Выбрать главу

Зязюля. Не шумі. Я зараз пайду.

Таіса. Я буду з табой. Але ты не павінен здавацца!

Зязюля. Няхай маладыя.

Таіса. Стары?! Французскія вучоныя лічаць, што малады ўзрост — да 45, сталы — да 59, пажылы — да 75, а стары — за 75…

Зязюля. Пакуль малады — махнём на поўдзень! Ляжыш на цёплай хвалі…

Таіса. Поўдзень табе нічога не дасць. Трэба змяніць сітуацыю.

Зязюля. Хочаш на другое месца?

Таіса. На тое ж самае.

Зязюля (усміхнуўся). Пасля бюро? Вазьміся за гэтую справу, доктар, — мыш’як, стрыхнін… Што там яшчэ?

Таіса. Вазьмуся.

Зязюля. Ну-ну! Дай Божа нашаму цяляці ды воўка спаймаці. (Пайшоў.)

Таіса. Ты куды?

Зязюля. Здаваць справы твайму мужу.

Таіса тужліва глядзіць услед. Кінула бакал на падлогу.

Карціна трэцяя

Вёска. Раніца. Да Зязюлі, накульгваючы, падышоў хударлявы мужчына гадоў пад шэсцьдзесят, Бондар. Паздароўкаліся.

Зязюля. Як быццам дажджу не будзе. Што сумны, камісар? Вясёлыя людзі менш хварэюць і даўжэй жывуць.

Бондар. Як яны маглі?

Зязюля. Ведаеш?

Бондар. Вераб’ёў званіў — рыхтуй сход…

Зязюля. Ты тут ні пры чым. За ўсё адкажу сам.

Бондар. Хіба я пра гэта? Не маглі без парторга! Парушэнне!

Зязюля. Паеду — і ўсё забудзецца.

Бондар (дастаў люльку, але не закурыў). Што ж ты — людзей пакінеш?

Зязюля. А што прапануеш — брыгадзірам?

Бондар. Трэба штосьці рабіць.

Зязюля. Яшчэ адзін! Статут партыі ведаеш?

Бондар. Ляшчук — яшчэ не партыя.

Зязюля. Крыўдна — столькі гадоў, а ні храна не паспеў!

Бондар. Гэта ты не паспеў? Давай рыхтавацца да сходу. Лічбы, факты… Людзі выступяць…

Зязюля. Безнадзейная рэч. Лукіч, на сваё месца я прапаную… цябе.

Бондар. Блёкату наеўся?

Зязюля. На два-тры гады патрэбен свой чалавек! Інакш — усё замарозяць!

Бондар. А пратэз мой чым заменіш?

Да іх падыходзяць на лятучку галоўныя спецыялісты. Вітаюцца. У дыспетчарскай па тэлефоне гаворыць пажылая жанчына ў вялікай хустцы.

Жанчына. Алё! Алё! Галя, гэта ты? Прыязджайце з Віктарам! У нас тут такое… Дом прададзім, парсючка заколем, а карову адзін пытаўся. Дачушка, потым растлумачу… Парфяновічы таксама збіраюцца…

Зязюля (падышоў, выхапіў трубку). Нічога не здарылася! Можаце не прыязджаць! (Паклаў трубку.)

Жанчына (загаласіла). Авой, людцы, што ж гэта будзе!..

Зязюля. Бабы, вы што — звар’яцелі?! Хочаце зрабіць з мяне пасмешышча? Спыніць паніку!

Жанчына. Іванавіч, памятаем мы ранейшых старшыняў!

Зязюля. Калі тое было! Горш не будзе. Тое, што расказваюць пра новага…

Жанчына (уздыхнула). Абяцанка — цацанка, а дурню радасць…

Зязюля. У Мексіцы хаваюць чалавека весела. У Японіі паведамляюць аб няшчасці з усмешкай. І толькі ў маёй Галынцы… Так, здымаюць. Ну і што? Каровы перастануць даваць малако? Куры — несці яйкі? Натуральны працэс — мяняюць кіраўніка.

Мужчына. Калі б — натуральны…

Зязюля. Галоўныя спецыялісты сабраліся? Паслязаўтра пачынаем уборку бульбы. Усе службы гатовы? Галоўны інжынер, .

Міхась (малады энергічны мужчына, час ад часу пяшчотна пазіраючы на дзяўчыну, раскрыў блакнот). Тры капалкі не зможам выцягнуць у поле. Стаяць трактары. Далі б запчасткі, самі б зрабілі. І машын не стае на вываз. Хоць бы дзесятак, па два рэйсы…

Зязюля. Што нам Лунёў падкіне? Як на Бога!

Таня. Дык адмовіў!

Зязюля. Як? Чаму?

Таня. Я думала, вы бачылі… (Падае паперу.)

Зязюля (прачытаў). Няма Бога… Злучы!

Таня (набірае нумар, нягучна перагаворваецца). Пётр Іванавіч!

Зязюля (узяў трубку, пачаў ласкава). Аляксей Міхайлавіч? Зязюля. Рады чуць ваш магутны голас! Аляксей Міхайлавіч, нейкае непаразуменне? Мы прасілі… Стаяць трактары! З-за ерунды. Калі па бульбе ўдараць маразы… Аляксей Міхайлавіч, ну хоць бы пяць… На каленях — тры… Родны мой, добры, інакш — катастрофа! Страцім ураджай. На першым годзе праграмы. Так, але… Як — самім выкручвацца? (Вочы поўныя гневу, голас пераходзіць на высокія ноты.) Дык вось, запомніце! У бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў я не звярнуся да вас ні з адной просьбай! Але ўсім, кожнаму стрэчнаму буду трубіць — каб да вас не звярталіся! Таму што вы не можаце вырашыць ніводнага пытання! Што? Ах, вось… Ну і што, калі знялі? Калгас застаецца без запчастак! (Кінуў трубку.) Разумны дае сам, сярэдняга розуму — калі папросяць. І толькі дурань не дае ніколі… Што ж змянілася? Клопат партнёраў, а галава па-ранейшаму баліць толькі ў нас… Танюша, якія пытанні на праўленні?