Але Казік новага яйка з кішэні кароткіх, перашытых з бацькавых, портак не даставаў. Відаць, думаў біцца з некім другім.
Язэп пабіўся яшчэ з некалькімі — i ўсе яйкі пабіў. Выйграў ужо цэлую кішэню. Але пасля ўсе пачалі ўжо прыставаць, каб паказаў сваё яйка. Не паказаў. Дык адмовіліся з ім біцца.
Падышоў Юрась Дземідовіч — малодшы Уладакаў брат. Гэткі самы скалазубы — выпнутыя ўперад зубы ніяк не хавалі i вусны.
— Глядзіце, які чысценькі! — скрывіўся Язэп.— Шляхцючок!
На Юрасю быў новенькі чорны, прысланы дзядзькам з Амерыкі, касцюмчык, белая кашулька i новыя чорныя чаравікі. Астатнія такіх абновак не мелі. Калі хто што i меў, дык самае вялікае толькі ці кашульку, ці брылёўку, ці порткі.
Язэп піхнуў Юрася. Той упаў на яшчэ вільготную зямлю. Падхапіўся. Але не паспеў падняць брылёўкі. Язэп падбіу яе лапцем. Пагнаў па аселіцы. Гурт рушыў за ім. Юрась — у слёзы. Бег за імі, плакаў, а пасля завярнуўся, прыстрашыў:
— Я тату скажу! Ён вам дасць.
— Кажы, кажы! — не збаяўся Язэп.— Скора твайго тату патураць са старасты! Бо ён сабака!
— Сам ты сабака! — асмялеў здалёку Юрась.— Усе вы, Чорныя, галякі, зладзеі i бандзіты! Мужыкі! Галадранцы!
Язэп, нічога не гаворачы, улёг за ім. Юрась — ходу. Так уцякаў, гато, здаецца, i ногі за галаву закідваў.
Упершыню Янка за апошнія гады зайшоў да Мішуковых у хату. Удзень. Зайшоў пасля полудня наўмысна: ён яшчэ дома ўбачыў, як прыйшлі да старэйтай дачкі, Галены, Мішукі i малодшыя дзеці. Дык ведаў: цяпер Зося ў хаце адна.
Зося сустрэла яго са збянтэжаннем. Зірнула, як ён зачыніў дзверы i ступіў у хату — здаецца, усё яго мужчынскае патаемнае, пагрознае ўбачыла ў яго вачах i замітусілася. Не кінулася насустрач, як кідалася ўвечар, калі сустракаліся за бацькавым гумном.
— Хрыстос уваскрэс! — прамовіў ён. Усміхнуўся. Але i ў самога застукала сэрца, сціснула ў горле.
— Во ўпадабаў хрыстосавацца! — адказала. Канечне, бачыла, як ён сёння цалаваўся з Кацярынаю.
Ён, бянтэжачыся, пазіраў i цешыўся: файная сёння як ніколі. У белай доўгай сукенцы i чорных, куплёных туфлях, з доўгаю касою. Румяная, нібы з падфарбаванымі вуснамі i бровамі. Падышоў.
— Трэба ж пахрыстосавацца...— усміхнуўся. Няёмка. I ад таго, што зайшоў сюды, i ад таго, што цяпер па-святочнаму апрануты. У чорны суконны касцюм, у хромавыя — бацькавыя боты.
Прыгарнуў, пацалаваў. Яна ж адказала з неахвотаю, тут жа крутнулася, села на край ложка. Ён прымасціўся побач.
— Я ж казала: не ідзі ў хату! — папікнула.— Цяпер ужо ўсе ўбачаць. Як ужо бачылі i ў царкве, што ты ўсё пазіраў i пазіраў...
— А ты хіба бачыла? — здзівіўся.— Ты ж не падымала i галавы.
— Бачыла!
— Дык няхай і ўсе бачаць! — адказаў.— Колькi ж таіцца будзем?
— Колькі трэба...
— На...— дастаў з кішэні, падаў жменю дарагіх, закручаных у паперкі цукерак, што купіў на днях употай у Шлёмавай лаўцы.— З'еш i не будзь такая злосная.
— Калі ж ты нядобры...— не ўлагодзілася вельмі, але цукеркі ўзяла.— Не слухаеш...
— Ну, не злуй,— прытуліўся.— Што ж я зраблю, калі мяне сюды як магнэзам цягне?
— Увечар спаткаліся б. Там... за гумном.
— Далека да вечара! Ды я ведаў: ты цяпер адна...
— Ну дык i што, калі адна? — зірнула з падазрэннем.— Дык ты наўмысна зайшоў?
— А як жа,— абняў. Пахіліў на горку падушак, накрытых накідкаю, што яна вышывала на вячорках у Чорных усю зіму.
Выцерабілася. Ён зноў злавіў, нахіліў яе на падушкі. У валтузні i барацьбе ўзяў верх. Адчуў перад сабою яе грудзі, калені. Аж уздрыгнуўся. Цалаваў. У вусны i ў шчокі.
— Здурэў...— усміхнулася. Але болей не адштурхоўвала.
— Даўно ўжо...— прашаптаў, пусціў у ход рукі. Правёў далонню на каленях, па сцёгнах.
Яна ўстрапянулася, ірванулася. Нібы адчула: трапіла ў пастку. У небяспеку. Але не крычала, не прасілася.
Адплюшчыў вочы, што заплюшчыў чамусьці неяк нават i незаўважна для самога сябе. Зосіны вочы гэтаксама былі самкнутыя, шчокі яе нібы загарэліся, суха запалымнелі.
«Ці жывая? Чаму такая нерухомая?»
Затрымаў руку, не даў ёй гарэзнай волі. I тут жа Зося нібы апамяталася.
— Пусці...— прашаптала.
Узрадаваўся: жывая. Не паслухаў. Зноў прыпаў да яе вуснаў, зноў даў волю сваей руцэ. I ўжо большую, як раней.
— Яначак, міленькі, не трэба...— прамовіла зусім ціха.— Што хочаш, толькі не гэта... Прашу... Пашкадуй...
Ён маўчаў. Але дзёрзкія свае намеры запыніў. Бачыш жа, не згаджаецца. Ці баіцца, ці не верыць яму. Можа, i не кахае.
— Усё пасля шлюбу...— нібы супакоіла.
— А цяпер? — прашаптаў.
— Цяпер — не...
— Не бойся. Я не... Я... Ну...