Выбрать главу

— Не разлівайце! — злосна сёння сказаў Сцяпан.— Куды вас халера гоніць! Паменш бярыце, аглаеды! — падакараў, аднак i сам завіхаўся абіраць бульбу, ведаў, калі падрэмлеш, дык i не спатоліш голад. З восені i на пачатку зімы ён надта не гнаўся за дзецьмі, думаў, няхай яны найперш пад'ядуць, але цяпер, пад весну, адчуў: трэба шанаваць сябе. Пад весну пачаў ён слабець. А слабець не трэба было: наперадзе шмат работы. I сваёй, i чужой. Дык цяпер, калі на дне мядніцы неўзабаве засталося зусім мала расолу, нешта дурное пад'юшчыла яго. Ён непрыкметна ўзяў са стала крыху ліпкіх лупін, патрымаў пад сталом, а потым падняўся, нібы з-пад сябе ўзяў ix, з грэблівасцю скрывіўся, патрос, а пасля сказаў: «Фу!» — i шпурнуў скамечаныя лупіны на дно мядніцы.

— Цьфу! — шпурпула па стол лыжку старэйшая нявестка, Аўдоля.— Старыя, а што цэп дурныя! А яшчэ кніжкі чытаеце!

Паклалі лыжкі i Ганя, Пятрусь. За імі адсупуліся з неахвотаю ад мядніцы i ўнукі.

— Вам гідліва, а мне, старому, усё роўна! — усміхнуўся ён, падсунуў да сябе мядніцу. Пачаў сёрбаць з яе. Ведаў: недаядуць дзеці сёння, даядуць праз дзень. На вялікдзень. Будуць разам са старэйшымі ў валачобніках, дык i ім перападзе ласункаў ад чужых людзей.

Высербаў усё, быў поўны жывот, але есці ўсё роўна хацелася. Падумаў: трэба схадзіць на вёску. Да Міхайлы ці Пятра. Можа, тыя якраз вячэраюць i запросяць за стол. I сабраўся, пайшоў. Але не пажывіўся. Тыя павячэралі ўжо, i Пятро, усміхаючыся, сказаў яму: «А мы якраз, брацец, думалі да цябе ісці...»

3.

Як свёкар пацягнуўся з хаты, Ганя начала рабіць знакі Петрусю, каб ён выйшаў на двор.

Ён патупаўся-патупаўся, апрануўся i пад пільны ды, здаецца, зларадны позірк старэйшай нявесткі падаўся на двор. Да гумна. Праз колькі хвілін выскачыла за ім i Ганя.

Ён хацеў адчыніць дзверы — каб зайсці ў гумно. Як i раней. Але Ганя сёння не пайшла за ім, спыніла.

— Петрусёк! — прытулілася.— Што будзе? Паўнею ж не па днях, а па гадзінах! Бачыў, як бацька сёння пазіраў! Як ні ўціскай жывот, усё роўна ён паўнее i паўнее. Скора во пад самы нос падапрэ.

Пятрусь маўчаў. Ды што ён, шкоднік, мог сказаць? Цяпер ён стараўся як мага менш бачыцца з ёю. Як мог уцякаў з хаты, лічы, не стыкаўся дома. Але Ганя каторы ўжо дзень спрытна яго лавіла, скардзілася i плакала, разрываючы яму душу.

«Сама ж вінаватая...— падумаў.— Я ж першы не лез да яе. Я да яе ні з адной дзяўчынай не знаўся. Яна сама першая падкацілася. Ды гэтак лоўка, што i я не агледзеўся, як прыліп да яе...»

— Ну, чаго ты маўчыш? — папікнула, усхліпнула.— Скажы: што.

— А што я скажу? — разгублена запытаў у адказ.

— Каб жа я ведала такое, дык ніколі-ніколі цябе не падпусціла б! — заламала рукі.— Але ж я думала, што ты ўпільнуешся, не нашкодзіш...— I, ужо не саромеючыся яго, каялася, кляла сябе за тыя ночы, калі не магла спаць, чуючы, як ён варочаецца паблізу, як хацела нават пры свёкрах прыйсці ўночы да яго на тапчан, як загульвала з ім i як наўмысна аднойчы, калі ведала, што ён адзін у гумне, зайшла туды...

— О, божачка! — пачала плакаць. — Другія бабы гуляюць з чужымі мужчынамі, з хлопцамі — i нічога... А гэта... Як я скора ўсім у вочы зірну? Свёкрам? Вёсцы? Што Андрэю, калі вернецца, скажу? Адна наша змяя перагрызе мне нутро...

«А што я Андрэю скажу? — жахнуўся i ён.— Заб'е ён мяне, як муху... ды ў вёсцы ўсе зубы скаліць будуць...»

На ўсяночную ў царкву сабралася шмат людзей. Высыпалі, лічы, усе з Янкавін, прыйшлі людзі i з Прудоў, Крычатоў, Рудні, Пільніцы, з хутароў — з усіх тутэйшых праваслаўных вёсак. Кожны — ці то стары, ці то малады, ці зусім падлетак — прынёс з сабою клуначак: выфарбаваныя ў настоі ад лушпін з цыбулі яйкі, карабкі з соллю, хлеб. Каб усё гэта пасвянціць. I яшчэ кожны ўзяў з сабою бутэлечку. На свянцоную ваду. Хоць былі праваслаўныя, але шмат якія абрады спраўлялі як i католікі.

У царкве спачатку было вельмі холадна, стыла. Аж білі дрыжыкі. Пасля, калі паволі ўвагрэлі паветра, крыху пацяплела.

Янка заўсёды каля царквы ці ў царкве чуўся ніякавата. Ён не меў вялікай набожнасці, але i на бога абы-чаго не гаварыў, шчыра верыў i асцерагаўся лішні раз успамінаць яго імя. Царква змушала яго да пакоры, маўклівасці i нейкай стоенай урачыстасці: i высозная столь, вялікія малюнкі на сценах, з якіх пазіралі строгія святыя, i поп за царскімі дзвярыма, i клірас з пеўчымі, свечкі. I яшчэ рэха, што кацілася па царкве, калі гаварыў поп ці спяваў хор. Што ні кажы, у царкве мяняешся, думаеш не пра свой двор, а пра нешта, што i ўцяміць не можаш.

I сёння Янка ціха стаяў на мужчынскай палове сярод сталых мужчын i хлопцаў у кажухах, з падстрыжанымі патыліцамі, выгаленымі шчокамі i набіраўся таямнічасці ды ўрачыстасці і, лічы, не пазіраў па другую палавіну, дзе сярод кабет i дзяўчат стаяла Зося i зусім не пазірала ў яго бок. Як i не бачыла яго, аддавалася толькі малітвам, богу. Невядома, як яна, а ён, амаль не пазіраючы, усе ж вельмі добра бачыў яе.