Выбрать главу

- Чуеш? - сказала Гераклу, смеючыся, красуня. - Пайдзі за ёю, і ты не спазнаеш радасці, не будзеш мець ні спакою, ні адпачынку.

- Адпачываць добра пасля работы, - запярэчыла першая жанчына, - спакой чалавеку дае спакойнае сумленне. А самая вялікая радасць для героя - ведаць, што ты зрабіў штосьці добрае і не дарэмна жыў на зямлі. Паслухайся мяне, дружа! Сёння свята, заўтра баль - і душа чалавека апусташаецца, нудота завалодвае домам. Калі многа яды, прападае жаданне есці, ад лішняга сну чалавек робіцца слабым і вялым. Незайздросны лёс чалавека, які ўсё жыццё толькі госць на чужым банкеце. Калі-небудзь скончыцца баль, слугі прагоняць тых, што заседзеліся, і ён застанецца адзін на бязлюднай вуліцы. Каму ён будзе патрэбны, хто паклапоціцца пра яго? Толькі той, хто папрацаваў у маладыя гады, заслужыць пашану і бесклапотную старасць. У бітвах, у паходах, у далёкіх дарогах, у адзінаборстве са страшыдламі, у бітвах з ворагамі шчасце героя!

Пры гэтых словах твар жанчыны засвяціўся незвычайным святлом, і Геракл, пакінуўшы красуню, усклікнуў:

- Багіня, я іду за табою!

У тое ж імгненне зніклі з вачэй абедзве жанчыны, нават слядоў не засталося на пыльнай дарозе, быццам усё гэта прымроілася Гераклу. Але цяпер ён весела і рашуча заспяшаўся дадому - ён ведаў, што яму рабіць.

- Я іду ў Мікены, - сказаў ён раніцай родным і сябрам. - Я павінен выканаць волю багоў і здзейсніць дванаццаць подзвігаў, якія патрабуе ад мяне Еўрысфей.

Ніхто не асмеліўся яго адгаворваць, а самы блізкі яго сябар, Іалай, падахвоціўся ісці з ім.

Геракл зрабіў сабе лук і стрэлы, выламаў у лесе моцную дубінку і падаўся да цара Еўрысфея.

Першы подзвіг. Геракл забівае Нямейскага льва

Ужо даўно жыхары Нямеі скардзіліся, што нельга пасвіць жывёлу на лугах каля лесу, што ў лесе ні прайсці ні праехаць і нават у дамах нельга спаць спакойна: вялізны леў жыў у Нямейскім лесе, і кожны дзень то авечка з чарады, то дзіця, то мірны падарожнік з дарогі знікалі бясследна.

Нават смелы воін з мячом і шчытом не выходзіў жывым з Нямейскага лесу, таму што зброя была бяссільная супраць лютага льва - ні кап'ё, ні стрэлы не маглі прабіць яго шкуру, і нават востры меч не мог пашкодзіць яму.

- Гора нам! - гаварылі нямейскія сяляне. - Хутка ўвесь наш край будзе спустошаны.

Багіня Гера, заступніца цара Еўрысфея, навучыла яго, каб ён загадаў Гераклу забіць Нямейскага льва.

Геракл прыйшоў у Нямею і пачаў распытваць людзей, што жылі каля лесу, ці далёка логава льва і як яго знайсці.

Але ніхто не хацеў паказаць яму дарогу, ніхто не адважваўся ісці разам з ім.

- Леў сам знойдзе цябе, варта табе толькі зайсці ў лес, - гаварылі людзі і з жалем пазіралі на маладога героя - яны не верылі, што ён зможа перамагчы страшнага звера.

Геракл адзін падаўся ў лес. Высокія дрэвы абступілі яго з усіх бакоў і здзіўлена гайдалі вяршалінамі, кусты чапляліся за яго, каб затрымаць, птушкі крычалі, каб напалохаць яго, але ён ішоў уперад і шукаў на зямлі сляды звера.

Ішоў ён нядоўга і раптам пачуў непадалёку глухі рык ільва і пайшоў проста на яго. Леў таксама пачуў ворага і зароў так, што ўвесь лес задрыжаў. Леў зрабіў некалькі скачкоў і апынуўся перад Гераклам. Велічна спыніўся ён насупраць героя, злосна зіркаючы вачыма, б'ючы сябе хвастом па баках і дзіка равучы. Геракл не разгубіўся, хутка падняў лук і пусціў стралу проста ў вока льву. Леў злосна матнуў галавой і лапай змахнуў стралу, нібы саломінку. Потым прысеў, як кот, і скочыў, узняўшы лапу, каб раздушыць смельчака. Геракл ухіліўся і цяжкай дубінкай з усяе сілы стукнуў ільва па калматай галаве. Але дубінка адскочыла, не зрабіўшы нават драпіны льву, і выпала з рук Геракла. Леў зноў паматаў галавой, працягла і моцна пазяхнуў і раптам, нібыта яму ўсё абрыдла, павярнуўся, пабег назад у глыб лесу і знік.

Геракл пайшоў за ім.

Неўзабаве ён убачыў уваход у пячору. Геракл кінуў лук і стрэлы і зайшоў у пячору. Там было цёмна, і Геракл вобмацкам прабіраўся наперад. Раптам леў скочыў яму на грудзі і хацеў разарваць яго, але Геракл схапіў звера аберуч за горла, сціснуў яго шыю, быццам жалезнымі абцугамі, і задушыў.

Леў быў такі вялікі і цяжкі, што Геракл не мог падняць яго.

Тады ён злупіў з ільва шкуру разам з галавою, надзеў яе на сябе і пайшоў у Мікены.

Людзі з крыкам разбягаліся, убачыўшы Геракла з ільвінай галавою на плячах. Сам цар Еўрысфей схаваўся ад яго ў далёкі куток палаца.