Выбрать главу

Ляшчук. Дзяржава падкіне!

Зязюля. Не хачу дзяржаўнага! І ці заўсёды яна зможа мне падкінуць? Ездзіў я нядаўна. Пабудавалі, а…

Ляшчук. Ну як ты не разумееш! Збожжа не хапае, бульбы… То засуха, то скрозь дажджы, холад… А дай нам тры… Ну хаця б два ўдалыя гады… Эх, Зязюля… Калі б не ўпарціўся…

Зязюля. Пакінулі б старшынёй? (Усміхнуўся.)

Ляшчук. Хіба цябе толькі за гэта?

Зязюля (гучна прашаптаў Харытончыку). Я бачыў жудасны сон — комплекс праглынуў калгас разам са старшынёй! Гэта можна будаваць дзе хочаш, але толькі не тут. А калі тут, то не сёння.

Ляшчук (Харытончыку). Зразумеў? Няхай іншыя…

Падышла Таня ў белым халаце.

Таня. Пётр Іванавіч, звоняць з Мінска. З міжнароднай выстаўкі. Сказалі, вельмі важна! (Пайшла.)

Ляшчук. Чакай! Свайму пераемніку пашукай кватэру. Самую лепшую!

Зязюля (глянуў, пайшоў услед за дзяўчынай). Няўжо і я, гадоў праз дзесяць-пятнаццаць… Шкада!

Харытончык. Пахаджу я адзін.

Ляшчук. Калі ласка!

Харытончык пайшоў. Ляшчук накіраваўся да Тані. З’яўляецца Міхась, спыніўся, здалёк назірае.

Сырадоем пачастуеце?

Таня. Спазніліся — адвезлі!

Ляшчук. Штосьці я цябе не помню?

Таня. А я вас помню. Кацярыну Лукашэвіч ведаеце?

Ляшчук. Ну як жа! Такая прыгожая дзяўчына на ферме — скарб!

Таня. Не прыгожая, але даволі мілая! (Прайшлася, павярнулася, быццам манекеншчыца.) Гэта — па-першае. А па-другое, я тут апошні дзень — ад’язджаю! Паколькі здымаюць Іванавіча…

Ляшчук (з прыкрасцю). Як ён усіх настроіў! Ты чаго ж едзеш?

Таня. Хлопцам цікава — тэхніка! А нам — ручная праца? Пах аміяку ніякім душам не адмыеш. Прыйдзеш на танцы, а хлопцы нос вернуць: «Ферма прыйшла!» (Кінула позірк на Міхася.)

Ляшчук. Так, трэба будаваць комплекс.

Таня. Там таксама: летам уставаць — у чатыры раніцы, апошняе даенне — у дзевяць вечара…

Ляшчук. Значыць, выйсця няма? Закрываем сельскую гаспадарку!.. Ну, а абавязак? Камсамолка?

Таня. Вы ж не засталіся ў вёсцы!

Ляшчук (усміхнуўся). Зубастая! А можа, мне даручылі іншае?.. Валянціну ведаеш?

Таня. Пляменніцу старшыні?

Ляшчук. Замужам? Не? Якія песні яна спявае? (Памаўчаў.) А раней спявала. І як спявала…

Таня. За што вы здымаеце Пятра Іванавіча? Наш калгас лепшы за суседні!

Ляшчук. Калі я працую дрэнна, а сусед яшчэ горш, значыць, я перадавік? Арыентавацца трэба на ўзровень, які мог бы быць, павінен быць! Мне самому яго шкада. Але… (Пайшоў.)

Да Тані падыходзіць Міхась, сарамліва глядзіць, бянтэжыцца. Таня з усмешкай пазірае.

Міхась. Іванавіч сказаў, каб я ўзяў паўкабана.

Таня. Паўкабана? Бяры пілу, злаві кабана і пілуй… Табе трэба на склад. Што ты тут топчашся?

Выцершы ўспацелы лоб, Міхась выходзіць. Таня задуменна глядзіць услед. Вяртаецца Зязюля.

Зязюля. Чыя гэта машына пыліць? О, гэтага яшчэ не хапала…

Набліжаецца шум легкавой машыны, адчыніліся і ляпнулі дзверцы. З’яўляецца Таіса. Таня пайшла.

Звар’яцела! На таксі? Толькі ўрачы могуць сабе гэта дазволіць!

Таіса (цмокнула яго ў шчаку). Дарэчы, заплаці за машыну.

Зязюля дастаў бумажнік, выйшаў за кулісу. Аддаляецца шум машыны. Вяртаецца Зязюля, разглядае апусцелы бумажнік, круціць галавой, хавае ў кішэню.

Зязюля. Аднак!

Таіса. Дык вось яна, Галынка! (Не ідзе — ляціць.)

Зязюля. Па грыбы, па арэхі?

Таіса. Водпуск! Магу я распараджацца, як мне хочацца?

Зязюля (кісла). Рады табе страшэнна!

З памяшкання выходзіць Харытончык, убачыў жонку, ад нечаканасці спыніўся. Таіса яго не бачыць.

Таіса. Займайся справамі. Я кошка, якая сама па сабе… Прывезла таблеткі — сёння спатрэбяцца… Па адной тры разы.

Зязюля неадрыўна глядзіць на Харытончыка. Таіса павярнулася.

Харытон? О-ля-ля!

Харытончык (нервова). Добры дзень, Таіса. Як дачка?

Таіса. У парадку. Не мог выбраць другі калгас?