Выбрать главу

Джэйн Остэн, поўнасцю альбо ў любой форме ці кшталце, за выняткам “Гордасці і прадузятасці”, што ўжо ў нас маецца. Не буду болей турбаваць сумнеўнымі заўвагамі геній незраўнанай дзяўчыны; я і так параніў пачуцці міс Овэрман, адмовіўшыся пра гэтую дзяўчыну размаўляць, але мне бракуе нават прасцюткае прыстойнасці як след пашкадаваць пра гэта. У найгоршым выпадку, я згадзіўся б сустрэцца з кім-небудзь у Роўзынз, але я не магу ўступаць у дыскусію пра жаноцкі геній, нагэтулькі вясёлы, зіхоткі і блізкі мне; я рабіў такія-сякія кволыя чалавечыя спробы, але нічога вартнага яны не ўяўлялі.

Джон Баньян. Калі я станаўлюся занадта лаканічным ці сціслым, будзь ласкавая дараваць, бо я хачу як найхутчэй скончыць гэты ліст. Кажучы поўную праўду, я не дужа высока цаніў яго, калі быў меншы, бо ўважаў, што ён не надта схільны даваць сваім героям пару асабістых слабінак, такіх, як лянота, сквапнасць ды многія іншыя, прывілей мець некалькі колкіх, ажно пакутлівых, сумненняў; я сам сустракаў на дарозе жыцця не адзін дзесятак бліскучых, абаяльных чалавечых істотаў, што ажно млеюць ад лайдацтва, але застаюцца тымі чалавечымі істотамі, да якіх звяртаешся ў патрэбе, як і цудоўнымі, жыццядайнымі кампаньёнамі дзецям, возьмем да прыкладу таго ж нядбайнага, дзівоснага Гэрбза Каўлі, якога выганяюць то з адной то з другой дробнай, паслужніцкай тэатральнай працы! Ці быў такі выпадак, каб лянотны Гэрбза Каўлі не выручыў сваіх сяброў? Ці ж ягоны гумар і жыццярадаснасць не лагодзяць і не падбадзёрваюць падарожных, што спатыкаюцца з ім? Няўжо Джон Баньян думае, што Усявышні мае больш як дзіўнае, прадузятае стаўленне да такіх рэчаў, каб прымаць іх пад вельмі зычлівую ўвагу ў Судны дзень, які, на мой прагрэсіўны погляд, досыць рэгулярна бывае ў людзей? Перачытваючы Джона Баньяна нанова, я маю намер аддаць натуральнаму, прывабнаму генію гэтага мастака большую даніну прызнання і любасці, але, баюся, ягонае светаадчуванне будзе для мяне заўсёдным бяльмом на воку. Ён занадта, страшэнна суровы для мяне. Вось дзе прыходзіць на помач грунтоўнае, асабістае перачытванне кранальнай, цуднай Святой Бібліі, якая шчыра аберагае наш здаровы розум у чорную пару, непараўнальны Ісус Хрыстос, шчыра радзячы наступнае. “Дык вось, будзь дасканалы, як твой Айцец, які на небе, ёсць дасканалы”. Абсалютна правільна; я не знаходжу тут нічога няслушнага, зусім наадварот; аднак, Джон Баньян, хрышчоны ваяр Хрыстовай царквы, несумненна, думае, відаць, што высакародны Ісус Хрыстос казаў наступнае: "Дык вось, будзь беззаганны, як твой Айцец, які на небе, ёсць беззаганны!” Святы Божа, такой недакладнасці свет не бачыў! Ці ж нехта нешта казаў пра беззаганнасць? Дасканаласць — зусім іншае слова, шляхетна пакінутае дзеля дабра чалавечай істоты вісець велічна, як сцяг, на працягу стагоддзяў! Гэта тое, што я называю хвалюючым, разумным дрэйфам або адхіленнем ад курсу. Мой Божа, я шчыра ўхваляю невялікі дрэйф, бо інакш гэтая праклятая гульня скончана! На шчасце, мой асабісты прагрэсіўны погляд, які грунтуецца на сумнеўнай інфармацыі ненадзейнага мозгу, такі, што гульня ніколі не бывае праклятая і ніколі не заканчваецца, калі здаецца неймаверна праўдзівым якраз супрацьлеглае, папросту трэба ізноў сабрацца са сваімі тытанічнымі сіламі і перагледзець пытанне, магчыма, па горла ва ўласнай крыві ці ў падманлівай, невуцкай тузе, не шкадуючы ладнага, прыстойнага кавалка часу, прыгадаць, што нават дасканаласць нашага велічнага Бога пагаджаецца з кранальнай колькасцю прыкрых дрэйфаў, возьмем хоць бы голад, заўчасны, як нам падаецца, скон, малых дзяцей, гожых кабет і спадарынь, доблесных, непахісных мужчын ды незлічонае мноства іншых ашаламляльных з пункту гледжання чалавечага розуму неадпаведнасцей. Зрэшты, калі я працягвацьму ў такім плане, дык, бадай, цвёрда адмоўлюся ўшанаваць гэтым летам несмяротнага пісьменніка Джона Баньяна добрасумленным паўторным чытаннем. Без затрымкі пераходжу да наступнага ў гэтым бязладным спісе аўтара:

Уоік Дзіпін; яго не надта абнадзейліва, але настойліва рэкамендаваў мне якісьці вельмі сімпатычны чалавек у цэнтральнай бібліятэцы. Нягледзячы на тое, што наступствы часта бываюць проста жахлівыя, я абсалютна і, пэўна, нязменна супраць ігнаравання кніг, што ад сэрца рэкамендуюць дужа прывабныя знаёмцы і незнаёмцы; гэта занадта рызыкоўна і не па-людску; апроч таго, наступствы часта прыкрыя на даволі файны лад.

Сёстры Брантэ зноў; непаўторныя дзяўчаты! Прашу цябе мець на ўвазе, што Бады ўжо дачытаў да сярэдзіны “Вільет”, лёгкую, займальную кніжку, калі прыйшла пара збірацца ў лагер; гэты ўвішны чытач, як ты выдатна ведаеш, не пераносіць ніякіх пярэрваў, апроч цалкам непазбежных! Тут можна прыгадаць і тое, што ягоная пачуццёвасць вельмі рана прачынаецца; дужа няпроста саўладаць з фізічнай хэнцю да гэтых асуджаных конам дзяўчат. Праўда, сам я ў мінулым ніколі не адчуваў да Шарлоты якой-небудзь пажадлівасці; аднак зараз, у рэтраспектыве, ейныя жаночыя вартасці паўстаюць у надзіва прывабным святле.