Выбрать главу

І Аід загадаў, каб Эўрыдыка ішла следам за Арфеем.

Шпарка пакрочыў Арфей да выхада з царства мёртвых. Нібы дух, мінуў ён краіну Смерці, і цень Эўрыдыкі ішоў за ім. Яны селі ў лодку Харона, і ён моўчкі перавёз іх зноў на бераг жыцця. Крутая камяністая сцяжынка вяла ўгору, на зямлю.

Павольна падымаўся па ёй Арфей. Цёмна і ціха было вакол і ціха было ў яго за спіной, быццам ніхто і не ішоў за ім. Толькі сэрца яго стукала: «Эўрыдыка! Эўрыдыка!»

Нарэшце наперадзе пачало святлець, выхад на зямлю быў ужо блізка. І чым бліжэй быў выхад, тым святлей рабілася наперадзе, і вось ужо ўсё стала добра відаць навокал.

Трывога сціснула сэрца Арфея: ці тут Эўрыдыка? Ці ідзе за ім? Забыўшы пра ўсё на свеце, Арфей спыніўся і азірнуўся.

- Дзе ты, Эўрыдыка? Дай зірнуць на цябе!

На імгненне, зусім блізка, ён убачыў мілы цень, дарагі, прыгожы твар... Але толькі на імгненне. Адразу ж цень Эўрыдыкі адляцеў, знік, растаў у цемры.

- Эўрыдыка?!

З роспачным крыкам пачаў Арфей спускацца назад па сцяжынцы і зноў прыйшоў на бераг чорнага Сцікса і клікаў перавозчыка. Але дарэмна ён прасіў і клікаў: ніхто не адазваўся на яго просьбы. Доўга сядзеў Арфей на беразе Сцікса адзін і чакаў. Ён не дачакаўся нікога.

Давялося яму вярнуцца на зямлю і жыць. Але ён не мог забыць сваю адзіную каханую - Эўрыдыку, і памяць пра яе жыла ў яго сэрцы і ў яго песнях.

Геракл
Нараджэнне героя

Калі надышоў час нарадзіцца Гераклу, багі на Алімпе балявалі. Уладар свету Зеўс абвясціў багам, што ў гэты час на зямлі сярод людзей народзцца найвялікшы герой, які будзе адораны магутнай сілай, здзейсніць вялікія подзвігі і праславіцца на ўсе часы.

- Ён будзе маім любімым сынам, я дам яму ўладу над усёй Грэцыяй, і іншыя героі будуць служыць яму, - сказаў Зеўс.

Гера, жонка Зеўса, пакрыўдзілася, што такую сілу і славу Зеўс хоча даць сыну звычайнай жанчыны. Адразу ж у яе ўзнік хітры план. Яна сказала Зеўсу:

- Пакляніся, што той, хто першы народзіцца ў гэтую часіну, атрымае ўладу над усёй Грэцыяй і астатнія героі павінны будуць служыць яму!

Калі б Зеўс зірнуў у гэты момант на багіню, ён зразумеў бы, што яна задумала нядобрае, бо ні ў кога на зямлі і на небе не магло быць таямніц ад уладара свету ні ў справах, ні ў думках. Але ў гэтую хвіліну Ата, багіня падману, адцягнула яго ўвагу, і Зеўс не прыкмеціў хітрасці Геры. Ён падняў сваю залатую чашу і сказаў:

- Клянуся! Так будзе!

Дзве жанчыны на зямлі чакалі ў той час дзіцяці: у Фівах царыца Алкмена, якую Зеўс выбраў у маці вялікаму герою, і ў Мікенах аргоская царыца. Тады Гера сваёй уладай затрымала нараджэнне аднаго і паскорыла з'яўленне другога. І вось спачатку нарадзіўся на свет з жаласным плачам кволы і слабы аргоскі царэвіч Еўрысфей, а пасля яго ўжо сын Алкмены. Як толькі нарадзіўся Еўрысфей, Гера сказала Зеўсу:

- Радуйся, Грамавержац: толькі што на зямлі нарадзіўся той, каго ты абяцаў зрабіць гаспадаром усёй Грэцыі!

Зеўс зразумеў, што Гера змахлявала. Твар яго пацямнеў ад гневу. Усе змоўклі, са страхам чакаючы гразы.

Тады Грамавержац накінуўся на багіню падману Ату. Ён скінуў яе з Алімпа на зямлю і назаўсёды забараніў з'яўляцца сярод багоў у яго светлым нябесным доме. З таго часу багіня падману жыве сярод людзей на зямлі і сваімі злоснымі выдумкамі сее варожасць паміж імі.

Потым уладар свету звярнуўся да Геры і сказаў ёй:

- Я ведаю, цяпер ты будзеш праследаваць сына Алкмены, рабіць усё, каб ён трапіў у небяспеку. Але ён вытрымае ўсе выпрабаванні, пераадолее ўсе перашкоды, а твае намаганні перашкодзіць яму толькі павялічаць яго славу. Ён здзейсніць подзвігі, якіх да яго не здзяйсняў ніхто, і даб'ецца шмат слаўных перамог. А калі ён закончыць свае зямныя справы, я падыму яго на Алімп, і ты сама прымеш яго ў круг бессмяротных. І няхай будзе імя яму Геракл, што азначае «праслаўлены Герай».

Гера хоча загубіць Геракла

Амфітрыён, цар Фіў, вярнуўся з паходу і адпачываў пасля ваенных бітваў. Востры меч яго мірна вісеў на сцяне над ложкам. А ў глыбокім шчыце яго, нібы ў калысцы, спалі Іфікл і Геракл, два маленькія сыны Алкмены. Яна заслала шчыт кучаравай шаўкавістай шкурай белага барана, каб дзецям было мякка спаць.

Была цёплая ціхая ноч, і месяц свяціў у прачыненыя дзверы. Усе ў палацы спалі - і цар, і царыца, і служанкі, і воіны цара.

Апоўначы пачуўся шоргат на каменных плітах тэрасы, і ў спальню з саду ціха ўпаўзлі дзве змяі, - ліхія пасланніцы багіні Геры. Яны прапаўзлі міма пасцелі царыцы і гайданулі шчыт, у якім спалі дзеці. Круглыя змяіныя галовы ўзняліся над краем шчыта, змяіныя вочы загарэліся, увесь пакой напоўніўся зеленаватым святлом. З лёгкім свістам пагойдваліся змеі над дзецьмі, высунуўшы доўгія чорныя языкі.