Жыццё ішло сваёю калейкаю i ў царкве. Па-першае, наперадзе, перад царскімі дзвярыма, стаялі самыя шаноўныя людзі: Сяргеенка, Лядзяш, Чарноў, Дзяжко, Гарбуковіч, Гарбацэвіч, за імі — Дземідовічава радня, воддаль — іхняя, Янкава, a ўжо за імі стаялі Мішукі, за Мішукамі — Чорныя.
Адны стоена маўчалі, аддаючы сэрца богу, іншыя кашлялі, перамаўляліся, a дзеці нават i хіхікалі, штурхаліся — на мужчынскай палове паходжваў раз ад разу дзяк i сыкаў на дзятву, ківаючы на папа,— каб таго больш слухалі. Дзяк быў родны брат старасты Дземідовіча.
Вось ён, невысокі, таўсматы, запыніўся за Янкам.
— Ціха вы, жэўжыкі! — сыкнуў на дзяцей.— Знайшлі дзе шаптацца i шчыпацца! Слухайце, ipaды, бацюшку! Тут вам не вечарынка! — і, адыходзячы, зацягнуў басам: — Крэ-сці-і-це-ся-я-я!
Усе пачыналі жагнацца. Дзяк Дземідовіч ішоў да царскіх дзвярэй i цягнуў: «Во Хрыста аблекоцеся!» I калі ён замаўкаў, зноў нешта на зразумелай i ў той жа час на зусім незразумелай старой царкоўнай мове гаварыў поп, айцец Феадор, спяваў хор на клірасе ці падпяваў Дземідовіч — i здавалася: душа цяпер ляціць некуды далека i высока.
Неўзабаве поп i дзяк памкнуліся праз усю царкву на выхад. Народ рассоўваўся, даваў дарогу.
Нa двары — пасля крэснага ходу вакол царквы — айцец Феадор падышоў да загадзя раскладзенага, а цяпер амаль патухлага вогнішча, памаліўся каля яго, каля цэбра з вадою, апусціў у яе крыж.
I ледзь адышоўся, як да вогнішча i цэбра хлынуў люд. Пa святыя вугольчыкі, ваду.
Штурхаліся, сварыліся.
— Ды хваціць табе,— злаваў на некага Міхайла Чорны.— Зачэрпаў троху — адыходзься. Ты ж піць яе не будзеш. Абы: папырскаць троху было.
— Табе толькі адному трэба! — адказаў нехта з чужой вёскі.
— Ды не лезь ты, не тапчыся!
— Ой! — піскнула нейкая дзяўчына.
— Што? — загуў нейкі мужчына.— Укралі нешта?
Калі набралі ўсе вады, вугольчыкаў, дык палічылі: усяночная скончана. Усе павалілі дадому, несучы з сабою свянцонае, з чаго заўтра раніцай i пачнецца сытны сняданак.
4.
Назаўтра раненька люд зноў пацягнуўся ў царкву. Але яго ўжо было не столькі шмат, як учора, i ён быў не такі расхваляваны, урачысты — вясёлы. Прыйшлі толькі «выбраныя» ад кожнай сям'і ці радні.
Поп i сёння чытаў малітвы. А пасля падаўся да амбона.
— Праваслаўныя! — падняўшыся, прамовіў.— Хрыстос уваскрэс!
— Ва ісціну ўваскрэс! — адказаў дзяк, а за ім сказалі хорам i веруючыя.
— Праваслаўныя! — выцягнуўшы белую руку, сказаў айцец Феадор.— I сёння гасподзь бог падказвае мне сказаць вам гасподняе слова. I сёлета, дзеці мае, рабы божыя, вялікдзень будзе ў смуце. Бо ў Расіі-матухне няма аднадумства, адной, моцнай веры i любові да веры, цара i айчыны. I сёлета шмат усякіх антыхрыстаў бунтуюць праваслаўны люд, хочуць, каб наша святая Русь раздзіралася ад людскіх страсцей. Рабы божыя маюць злосць на сваіх гаспод. З-за сквапнасці на зямлю i вы, хрысціяне, траціце часамi развагу. A ў дадатак яшчэ той-сёй нацкоўвае народы на народы, хоча адасаблення i аслаблення святой нашай Pyci. У святым пісанні сказана, хрысціяне, што калі гасподзь бог працягвае руку з ласкаю, дык антыхрыст з кавярзою. Дык не паддавайцеся на кавярзу антыхрыста, не майце злосці на брата свайго, не ідзіце за бунтаўшчыкамі ці за тымі, хто кліча вас да нявернасці, глуму над хрысціянскімі парадкамі, як не ідзіце i за тымі, што клічуць вас у другую, меней верную каталіцкую, веру...
Кацярына слухала i раз-пораз кідала позіркі нa мужчынскую палову: там побач з Янкам стаяў Алесь. Канечне, яму такія казані айца Феадора не падабаліся. Учора айцец Феадор быў у ix, i яны з бацькам дамаўляліся, што поп сёння з амбона ў сваёй казані асудзіць Алеся. За яго старанне адчыніць у Янкавінах прыватную школу.
— Паганы, праваслаўныя, прыклад вам падае ваш вучаны зямляк, сын Яся Нямкевіча,— сапраўды загаварыў пра Алеся айцец Феадор,— ён самы вучаны з вас, але ён кепскі хрысціянін. Ён будзіць у вас непавагу да святыні, хоча адарваць вас ад сапраўднай веры. Не пасылайце сваіх дзяцей у яго антыхрыставу школу. Яна нічому ix не навучыць. Пасее толькі зло...
Усе маўчлі. Слухалі. Гаварыць ужо будуць на двары.
«Пакутуе, бедны! — пашкадавала Кацярына Алеся, пазіраючы, як ён бялее на твары.— А бацюшка наш стаў ужо не поп, a палітык... Двурушна апаганьвае Алеся».