім пяску ўсё сёлета парасце?

— Што аддадзім увосень, пане Гарбацэвіч, што адробім...

— Хто адробіць? Ты?

— Што я, што Пятрусь i нашы бабы...

— Якія работнікі з цябе i з твайго Петруся! — грэбліва махнуў той рукою.— А па-другое, няма i ў мяне ўжо лішняга жыта. Абы самому хваціла да новага хлеба. Мы не ядзім па гэтулькі, як вы. Ашчаджаем. Хлеб з лупінамі, з шаройкамі пячом. Вот бабы ўзгарэліся на вялікдзень булкі, сухарыкі спячы. А я не даю пшанічнай мукі. Бо яе мала.

«Скупеча ты i жмінда несусветная! — падумаў Сцяпан.— I маеш усяго ўволю, i сам сабе ўсяго шкадуеш. Морыш сям'ю голадам».

— Яно ж ведама, пане Гарбацэвіч, i вам усё з неба не валіцца...— сказаў уголас.— Усё ж i вы з мазаля агоралі. Але вот пакрыху i выбіліся ў людзі, сталі на ногі. Пан ужо, лічы...— наўмысна паліслівіў, каб размякчыць яго злую чэрствую душу.— I хто, калі не вы, паможа нам? Толькі вы. Хай вам ужо бог за гэта дасць здароўя i сілы... Гэта ж вялікдзень ідзе, а мы не тое што булак, але i хлеба чорнага не маем, заціркі няма з чаго зварыць...

— Не магу памагчы,— прамовіў Гарбацэвіч.— Кажу ж, няма.

— Дзеці апухаць з голаду пачынаюць...— жаласна прамовіў Сцяпан, пазіраючы ўжо больш на гаспадыню. Ведаў: у яе душа іншая, чым у мужа, добрая.— Жываты як бубны... Енчаць, душу грызуць: дай ды дай есці. Каб які хоць пуд мукі...

— Няма,— адрэзаў Гарбацэвіч.

Так ні з чым i пасунуўся Сцяпан з хаты. На душы было не тое што згрызотна, а смяртэльна пуста i прыкра. Жыць не хацелася. Кляў у думках сваё жыццё, Гарбацэвіча. Ведаў жа: той мае. Але не дае. Змушае прасіць, кланяцца, набівае большую цану.