Выбрать главу

Таня (падсунула заявы). Аксюціч просіць пазыку, дом купляе.

Зязюля. Далей.

Таня. У Мішчанкі сын жэніцца. Просіць дастаць сто бутэлек шампанскага, трыста авансу, цяля выбракаванае з фермы і машыну на дзень.

Зязюля. Гэта каторы — Юра жэніцца?

Таня. Ага. Мазура Ганна просіць тысячу, пазыку для завяршэння будаўніцтва. Трынаццаць тысяч ужо ўкладзена.

Зязюля. Вялікі дом?

Таня. Не вельмі. Шэсць пакояў, кухня, склеп, гараж, пуня…

Міхась. Іванавіч, ёсць яшчэ адна гаспадарка, якая можа нас выручыць, — Камінскі!

Зязюля. Я толькі што падумаў! Злучы.

Таня набрала нумар, перадала трубку.

Вітаю! Зязюля. Даўненька не бачыліся! Дай, думаю, пазваню, можа, на возера, на юшку, альбо ў лазню… Пра што гаворка? Дробязь… Глеба ў нас цяжкая, камяністая… Для «Беларусаў»… Правільна! А ты не тэлепат? Можаце?! Дык вы ж нас… Што? (Прыкрыўшы трубку.) Пытаецца — «царскае паляванне» будзе? (Уздыхнуўшы, у трубку.) Будзе. А раней? Ніяк? (Паклаў трубку.) Зусім зрабіўся нахабным! У пушчы забіць па кабанчыку!

Міхась. Запчасткі — калі?

Зязюля. Дваццаць сёмага.

Міхась (прысвіснуў, пакруціў галавой). Позна. Ездзілі мы ўчора на выстаўку. Вось гэта тэхніка! Нам бы такую ў калгас! Мы б тут…

Зязюля (падхапіўся, ходзіць). Што там учора ў сталоўцы?

Міхась. Ды ўсё гэта, камерцыя, хімічыць… Мяса абрэзалі, далі механізатарам адно сала. Каўбаса мясцовая, з душком… Ну, хлопцы і выкінулі…

Зязюля (звоніць). Тамара, золатка! Ты хочаш, каб я прывёў сто дваццаць чалавек механізатараў і яны разнеслі сталоўку? Разам з такой прыгажуняй загадчыцай?.. Вось і цудоўна. Разумныя людзі заўсёды зразумеюць адзін аднаго. (Паклаў трубку.) Усё?

За акном праехала легкавая машына, спынілася. Ляпнулі дзверцы.

Жанчына. Карпук! Фермер!

У памяшканне ўвайшоў дужы, з нахабнымі вачыма мужчына гадоў пад шэсцьдзесят, у капелюшы, у куртцы, халявы ботаў адгорнуты — Карпук.

Карпук (хмурна). Старшыня, усім далі сена. А мне?

Зязюля (здзіўлена). Хіба ты яшчэ ў калгасе? Жонка не ходзіць на ферму…

Карпук. Хварэе.

Зязюля. А на выгляд — кроў з малаком! Дзе твае сыны — сабакам сена косяць?

Карпук. Твой Лёшка таксама не тут.

Зязюля. Не блытай божы дар з яешняй! Лёшка ў акадэміі, потым будзе ў калгасе. Паклаўшы руку на сэрца — колькі разоў выйшаў на работу?

Карпук. Не мае значэння. Я — калгаснік.

Зязюля. Карыстаешся правамі і прывілеямі калгаснікаў. А вось з работай… Цяпліцы, нутрыі… Часцей на рынку, чым… За што ж сена?

Карпук. Ведаю, што цябе злуе. Хочаш праўду? Ніколі ў вас не будзе такога парадку, як у мяне. Чаму? Я ўкалваю! Ад світання да змяркання. Без перакураў, п’янак… А калі сеяць альбо ўбіраць — мне не патрэбны сходы, званкі, семінары… (Пастукаў сябе па лбе.) Вось мой райком! (Павярнуў рукі далонямі ўверх.) А вось мае кадры! (Паглядзеў навокал.) І няма ў мяне цэлага штату нахлебнікаў! Таму ты мне зайздросціш, таварыш старшыня… Былы! Цяпер ты ніхто — пшык!

Зязюля (прыжмурыў вочы, засоп). Калі праўда на тваім баку і гэтак добра ідуць справы — навошта табе калгасныя соткі? З бульбай столькі клопату…

Карпук (да носу Зязюлі працягнуў фігу). А гэта бачыў?

Бондар. Ах ты сукін сын…

Мужчыны кінуліся да Карпука, але Зязюля спыніў іх жэстам.

Зязюля. Ты іх сеяў? Тваё насенне?

Карпук. Сеяў калгас! А выдзелілі мне.

Зязюля. Шкада, у цябе больш няма сотак у агульным масіве!

Карпук. Ні храна ты іх не забярэш! Пасля Пленума? «Пітацельнай» праграмы?! Адразу выкладвай партбілет!.. Хопіць, пацарстваваў! Прыемна было вяльможыць? Пойдзеш у брыгадзіры! А то і ніжэй… Адвернуцца сябрукі, перастануць здымаць шапкі, клікаць на самагон…