Выбрать главу
Тэзей

Афінскі цар Эгей не меў дзяцей. Два разы быў ён жанаты, але жонкі не нарадзілі яму ні сына, ні дачкі. І таму ён вельмі бедаваў. Ён хацеў ведаць, няўжо яму суджана застацца бяздзетным, і спытаў пра гэта ў аракула-прадказальніка. Аракул адказаў так загадкава, што Эгей не мог зразумець яго.

У гэты час у Аргалідзе, у горадзе Тразенах, жыў стары мудры Пітфей. Эгей выправіўся да яго ў Тразены - папрасіць яго разгадаць адказ аракула. Пітфей растлумачыў прадказанне: у Эгея будзе сын, якому суджана стаць вялікім героем.

Эгей узрадаваўся і, каб хутчэй збылося прадказанне, ажаніўся трэці раз - з дачкой Пітфея - і пачаў чакаць абяцанага сына.

Але тут з Афін прыйшла вестка, што ворагі, скарыстаўшы адсутнасць цара, намагаюцца захапіць уладу ў горадзе. Эгей вымушаны быў вярнуцца ў Афіны. Але Пітфей не адпусціў сваю дачку з мужам: старому цару хацелася, каб герой, якога пасылае лёс, нарадзіўся ў Тразенах і сваім нараджэннем праславіў горад.

Перш чым пакінуць Тразены, Эгей закапаў у царскім садзе пад вялікім каменем свой меч і сандалі і сказаў жонцы:

- Калі мой сын стане такі вялікі і дужы, што зможа зрушыць гэты камень і дастане мой меч і сандалі, няхай ён прыйдзе да мяне ў Афіны: па гэтым мячы і сандалях я пазнаю яго.

Эгей вярнуўся ў Афіны, а ў яго жонкі неўзабаве нарадзіўся хлопчык - яго назвалі Тэзеем. Тэзей рос у палацы Пітфея, і стары цар вучыў яго ўсяму, што павінен ведаць і ўмець чалавек, якога чакаюць у жыцці вандраванні, бітвы і подзвігі воіна.

Калі Тэзею споўнілася шаснаццаць гадоў, маці павяла яго ў сад, паказала яму камень і сказала:

- Вось тут, пад гэтым каменем, ляжыць падарунак, які пакінуў табе твой бацька. Адсунь камень і дастань тое, што пад ім закапана.

Юнак дужымі рукамі моцна абхапіў камень, адсунуў яго ўбок і знайшоў у зямлі меч і сандалі. Тады маці сказала яму, хто яго бацька, падперазала сына бацькавым мячом, надзела яму на ногі бацькавы сандалі і сказала, што па гэтым мячы і сандалях бацька пазнае яго.

Тэзей захацеў хутчэй убачыць свайго бацьку, і ў той жа дзень развітаўся з маці і дзедам і падаўся ў Афіны. Маці ўгаворвала яго сесці на карабель і дабрацца да Афін марскім шляхам - гэта было больш надзейна, чым ісці праз лясы і цераз горы, дзе вяліся драпежныя звяры і ліхія разбойнікі падпільноўвалі падарожнікаў.

Але Тэзей прагнуў подзвігаў і славы і пайшоў простаю дарогаю.

Смела мінуў ён межы дзедавых земляў і ўвайшоў у чужыя горы. Прайшоў трохі і сустрэў кульгавага велікана, які чыкільгаў па дарозе, абапіраючыся на тоўстую жалезную булаву, якая са звонам стукалася аб прыдарожныя камяні.

Убачыўшы Тэзея, велікан закрычаў сярдзіта:

- Гэй, падарожнік, вяртайся назад!

Тэзей здзівіўся і спытаў, чаму ён павінен вяртацца, калі яму трэба ісці ўперад.

Велікан узняў над галавою сваю булаву і зароў:

- Вяртайся туды, адкуль прыйшоў, і скажы ўсім, што я, Перыфет, нікому не дазваляю тут хадзіць! Клянуся гэтай булавою, якую выкаваў мне мой заступнік - бог Гефест, - ты не ступіш ні кроку далей.

Ён гаварыў гэта і размахваў сваёю жалезнай булавою так, што вецер свістаў вакол і камяні разляталіся на ўсе бакі.

Замест таго каб павярнуцца і ўцякаць, Тэзей кінуўся насустрач велікану і сутыкнуўся з ім так хутка, што Перыфет не паспеў стукнуць юнака, а Тэзей ужо абхапіў яго рукамі за пояс і моцна сціснуў. Ад нечаканасці Перыфет выпусціў з рук сваю булаву і нагнуўся, каб падняць яе. Тэзей тут жа збіў кульгавага з ног і ўсадзіў яму ў грудзі бацькаў меч. Потым ён сцягнуў цела велікана з дарогі, падняў яго булаву і пайшоў далей, радуючыся сваёй першай перамозе.

Але гэта быў толькі пачатак яго выпрабаванняў.

На Істме, ідучы праз густы і цёмны хваёвы лес, юнак пачуў, як драпежныя птушкі з крыкам біліся ў вяршалінах соснаў, нібыта дзялілі нейкую крывавую здабычу. Раптам люты велікан Сініс напаў на Тэзея ззаду, збіў з ног, звязаў і павалок у лясныя нетры.

- Бачыш вунь тыя дзве высокія сасны, верхавіны якіх глядзяць у неба? - сказаў велікан Тэзею. - Я сагну іх уніз, да самай зямлі, прывяжу цябе да іх за рукі, за ногі - і адпушчу. Так раблю я з тымі, хто прыходзіць у мой лес, нездарма мяне завуць Згінальнік Соснаў!

Сказаўшы гэта, велікан ухапіў за макаўкі дзве бліжэйшыя сасны і пачаў прыгінаць іх да зямлі, не звяртаючы ўвагі на свайго палоннага.

Тэзей зубамі выцягнуў бацькаў меч з ножнаў, перарэзаў вяроўкі на руках і нагах, ціхенька падкраўся і стаў за спіною велікана разбойніка. Як толькі верхавіны соснаў паслухмяна дакрануліся да зямлі і велікан наступіў на іх нагамі, Тэзей моцна схапіў яго за рукі, аблытаў іх вяроўкамі, прывязаў да галін і, адступіўшы, пусціў сосны на волю. Са страшэннай сілай выпрасталіся высокія дрэвы і разарвалі Згінальніка Соснаў напалам.